НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Стварэньне і значэньне Беларускага Народнага Фронту ў гісторыі Беларусі

Стварэньне і значэньне Беларускага Народнага Фронту  ў гісторыі Беларусі

(Да 25-годдзя ўтварэньня)

 

            Беларускі Народны Фронт – гэта народны рух і палітычная арганізацыя адначасна, якая змагалася ў Беларусі з камунізмам за дэмакратыю і незалежнасьць краіны. Аргкамітэт Фронту быў утвораны 19 кастрычніка 1988 года. 23-24 чэрвеня 1989 года ў Вільні адбыўся Першы ўстаноўчы Зьезд БНФ. 25 жніўня 1991 года Народны Фронт дамогся рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і спыніў дзейнасьць КПСС-КПБ. Упершыню за 200 гадоў расейскай акупацыі Беларусь рэальна стала незалежнай дзяржавай. Камунізм як палітычная сістэма і ідэалёгія быў ліквідаваны. Але ўся структура дзяржаўнай улады засталася ў руках старой камуністычнай, і што істотна – прамаскоўскай  каланіяльнай адміністрацыі. Гэта прадвызначыла далейшы ход падзей. Сілы былі несувымерныя, а грамадзкі ўздым пасьля фармальнай ліквідацыі КПСС пайшоў на спад.

            Сытуацыя вымагае тлумачэньня для сучаснага малаінфармаванага чалавека, чаму ў 1991 годзе пасьля краху КПСС у Эстоніі, Латвіі і Летуве ўладу лёгка перанялі нацыянальныя сілы, а ў Беларусі і на Ўкраіне засталіся старыя каланіяльныя ўлады.

            Адказ просты: таму што ў Прыбалтыйскіх савецкіх рэспубліках нацыянальныя сілы былі ва ўладзе пры камунізме, а ў Беларусі і на Ўкраіне – не.

            У савецкай Беларусі нацыянальная адміністрацыя была вынішчана ў выніку рэпрэсіяў яшчэ ў 30-х гадах, усе беларускія школы ў гарадах зачыненыя, нацыянальная ідэя аб’яўлена буржуазнай і антысавецкай, а беларуская мова ў публічным ужываньні – праявай антысавецкага нацыяналізму.

            У Беларусі не было нацыянал-камуністаў. На месца забітых прысылалі кадры з Расеі. Яны плюс кіроўныя партызаны НКВД, якія вайной вынішчалі беларусаў, а пасьля вайны перанялі ўсю ўладу ў Беларусі, стварылі тут атмасфэру нянавісьці да ўсяго беларускага. Уся камуністычна-савецкая адміністрацыя ў БССР была антынацыянальнай.

            Менавіта правячая камуністычная партыя БССР была першым і галоўным ворагам беларускай незалежнасьці, мовы і культуры. Менавіта зь мясцовай камуністычнай адміністрацыяй найперш змагаўся не на жыцьцё, а на сьмерць за незалежнасьць, дэмакратыю і суверэнітэт Беларусі Беларускі Народны Фронт.

            Кіруючыя камуністычныя партыі Прыбалтыйскіх савецкіх рэспублік не выступалі супраць суверэнітэту сваіх краінаў, далі магчымасьць вольна дзейнічаць Народным Франтам і шмат у чым нават спрыялі іхняе дзейнасьці. Незалежнасьць там не зьяўлялася унутраннай грамадзкай праблемай, а толькі пытаньнем часу.

            Для таго каб нацыя рэалізавалася цалкам як культурная і дзяржаўна-гістарычная агульнасьць людзей, патрэбны пэрыяд яе дзяржаўна-культурнага станаўленьня. Гэта ў сярэднім 20 гадоў – адно пакаленьне. Пэрыяд дзяржаўнага незалежнага станаўленьня мелі ўсе нацыі, якія стварыліся ў ХІХ-ХХ стагоддзях. 22 гады прыбалтыйскай нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасьці зрабілі гэтыя нацыі незьнішчальнымі. Сталінскія рэпрэсіі не падрэзалі іхняе нацыянальнае выжываньне, бо сьведамым быў ужо ня толькі нацыянальны авангард, але ўвесь народ, усё пакаленьне. Нацыянальнае прарастала натуральна нават у камуністычнай форме.

            Беларусь ня мела пэрыяду незалежна-дзяржаўнага нацыянальнага станаўленьня. БНР была задушана ў зародку. Пад савецкай акупацыяй вырасла пакаленьне няпомнячых і няведаючых. І вось у такіх умовах нешматлікая нацыянальная эліта – Беларускі Народны Фронт – распачала барацьбу з камунізмам за волю і незалежнасьць краіны.

            (У ацэнках зазначу, чаму я лічу Лукашэнку самым вялікім палітычным злачынцам у Беларускай гісторыі. Ён сьведама скалечыў маладосьць нацыі, сьведама ня даў ёй нацыянальна-культурна рэалізавацца ў дзяржаве, вырасьці,  стаць на ногі. Каб направіць калецтва, спатрэбіцца яшчэ мінімум адно пакаленьне ў вольнай нацыянальнай Беларусі, а ў рэчаіснасьці – два).

            Стварэньне і дзейнасьць Беларускага Народнага Фронту стала сапраўды ўнікальнай і адметнай старонкай у барацьбе за свабоду на ўсім абшары СССР.

            Нагадаю становішча. У 1980-х гадах Савецкі Саюз зайшоў у фінансавы і эканамічны тупік. Крах быў непазьбежны. Ратуючыся, камуністы аб’явілі пра перабудову сістэмы, зьмякчылі цэнзуру і абвясьцілі галоснасьць, магчымасьць людзям удзельнічаць у выбарах. Грамадзтва прышло ў рух. У 1988 годзе ў Эстоніі ў асяроддзі нацыянальнай камуністычнай і творчай інтэлігенцыі ўзьнікла ідэя стварэньня Народнага Фронту – руху за дэмакратыю, свабоду і суверэнітэт.

            Пасьля Эстоніі наступны Народны Фронт быў створаны ў Латвіі, потым у Летуве і, нарэшце, нечакана для Масквы і мясцовых камуністаў – у Беларусі.

            Усе сілы каланіяльна-камуністычнай сістэмы ў Беларусі былі кінутыя на недапушчэньне зьяўленьня Народнага Фронту. Кіраўнікі КПБ урачыста паабяцалі ў Маскве, што ў Беларусі Народнага Фронту ня будзе. Выношваліся нават планы стварыць свой “народны фронт” зь ліку камуністаў, каб забегчы наперад і скампрамэтаваць ідэю.

            Усё прышло ў рух пасьля адкрыцьця Курапатаў. Падзея перавярнула сьведамасьць грамадзтва, узьняла людзей да актыўнай пазыцыі. Беларускі народ засьведчыў, што ён духоўна жывы і яму не абыякавы лёс свайго мінулага і будучыні краіны.

            Адкрыцьцё Курапатаў паўздзейнічала на становішча ва ўсім СССР. У Курапатах  упершыню былі выяўлены рэальныя ўлікі генацыду беларускага народа, улікі, якія маглі стаць доказам у судзе над камунізмам. Камуністы ўспалашыліся, мабілізавалі свае сілы і… ўпершыню прайгралі. Нічога ім не дапамагло. Вымушаны былі прызнаць факт расстрэлаў нявінных людзей ворганамі НКВД. Гэта быў удар, ад якога КПСС ужо не паднялася, і першы цьвік у труну расейскага камунізму.

            Пасьля адкрыцьця Курапатаў ідэя Народнага Фронту вісела ў паветры. Але арганізаваць яго фармальна было вельмі цяжка. Камуністы і агентура, як кажуць, сядзелі ў кожнага на карку. Небясьпеку ўяўлялі таксама розныя актыўныя балбатуны, якія пачалі зьбірацца ў розныя клубы, кшталту “Современник” і выступаць па-руску пра дэмакратыю ды эканоміку, абмяркоўваючы прачытанае ды пачутае, ды шкадуючы, што няма ў Беларусі яшчэ народнага фронта. Калі б такая дэмакратычна-касмапалітычная тусоўка выскачыла б, раптам, з заявай пра стварэньне народнага фронту, то ідэя была б спрафанаваная, а грамадзтва дэзарыентаванае.

