("Беларускія Ведамасьці")
Часопіс "Беларускія Ведамасьці" я выдаваў з 1996 па 2013 гады. Першы нумар на польскай мове на 4-х старонках А-4 мы выдалі разам з Сяргеем Навумчыкам у Варшаве. Потым Сяргей ад’ехаў у Прагу, і "Беларускія Ведамасьці" мы выдавалі з Галінай Палачанінай-Пазьняк, маёй жонкай. З часопісам супрацоўнічалі, пісалі матэрыялы, давалі інфармацыю сябры БНФ і потым -- КХП БНФ, найперш Валеры Буйвал, Лявон Вабішчэвіч, Яўген Шатохін і іншыя. Спачатку часопіс выдаваўся па-польску і па-беларуску. Потым, зь пятага нумара, -- толькі па-беларуску.
Першыя гады друк дапамагала рабіць і аплочваць рэдакцыя польскага часопіса "Новэ Паньство". Потым часопіс выдаваўся на нашыя з жонкай уласныя сродкі і на зборы сярод беларусаў замежжа. Тыраж часопіса -- 1000-1500 экзэмпляраў.
Была наладжана схаваная сістэма дастаўкі часопіса ў Беларусь. Але ўсе гады ішло паляваньне антыбеларускага рэжыму на гэты часопіс. Некалькі разоў тыраж канфіскоўвалі цалкам і нам прыходзілася яго друкаваць паўторна. Але рэжым ніяк ня мог раскрыць сістэму перавозкі часопіса і маіх кніг у Беларусь. Часам наш мікрааўтобусік раскручвалі цалкам, здымалі абшыўку, сядзеньні, падлогу -- і нічога не знаходзілі. Тады рэжым набыў за мяжой спэцыяльную тэхніку, якая прасьвечвала машыну цалкам. Пасьля гэтага мы сталі выкарыстоўваць іншыя сістэмы перавозак. Яны былі менш выдайнымі і дзейнічалі спарадычна. Нарэшце, рэжым увёў дзікае (інакш не назавеш) заканадаўства аб "экстрэмісцкай літаратуры". Пад гэтую графу падыйшлі ўсе мае кнігі. Некаторыя (скажам, пра Народны Мэмарыял Курапаты ці "Добрая фатаграфія") аб’яўлены "экстрэмісцкімі" па суду (судзілі літаратуру, значыцца). Перавозіць беларускія кнігі і часопісы ў Беларусь стала проста немагчыма. У 2013 годзе выданьне часопіса "Беларускія Ведамасьці" прышлося спыніць на 70-м нумары. (Сеціўнай вэрсіі не было з прычыны дачаснасьці гэтага спосаба. Некаторыя нумары, праўда, ёсьць на "Беларускай Салідарнасьці".)
Па ацэнках беларусаў у Амэрыцы, "Беларускія Ведамасьці" па тэматыцы і накірунку -- гэта адзіны беларускі адраджэнскі часопіс за пэрыяд "цёмнага часу" лукашызму. Найбольш ацэнена тут "Хроніка парушэньняў правоў беларусаў", якая друкавалася з нумара ў нумар на працягу доўгага часу.
Вокладкі часопіса мы часта рабілі як плякаты на актуальныя альбо нацыянальна важныя тэмы, а таксама на тэмы па ідэалёгіі асноўных каштоўнасьцяў нацыі і грамадзкіх задач. Часопіс ужо стаў архівам змаганьня ў "цяжкім часе".
27 чэрвеня 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК