Воля, свабода... Словы амаль магічныя. Яны неяк па-асабліваму ўспрымаюцца. У мяне слова «свабода» выклікае ўяўленьне шырокага сьветлага прастору, дзе вее цёплы лагодны вецер. Несвабода асацыюецца зь нечым замкнутым, прыгнечаным і абмежаваным, без даляглядаў і пераменаў.
Праявы несвабоды я назіраў з самага раньняга дзяцінства, тады, калі пачалася савецкая калектывізацыя. Пад акупацыяй воля не існуе. Беларус быў бяспраўны. Расейцы зьдзекваліся з нашых сялянаў, як хацелі. Гэтыя карціны зьдзеку бальшавікоў над людзьмі мне і цяпер стаяць у вачах. Сам жа я непасрэдна сутыкнуўся з несвабодай ужо тады, калі асэнсоўваў свабоду як сваё і наша агульнае беларускае права (а не як нейкае маё хаценьне).
Памятаю, калі я яшчэ вучыўся ў 9-м клясе ў школе, прыйшоў да нас у керзавых ботах дырэктар-расеяц і сказаў, што з наступнага дня ён будзе выкладаць у нас гісторыю па-руску, дык каб мы яму і адказвалі па-руску.
Тады мы цэлым клясам пастанавілі, што па-руску яму адказваць ня будзем. Кірзач ставіў нам усім за гэта «калы» і «двойкі». Праз нейкі час я ад імя кляса запатрабаваў, каб ён спыніў свой экспэрымэнт і стаў нам чытаць лекцыі на нармальнай мове. Дырэктар спасылаўся на Леніна, маўляў, Ленін гаварыў па-руску. «Але вы ня Ленін, – сказалі мы дырэктару, – вось калі да нас прыйдзе Ленін, тады мы зь ім і пагаворым.»
Праз нейкі час у нас зьявіўся новы настаўнік гісторыі і, як ні ў чым ні бывала, пачаў весьці заняткі па-беларуску.
Гэта была наша інтэлігентная перамога, бяз крыку і шпурляньня чарнілак у непрыяцеля. Мяне гэта ўмацавала тады ў думцы, што толькі той несвабодны, хто не змагаецца за свабоду. Свабода сама не зьяўляецца. За яе трэба змагацца, а потым - абараняць.
Дэфініцыя свабоды ўмяшчаецца ў тры словы. Свабода гэта ёсьць магчымасьць тварыць дабро.
Пра свабоду мы гаворым толькі тады, калі існуе такая магчымасьць. Калі такой магчымасьці няма – мы кажам, што няма свабоды.
Калі ж свабода выкарыстоўваецца на зло – яна ператвараецца ў несвабоду. Тады чалавек альбо робіцца нявольнікам сваіх страсьцяў, злых думак і паводзінаў, альбо, ў выпадку антысацыяльных дзеяньняў, трапляе ў турму і траціць свабоду ў літаральным, фізічным сэнсе. Прытым нікому не прыходзіць у галаву змагацца за свабоду крымінальнікаў, гвалтаўнікоў ды забойцаў. Наадварот, патрабуюць абмежаваць іхнюю свабоду.
Істотна зазначыць, што свабода ёсьць маральная катэгорыя. Яе адлюстраваньне ў канкрэтных каштоўнасьцях залежыць ад маралі і ўзроўню культуры грамадзтва. Тым часам гэта ёсьць катэгорыя аб’ектыўная. Рэлятывісцкі падыход тут памылковы і прыводзіць да зьнішчэньня свабоды. Дадам яшчэ, што ў філясофскім сэнсе, свабода – гэта магчымасьць вечнага разьвіцьця да ідэалу.
Свабода зьвязана з сьветапогляднай і маральнай арыентацыяй чалавека. Таму дэкляраваньне барацьбы за свабоду і сама барацьба за свабоду яшчэ мала што тлумачаць і вымагаюць канкрэтызацыі – у чым справа. Часта выяўляецца, што некаторыя людзі, якія змагаюцца за свабоду, на справе маюць на ўвазе толькі свае інтарэсы, прытым даволі эгаістычныя, суб’ектыўныя і заганныя. Цяпер, у час усеагульнага крызісу дэмакратыі, мы бачым, як нарастае агрэсіўнасьць сацыяльнай цемры ў грамадзтве. Дрэнь змагаецца за свабоду. Масы цёмных суб’ектаў у розных краінах патрабуюць легалізацыі наркотыкаў, свабоды прастытуцыі, распусных палавых дачыненьняў, ліквідацыі інстытуту сям’і, свабоды абортаў і г.д.
Шматаблічная катэгорыя свабоды патрабуе, перш за ўсё, дакладнай кадэфікацыі ў праве і выразнай вызначальнасьці ў сістэме маральных каштоўнасьцяў грамадзтва. Агульнасьць і расплывістасьць праўных фармулёвак свабоды можа стаць прычынай апраўданьня абсурду і несвабоды чалавека.