            Народны Фронт  (як паказалі падзеі ў Прыбалтыцы) – гэта перш за ўсё нацыянальна-дэмакратычны рух за суверэнітэт і незалежнасьць краіны. Толькі на нацыянальнай ідэі можна было аб’яднаць нацыю на змаганьне за ідэалы свабоды і незалежнасьці. Любая прафанацыя (асабліва ў беларускіх умовах) магла б фатальна пашкодзіць справе.

            Усё гэта змусіла прысьпешваць працу. Летам 1988 года ў Менску пад уплывам адкрыцьця Курапатаў была створана арганізацыйная група “Камітэт 58”, якая пачала рыхтаваць дакуманты і канфэрэнцыю па стварэньні арганізацыі “Мартыралог Беларусі”. Тут рыхтаваўся той траянскі конь, на якім можна было ўехаць у Беларускі Народны Фронт. У “Камітэце 58”, аднак, пра гэта ня ведаў ніхто. Інакш ідэя магла б не ажыцьцявіцца.

            У кастрычніку мы (арганізацыйная група «Камітэту-58) рэзка прысьпешылі скліканьне ўстаноўчай канфэрэнцыі Мартыралога, бо была засьцярога, каб камуністы не скарысталі маргінальных дэмакратаў і не справакавалі прафанацыі ідэі Фронту.

            Камуністы былі супраць арганізацыі Мартыралога. Нас падтрымаў Саюз Кінематаграфістаў і дазволіў правесьці канфэрэнцыю ў Доме Кіно (будынак касьцёла сьвятых Сымона і Алены, так званы “Чырвоны Касьцёл”). На сход мы запрасілі прадстаўнікоў Менгарсавета, Пракуратуры БССР, Міністэрства Ўнутраных Справаў і іншыя ўлады. Усе яны прышлі, каб даць нам бой. І далі бой, але прайгралі, бо нас было больш. Людзі зьехаліся з усёй Беларусі і прагаласавалі за Мартыралог.

            І тут камуністычныя ўлады трапілі ў фатальную пастку, што выклікала потым паніку ў шэрагах іхняга начальства. Пасьля таго, як мяне абралі на старшыню Мартыралога, я паставіў пытаньне аб стварэньні Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту і аб ператварэньні дэлегатаў канфэрэнцыі ў арганізацыйны сход па стварэньні БНФ. Заля ўзарвалася ад воплескаў і грому энтузіязма. Прытым кожны меў права галасаваць (у тым ліку і запрошаныя камуністычныя начальнікі). Трэба было бачыць іхнія фізіяноміі. Яны ў большасьці не галасавалі, альбо галасавалі супраць і такім чынам супраць волі ўдзельнічалі ў стварэньні БНФ. Начальства і агентуры было больш за сто асобаў. Але гэта менш 1/3 дэлегатаў, і камуністы не маглі ўжо сарваць стварэньне БНФ, а іхны ўдзел засьведчыў унікальны дэмакратызм сходу, калі ў стварэньні Фронту вымушана прынялі ўдзел нават яго ворагі (паўтаруся, хоць і супраць сваёй волі).

            Праз два тыдні, 30-га кастрычніка 1988 года, у час масавага сьвяткаваньня “Дзядоў”, камуністы вырашылі адпомсьціць Фронту за ганьбу і рагромнае паражэньне. Рыхтавалі крывавую лазьню кшталту Алма-Аты 1986 года з задумкай зваліць віну на Фронт і, абазваўшы ўсіх фронтаўцаў фашыстамі, расправіцца і разграміць народны рух. Тады ўпершыню ўлады выкарысталі сьлезацечны газ, зьбілі шмат людзей. Але мы разгадалі злавесную задумку камуністаў. Пра гэта намі было гучна аб’яўлена з просьбай не паддавацца на правакацыю. І ніхто не паддаўся. Творчая інтэлігенцыя пасьля гэтых падзей адвярнулася ад камуністаў. Правакацыя ганеба правалілася, а водгульле яе пракацілася па ўсім СССР і мела вырашальнае значэньне для далейшых падзей у Савецкім Саюзе.

            30-га кастрычніка 1988 года Беларускі Народны Фронт засьведчыў для ўсёй савецкай імпэрыі, што грубую камуністычную сілу можна перамагчы розумам і вытрымкай. Гэтая маральна-палітычная перамога БНФ была вызначальнай. Фронт стаў пашырацца па ўсёй Беларусі хуткімі крокамі.

