Адносіны людзей да рэжыму Лукашэнкі зьмяняюцца. 25 гадоў, праводзячы палітыку нянавісьці, Лукашэнка палітычна паразітаваў на расколе Беларускай нацыі, які пашыраў і пастаянна насаджаў з дапамогай Масквы. (У гэтым, дарэчы, асноўны адказ на пытаньне, якім чынам малаадукаванаму псіхічна хвораму хаму і беларусафобу ўдалося 25 гадоў трымацца ва ўладзе і адкрыта нішчыць праявы нацыянальнага жыцьця і культуры беларусаў.) Тут штучна створаны і палітычна падтрымліваецца антынацыянальны раскол грамадзтва, які (паўтаруся) ўзбуджаецца не на розных інтарэсах (рэальныя інтарэсы агульныя), а на ілжы і прапагандысцкай нянавісьці.
І вось цяпер ў час эпідэміі "Ковід-19", нянавісьць гэтага паўвар’ята ва ўладзе абрынулася на ўвесь народ (і на ненавісных "сьвядомых", і на несьвядомых "са знакам якасьці"). Асацыяльны каранавірус, якога узурпатар рашыў не прызнаваць дзеля ўлады і выбараў, стаў прычынай такой парадыгмы.
Цяпер шмат хто ўбачыў і зразумеў, што хваравітая воля Лукашэнкі сьведама накіравана на заражэньне ўсіх беларусаў каранавірусам Ковід-19, на стварэньне нацыянальнай біялагічнай катастрофы, на зьнішчэньне беларускага народа і на стварэньне жорсткіх умоваў, дзеля гарантаванага праходу ва ўладу на чарговых псэўдавыбарах прэзыдэнта, якія прызначаныя ў час пандэміі.
Баланс згоды з ўзурпатарам у грамадзтве паступова ператвараецца ў непрыняцьце ягонай асобы і ўлады. Гэты працэс яшчэ затарможаны, але ён ёсьць. Тым часам Лукашэнка ўсё паставіў на сваю чарговую маніпулятыўную "перамогу" ў выбарах. Магчыма яму тое зноў удасца любым спосабам. Але пасьля гэтых псэўдавыбараў і па логіцы, і па псіхалогіі, пасьля тысячаў ахвяраў эпідэміі мусіў бы пачацца грамадзкі момант ісьціны. Нічога не сцьвярджаю наперад, разглядаю толькі сітуацыю.
Самае дрэннае, што тады (пасьля псэўдавыбараў) ужо будзе запозна, памруць тысячы беларусаў. Вырашаць праблему трэба было пазаўчора, аднак ня вырашана яна сёньня.
Масавы арганізаваны супраціў грамадзтва, які прывёў бы да зьмены ўлады, у час пандэміі, практычна, немагчымы. Арышт пандэмічнага забойцы людзей таксама нерэальны, бо намэнклятурная сістэма рэжыму (вертыкаль) у гэтым не зацікаўлена, статус незалежных ад народу чыноўнікаў іх задавальняе. Назіраецца тупік і параліч волі. Грамадзтву прапануюць назіраць, як будуць масава паміраць блізкія людзі, і слухаць сіплае галёканьне вар’ята.
Тое, што адбываецца, гэта генацыд народа з выкарастаньнем эпідэміі. Гэта вайна супраць нацыі, гэта забойства людзей. Прычына -- адзін хворы на ўладу чалавек -- Лукашэнка. Ад аднаго вар’ята стала рэальна залежыць здароўе і сьмерць людзей у краіне. Усё больш і больш беларусаў паміраюць штодзень. Законныя і грамадзкія механізмы пазбаўленьня ад Лукашэнкі ня дзейнічаюць. Адначасна насіляюцца рэпрэсіі. Што рабіць?
Становішча падобнае, як было з Саддамам Хусэйнам. Народ мае права абараніць сваё жыцьцё перад забойцам любым спосабам. У крымінальным заканадаўстве такое права прадугледжана адносна асобнага чалавека, калі ў межах самаабароны ён зьнішчае забойцу. Грамадзкія дачыненьні больш складаныя, але сітуацыя ў Беларусі аналагічная. Аб’ектыўна забойца людзей павінен зьнікнуць з вяршыні ўлады.
Тое пра што я тут кажу, толькі неабходныя магчымасьці абароны жыцьця людзей у стане безвыходнасьці. Рэальна беларусам прапануюць глядзець на сваё паміраньне.
Але ёсьць яшчэ спосаб выжываньня -- гэта грамадзкая самаарганізацыя і народная ўзаемадапамога ў бядзе. Надзея, што наш народ ў гэтых страшных абставінах уратуе сам сябе. Бяда спатыкала беларусаў ня раз і народ ратаваўся. Трэба і цяпер скарыстаць усе магчымасьці выжываньня, бо спадзяваньня на антынародную ўладу няма, Яна будзе толькі перашкаджаць. Ня трэба хадзіць на яе фальшывыя выбары, каб не дапамагаць аферыстам. Захаваўшы жыцьцё людзей можна будзе разьлічыцца з гэтай уладай спаўна. Такі час настане.
17 травень 2020 г. Зянон Пазьняк