Рэкардсмэнам такога абсурду зьяўляецца якраз «свабодная» Амэрыка. Тыповы прыклад. У Нью-Ёрку ўдарыў мароз. Гэта вялікая пагроза для бяздомных, апушчаных людзей і наркаманаў, якія начуюць на вуліцах. Паліцэйскі разбудзіў бяздомную жанчыну-наркаманку, што ляжала пад сьцяной, і, ня гледзячы на яе супраціў, завёў у цёплую станцыю мэтро, каб яна там пераначавала і не замерзла. Праз нейкі час паліцэйскага пацягнулі ў суд і паліцэйскае ўпраўленьне было аштрафаванае на 500 тысячаў даляраў за парушэньне правоў наркаманкі ляжаць на вуліцы і дзе яна хоча. Паліцэйскі, згодна азначэньня суда, парушыў фундамэнтальнае права асобы – яе свабоду.
Некаторыя амэрыканцы нават з гонарам расказвалі мне пра гэта – во якая ў нас свабода. На самай справе тут звычайны (а ў нашым разуменьні – шарлатанскі) амэрыканскі бізнэс. Знайшоўся нікому не вядомы адвакат, які падгаварыў бадзяжку зьвярнуцца ў суд і, карыстаючыся агульнасьцю вызначэньня заканадаўства і фармалізацыяй мысьленьня суддзяў (такое магчыма толькі ў Амэрыцы), выйграў працэс «абароны свабоды».
Адвакат такім чынам зрабіў сабе бясплатную рэкляму (бо абсурдальнасьць падзеі прыцягнула ўвагу друку) і ў дадатак яшчэ зарабіў грошы (звычайна, ад 25 да 50 адсоткаў ад сумы «судовага выйгрышу», гэта значыць, штрафу).
Гэта вельмі тыповы для Амэрыкі прыклад, дзе бог – даляр, а свабода – сродак бізнэсу. Ні адваката, ні суддзяў, ні журналістаў, ні разьзявакаў, што цікавіліся зьявай, не абходзіла жыцьцё бадзяжкі. Яны не асэнсоўвалі нават фальшывасьці сваёй пазыцыі. Адзіным чалавекам у гэтай гісторыі, які меў жаласьць у сэрцы і цаніў жыцьцё іншага чалавека як найвялікшую каштоўнасьць, быў амэрыканскі паліцэйскі, якога пакаралі.
Свабода – гэта ўнівэрсальны прынцып Сусьвету як Боскага стварэньня, часткай якога ёсьць свабодная воля чалавека.
У сацыяльным грамадзтве абсалютны, унівэрсальны сусьветны прынцып свабоды ўзаемазьвязаны з маральнымі калізіямі духоўнага разьвіцьця чалавецтва. Гэтым абумоўлена тое, што свабода ў цывілізаваным сацыяльным грамадзтве ёсьць катэгорыяй выбару і не зьяўляецца найвышэйшай і абсалютнай каштоўнасьцю. Найвялікшымі каштоўнасьцямі ёсьць Бог, жыцьцё чалавека і жыцьцё народа. Там, дзе свабода ўступае ў канфлікт з гэтымі каштоўнасьцямі – там робіцца выбар. Ён можа быць розным. Гледзячы якія сілы, якія ўзроўні задзейнічаныя ў супроцьстаяньні.
Глыбінная сутнасьць канфлікту змаганьня за свабоду выяўляецца ў пытаньні: ці можа існаваць свабода ўсяго? (А гэта значыць – і свабода зла.)У метафізічным сэнсе, які апэрыруе вечнаснымі катэгорыямі, такое становішча прызнаецца. (Бог даў свабоду Сатане. Але на пэўны час. Пакуль колькасьць упалых анёлаў не заменіцца адпаведнай колькасьцю справядлівых людзей. У гэтым – сэнс духоўнай гісторыі чалавецтва і зьмест барацьбы дабра са злом на Зямлі.)
Але сацыяльная практыка дачаснага сьвету (і дачаснага жыцьця) паказвае, што ў соцыюме не павінна быць свабоды злу, бо спыняецца духоўнае разьвіцьцё. «Не», – гавораць злу свабодныя людзі. «Так», – кажуць тыя, што хочуць іншай свабоды. «Так», – кажуць лібэральныя заканадаўцы, якія лічаць, што прынцып свабоды павінен быць роўным для ўсіх: і для мільярдэра, які лётае зь Нью-Ёрка на канкордзе паабедаць у парыжскі рэстаран (тры гадзіны лёту, 18 тысячаў даляраў туды й назад), і для бадзяжкі, што мае права замерзнуць на вуліцы, і для верных хрысьціянаў, што жывуць па запаведзях, і для дэградаванага збачэнца, што ўступае ў палавыя акты з жывёлай ці з сабе падобным (і, дарэчы, знаходзіцца ў Амэрыцы пад асобай аховай закону; гэта тут называецца «сэкс-меншасьць»).
Лібэралы глядзяць на свабоду, як той рускі Іван на агурковае поле, які садзіў агуркі, але ніколі іх не палоў. У выніку – замест агуркоў вырасталі чартапалох ды пустазельле. Затое – свабода: расьце, што хоча. Хоць вядома, што культура пачынаецца з абмежаваньня прыроднай свабоды (стыхіі), з абмежаваньня несвабоды (разбуральнай сілы).
Праклямацыя ў дэмакратычным грамадзтве свабоды без берагоў, «свабоды ўсяго» заўсёды ёсьць маніфэстацыяй заганнай цемры, патрабаваньнем свабоды злу, імкненьнем да легалізацыі чалавечай нізасьці.
Часта прыходзіцца чытаць, як у Нью-Ёрку злавілі тую ці іншую банду маладзёнаў у час нападу на краму. Калі паліцыя іх хапае, яны, звычайна, абураюцца, што парушаюць іхныя чалавечыя правы і што гэта дыскрымінацыя, таму што яны чорныя. Такая рэакцыя сярод злачынцаў вельмі распаўсюджаная. Яны шчыра думаюць, што іх заціскаюць, бо ў Гарлеме яны вырасьлі «абсалютна свабоднымі».
У цэлым, аднак, свабода ў Амэрыцы добра рэглямантаваная і ўлічвае інтарэсы чалавека, бадай, як нідзе. Выдаткі, кур’ёзы, наступ зла ды абсурд, які пашыраецца, зьвязаны, перш за ўсё, з актывізацыяй левых ва ўсім сьвеце і лібэралаў на Захадзе, пасьля распаду сістэмы савецкага таталітарызму.
У заходнім грамадзтве зьнік страх перад камуністычным варварствам, і людзі расслабіліся, страцілі пільнасьць, сталі больш спакойна глядзець на сваіх левых сацыяльных і маральных экстрэмістаў, якія тут жа перайшлі ў наступ і ўжо шмат чаго дамагліся, і нават шмат дзе захапілі ўладу.
Выглядае парадаксальным, што маральны крызіс заходняй дэмакратыі і крызіс свабоды супаў па часе з крахам савецкага камунізму і таталітарнай сістэмы сацыялізму ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Захад, магчыма, з цягам часу пераадолее гэты крызіс. Але для нас, для беларусаў, якія змагаюцца яшчэ зь мінулым днём – рускім калініялізмам у кагэбоўскай упакоўцы, – для нас важна зразумець, што каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды, якія вязуць да нас з Захаду, гэта ў значнай ступені – лібэральны сурагат у дэмакратычнай абгортцы. Ім, дэмакратычным лібэралам, важней узгадаваць тут, у нас, на Беларусі, сваіх гамасэксуалістаў ды фэміністак, ды экспартаваць на Беларусь адкіды сваёй культуры, чым сапраўды дапамагчы нам, беларусам, збавіцца ад расейскай каляніяльнай агрэсіі, абараніць беларускую мову ад зьдзеку і вынішчэньня, вярнуць беларускія школы і беларускую асьвету, умацаваць беларускую незалежнасьць і г.д. Іх не цікавяць праблемы нашага нацыянальнага выжываньня. Ім абходзяць, пераш за ўсё, свае лібэральныя інтарэсы.
Пад гэтыя свае абмежаваныя паняцьці яны даюць невялікія грошы ды гранты бедным беларусам і плодзяць апазыцыйны пустацьвет, балбатуноў за дэмакратыю без суверэнітэту.
Менавіта гэтакая заходняя лібэральная «публіка» прычынілася да спробы зьнішчыць Беларускі Народны Фронт і расфармаваць яго ў «дэмакратычную апазыцыю» (у «балота»). З гэтага нічога не атрымалася, бо мы ўжо ведаем іхныя норавы і іхныя справы.
Для нас, беларусаў, свабода сёньня абазначае сьцісла канкрэтную і практычную задачу. Мы павінны, перш за ўсё, збавіцца ад каляніяльнага прамаскоўскага рэжыму ўлады, спыніць агрэсію расейскай каляніяльнай палітыкі і гарантаваць бясьпеку і незьнішчальнасьць джяржаўнага суверэнітэту Беларусі.
Дзеля гэтага мы павінны стварыць нацыянальнае кіраўніцтва краінай. Беларусяй павінны кіраваць: Беларускі нацыянальны ўрад, Беларускі нацыянальны парлямант і Беларускі нацыянальны прэзыдэнт. Беларусяй павінны кіраваць беларусы, а не расейцы і не расейская каляніяльная адміністрацыя.
Пра свабоду можна казаць толькі тады, калі мы будзем гаспадарамі ў сваім доме. Толькі тады – калі мы, беларусы, самы, як мы таго захочам, – будзем кіраваць і гаспадарыць у нашай Беларускай дзяржаве. І ўжо маючы такую свабоду, мы ніколі не скарыстаем яе на зло. Наша свабода стане для нашага народа Боскім стварэньнем шчасьця нашых людзей. І тут ужо нам трэба будзе пастарацца, каб не рабіць так, як заходнія лібэралы, і ня ўкінуць Сьвятую Свабоду ў гразь.
Зянон Пазьняк