            Калі б жа беларусы не зразумелі тады планаў правакатараў і ўвязаліся ў бойку (унутраным войскам, як потым высьветлілася, былі раздадзеныя баявыя патроны), то камуністы патапілі б Менск у крыві, і кроў палілася б па ўсёй савецкай імпэрыі.

            26 лютага 1990 года Беларускі Народны Фронт зноў паказаў прыклад змаганьня ўсяму Савецкаму Саюзу. На плошчы Незалежнасьці (тады – Леніна) БНФ сабраў масавы мітынг, больш за сто тысячаў людзей. На мітынгу было прынята рашэньне ісьці да будынка тэлебачаньня, браць будынак і выступіць у адкрытым эфіры з крытыкай камуністаў і зваротам да народу падтрымліваць Народны Фронт. Усё так і было зроблена спакойна, без штурханьня і зьняваг. Тэлебачаньне і ахова проста капітулявалі перад народам. 15 хвілін мы казалі ў эфір тое, што лічылі патрэбным казаць.

            Дзьве гадзіны пасьля нашага эфіру вісела на экране нерухомая застаўка. Потым яна адчынілася і на экране ўсе ўбачылі членаў бюро ЦК КПБ, сакратароў ЦК, міністраў і т.п. – усіх 11 асобаў, якія сядзелі з разгубленымі тварамі і мямлілі свой камуністычны “адлуп”.

            У гэтым жа годзе 7-га лістапада Беларускі Народны Фронт арганізаваў і правёў першую ў СССР масавую антыкамуністычную дэманстрацыю. Трыццаць-сорак тысячаў дэманстрантаў ішлі па праспэкту і скандавалі “Далоў камунізм”, а на плошчы Леніна скінулі пад ногі помніка галоўнаму злачынцу атрыбуты ленінскага камунізма.

            У камуністаў БССР пасьля гэтага была зацяжная гістэрыка, а ў маскоўскіх уладаў ціхі стаўбун. Камунізм трашчэў. Беларускі Народны Фронт быў на вастрыі змаганьня з камунізмам ва ўсім СССР.

            У Прыбалтыцы ў гэты час адбываліся масавыя акцыі Народных Франтоў за сувэрэнітэт без канфліктаў і сутыкненьняў, а ў Беларусі – пік антыкамуністычнай барацьбы. Тут кожны з нас разумеў, што не ліквідаваўшы антыбеларускі прарасейскі камунізм, аб незалежнасьці Беларусі ня можа быць і гаворкі. Камунізм і правячыя тут камуністы былі галоўнымі ворагамі незалежнасьці Беларусі.

            Беларускаму Народнаму Фронту ўдалося зрабіць у Беларусі амаль што немагчымае – ліквідаваць камунізм і дамагчыся незалежнасьці краіны. Таму я часта паўтараю, што палітыка – гэта ёсьць мастацтва немагчымага.

            Тыя надзвычаныя хвалюючыя дні змаганьня, асабліва, калі ў жніўні 1991-га мы дасягнулі Незалежнасьці, нібы сёньня стаяць у маіх вачах. І спадзяюся, у памяці маіх сяброў, якія яшчэ засталіся жыць. Кожны з нас тады адчуў і перажыў хвіліны незвычайнага шчасьця, якое ні з чым нельга параўнаць. І напэўна шмат хто з нас сабе падумаў, што дзеля гэтага, дзеля шчасьця дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі варта было жыць на сьвеце, якім бы цяжкім не сталася тое жыцьцё.

            Мінула 25 гадоў калі быў створаны Беларускі Народны Фронт і запаліўся агонь свабоды. Іскры гэтага агню гараць і сьвецяць па сёньняшні дзень. І настане новы дзень,  і прыдзе такі вызначальны час, калі з іскры Адраджэньня зноў узгарыцца полымя Волі і зашугае да неба. Набліжайма гэты дзень.

            Жыве Беларусь! Слава героям!

 

                                                                                                                             Зянон ПАЗЬНЯК

                                                                                                                                     Старшыня КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”

 

            19 кастрычніка 2013 года.

 

Дадаць у: