НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Тэлевізар

Тэлевізар

Наш сьвет кардынальна перамяніўся за апошнія 40 гадоў. Нельга сказаць, каб зьявіліся іншыя грамадзкія і духоўныя каштоўнасьці, але ўзьнікла шмат чаго новага. Зьмяніліся магчымасьці чалавека і вельмі рэзка. Кардынальныя перамены зьвязаныя, перш за ўсё, з інфармацыяй і камунікацыяй. Перамены настолькі радыкальныя, што яны паўплывалі на ўсё грамадзтва, на традыцыі дачыненьняў паміж людзьмі, паставілі пад сумненьне адстояныя паняцьці.

У 50-х гадах шырока зьявілася тэлебачаньне. Праз кароткі час яно пранікла ў кожны дом. Суседзі абмежавалі непасрэдныя кантакты, перасталі хадзіць адзін да аднаго на размовы, бо кожны меў ілюзію субяседніка (тэлевізар) у сваім памяшканьні.

Ніколі яшчэ людзі не валодалі такім масавым і эфэктыўным сродкам ўзьдзеяньня на сьвядомасьць, розум і пачуцьці чалавека. Інфармацыя ў сістэме ТБ, сьведама ці нясьведама, была падпарадкаваная якраз прынцыпу ўзьдзеяньня, незалежна ад таго, у чыіх руках знаходзілася надайная функцыя.

Уплыў на падсьведамасьць ёсьць галоўная адметнасьць тэлебачаньня, чаго ня мае ў такой ступені ні радыё, ні друк, ні нават кіно, пра якое У.Ленін (які, па яго ўласным прызнаньні, нічога не разумеў у мастацтве) казаў, што для іх (для бальшавікоў) «з усіх мастацтваў галоўным зьяўляецца кіно».

У Савецкім Саюзе ўзьдзеяньне тэлебачаньня абмяжоўвалася ў асноўным ідэалягічнай сфэрай і прасеянай інфармацыяй. Гэта было даволі нуднае тэлебачаньне, і савецкі чалавек глядзеў у ім у асноўным «апошнія паведамленьні», кінафільмы, спартыўныя ды забаўляльныя перадачы. Тым часам, дзякуючы якраз пасьлядоўнаму дзяржаўна-партыйнаму кантролю, на экраны не пранікала брыдота, паказ гвалту, збачэнстваў, крывавых жорсткасьцяў, распусты і паскудства творчасьці разбэшчаных людзей. (Зрэшты, у СССР не існавала індустрыі такога «мастацтва»). Савецкае тэлебачаньне мела значна меншы разбуральны ўплыў на маральнасьць асобы, чым цяперашняе тэлебачаньне ў Расеі, і асабліва на Захадзе – у Эўропе і ЗША.

Узрастаньне разбуральнага ўзьдзеяньня тэлебачаньня ў сьвеце спалучана з агульным маральным крызісам дэмакратыі, які пачаўся, на маю думку, з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя і зьвязаны з паўсюдным прыходам да ўлады левых сілаў у заходніх краінах (дэмакратаў, сацыял-дэмакратаў, сацыялістаў, камуністаў, зялёных і т.п.). Палітычна рэглямантаваны дэмакратычны прынцып свабоды асобы быў пераведзены імі ў «права чалавека» на ўсё, што не пярэчыць закону. А паколькі законам вельмі цяжка (і фактычна, немагчыма) рэглямантаваць мараль (бо маральныя дачыненьні вышэй за закон), то «права на ўсё» стала правам на грэх.

Спробы амэрыканскіх дэмакратаў рэглямантаваць гэтую падмену (свабоды правам на грэх) у галіне заканадаўства прывялі да кур’ёзаў, да пачварных вынікаў, што супярэчаць лёгіцы і здароваму сэнсу, прыніжаюць годнасьць чалавека, разбураюць сям’ю, разьядноўваюць людзей.

На працягу вельмі кароткага часу на паверхню грамадзтва выплыла такая чалавечая гразь, пра існаваньне якой раней не магло нават прысьніцца ў кашмарным сьне. Распаўсюджаньне яе адбываецца агрэсіўна і хутка, запаланяецца адна грамадзкая галіна за другой. Асноўная барацьба йдзе за ўладу, заканадаўства і сродкі масавай інфармацыі. У значнай ступені ў антымаральным балоце патоплена мастацтва і найбольш – так званая «мас-культура».

Нешта падобнае назіралася ў XV-XVI стагоддзях у Эўропе ў пару так званага «рэнесансу» (гэта значыць, адраджэньня паганскіх традыцыяў, свабоды людзей ад рэлігійных дачыненьняў – своеасаблівых «правоў чалавека» ў дахрысьціянскім разуменьні). Тады вельмі нізка апусьцілася мараль. Дзеці ня ведалі сваіх бацькоў, а манастыры ператварыліся ў прыстанішчы блуду і садомскай распусты. У гэты ж час ішла адкрытая разгерметызацыя ведзізму і таемных ведаў (Д. Бруна). Прапаведвалася шалёная нянавісьць да Бога і чалавека (Т. Кампанэла). Эўропа літаральна захлыналася нашэсьцем цёмных сілаў, чараўнікоў, «калдуноў», магаў, хірамантаў, астролягаў, прадказальнікаў, гадальнікаў, чарнакніжнікаў і т.п. «экстрасэнсаў» (у цяперашняй тэрміналёгіі). Усё гэта раптам павылазіла з усіх шчылінаў на паверхню жыцьця.

Але тады, вобразна кажучы, другога ўпадку Рыму не адбылося. Хрысьціянская грамадзтва знайшло ў сабе сілы знутры, стварыўшы і сьвятую інквізіцыю (Дамініканцы), і моцную апалягетыку, і узяўшы ў свае рукі выхаваньне эліты (Езуіты). Стабілізацыі дасягнулі праз сто гадоў.

За ўсю 2000-гадовую гісторыю эўрапейскай цывілізацыі гэта было самае небясьпечнае і самае крытычнае яе выпрабаваньне. Тут справа ішла не за ўладу, і нават не за рэлігійную дактрыну, як магло здавацца на першы погляд. Вырашаўся лёс чалавечай індывідуальнасьці. Як трактаваць чалавека, як да яго адносіцца, якая яго роля на Зямлі і ў Сусьвеце. Гэта была барацьба з антычным (паганскім) рэгрэсам у межах Хрысьціянства.

Новая індывідуальнасьць (індывідуальнасьць душы, якую заклаў Хрыстос) зь яе крытэрыямі ўнутранага сьвету асобы і вечнага існаваньня ўступіла ў канфлліікт з старой індывідуальнасьцю – індывідуальнасьцю цела і прыроднага права на задавальненьне яго вымог.

Менавіта тады вырашалася будучыня эўрапейскай цывілізацыі, бо сэнс Хрысьціянства мог рэалізавацца толькі ў новым чалавеку. Без стварэньня гэтага новага чалавека Хрысьціянства засталося б рэлігійнай дактрынай, ня больш.

Антыхрысьціянскія сілы зноў ідэалягічна і палітычна арганізаваліся ў Эўропе толькі праз 200 гадоў (масоны; пазьней – сацыялістычныя партыі). Але змаганьне за асобу было імі прайграна яшчэ ў XVI стагоддзі. Цяпер барацьба вялася ў сфэры ідэалёгіі і палітыкі за ўладу і сьвецкую дзяржаву, сацыяльную свабоду і права на бязбожжа.

Не праз асобу, а цераз новую дзяржаву і ўладу ў ёй, меркаваўся зварот да «свабоднага», «натуральнага» чалавека, які павінен быў ськінуць з сябе рэлігійныя і духоўныя абмежаваньні ды сацыяльныя путы і будаваць свой «новы сьвет», на асновах прадэкляраванай масонамі «свабоды, роўнасьці і братэрства».

Барацьба, як звычайна ў такіх сітуацыях, выштурхнула на паверхню крайнія сілы, якія зыходзілі з агрэсіўнага бязбожжа і дыктавалі ўмовы паводзінаў ня толькі Эўропе, але ўсяму сьвету на працягу амаль што ўсяго ХХ-га стагоддзя.

Татальны ўціск і зьдзек над людзьмі вядзе да абмежаванасьці і духоўнага зьбядненьня асобы, да дэградацыі магчымасьцяў чалавека, але маральная дэградацыя і разбэшчаньне грамадзтва ў такіх выпадках, як правіла, затарможаныя самым таталітарным рэжымам (які забараняе ўсё). Асоба ў варунках несвабоды і рэпрэсіяў «сьціскаецца», прыстасоўваецца і мізэрнее. Гэта яе сродак абароны, устаноўка на выжываньне. Такая свабода, аднак, у глыбіні душы захоўвае, як правіла, сваю маральную аснову.

Развагі па ходу размовы. Галеча і беднасьць ламаюць людзей. Але звычайны чалавек часта не вытрымлівае выпрабаваньня багацьцем. Яно часам робіцца горам для яго душы. Такой жа бядой можа стаць для яго і сацыяльная свабода, калі ён не гатовы да яе. Свабода патрабуе высокай якасьці духу. У хрысьціянскім разуменьні свабода – гэта магчымасьць тварыць дабро. Гэта адначасна – маральная катэгорыя, якая характарызуе ўзровень асобы (свабода ад заганаў, ад страсьцяў, ад нізкіх і прымітыўных вымог). Ня кожны нявольнік, атрымаўшы сацыяльную свабоду, робіцца вольнай асобай. Але карыстацца сацыяльнай свабодай можа кожны. У гэтай супярэчнасьці закладзены вірус маральнага крызісу дэмакратыі.

Ліквідацыя камуністычнага таталітарызму ў Эўропе паспрыяла рэальнаму яе палявеньню. (Бо зьнікла таталітарная пагроза ад СССР.) Левыя з энтузіязмам узяліся за ажыцьцяўленьне ідэі аб’яднанай Эўропы. У канцы гэтай ідэі ўжо праглядваецца новая карпаратыўная імпэрыя «таталітарнай дэмакратыі», дзе «правы чалавека» (і мы ўжо бачым гэтага «чалавека») будуць першасныя, па параўнаньні з суверэнітэтам краіны.

Аднак не палітычныя дактрыны, і нават не эканамічныя праблемы, вызначаюць цяпер сутнасьць напружаньня ў дэмакратычным сьвеце. На паверхню выходзіць той самы суб’ект, што і ў XVI стагоддзі – чалавек разбэшчаны. Гэтак жа, як і 500 гадоў таму, ён усьведамляе сваю разбэшчанасьць як свабоду. Свабоду ўсяго: ад Бога, ад рэлігіі, ад маралі, ад сям’і, ад абавязкаў, ад грамадзтва, і нават ад сваіх справаў (за якія ня хоча адказваць). Ён лічыць, што безадказнасьць – гэта яго «права чалавека», і змагаецца за гэтае права ў плыні ўсіх левых сілаў.

Разбэшчаны чалавек у ХХІ стагоддзі, гэтак жа, як і ў XVI стагоддзі, змагаецца не за сваю нішу, а за сваё разуменьне сьвету. Канфлікт, які нарастае (ад якога, аднак, некаторыя людзі адмахіваюцца і робяць выгляд, быццам яго няма), мае якраз цывілізацыйны характар і ў пэрспэктыве (у выпадку, калі б перамог разбэшчаны чалавек), азначае крах, канец эўрапейскай цывілізацыі. (Хаця першай можа ўпасьці Амэрыка. І эканоміка тут не дапаможа.)

Дарэчы, менавіта такую цывілізацыйную калізію ўпадку маралі і страты ўсялякіх маральных крытэрыяў перажылі старажытныя Грэцыя і Рым, што і прывяло да ўсеагульнага крызісу і зьнікненьня антычнага сьвету.

Альтэрнатыва Хрысьціянству як свабода ўсяго – ужо перажытая далёка ў мінулым. Зварот да яе – гэта рэгрэс, шлях уніз, да таго, над чым некалі ўзвысіўся чалавек.

Цяпер вернемся ў пачатак, адкуль пачаліся нашыя развагі. Хтосьці зь цяперашніх дасьледчыкаў сказаў, што калі б у Гітлера было сучаснае тэлебачаньне, то невядома, як бы ўсё сталася. Тут ёсьць разуменьне асаблівага ўзьдзеяньня тэлебачаньня на чалавека.

Фактам зьяўляецца тое, што да пачатку ХХІ стагоддзя чалавек разбэшчаны ўжо грунтоўна ўсталяваўся і часткова загаспадарыў тэлебачаньне ў Эўропе і Амэрыцы. Пад выглядам свабоды і розных існуючых і неіснуючых правоў адбываецца агрэсіўны наступ нізасьці і бессаромнасьці, і адначасна здача пазыцыяў прыстойнасьці асобай маральнай і чалавекам разумным. Калі працэсы стануць разьвівацца гэтак і далей, то ў бліжэйшыя 10-15 гадоў хрысьціянскі сьвет будзе мець тэлебачаньне-клааку чалавечай мярзоты, збочанасьці і нізкіх паняцьцяў.

Дрэнь выстаўляецца напаказ. Дрэнь і загана, гвалт і блуд сталі цяпер бізнэсам. Дрэнь прадаецца і купляецца, прыносіць прыбыткі і грошы. Таму змагацца з маральнай дэградацыяй няпроста і малавынікова толькі ў адной краіне. Праблема даўно перакрочыла нацыянальныя межы і патрабуе міжнародных захадаў. Для гэтага ў грамадзтве павінны быць іншыя каштоўнасьці, акрамя грошай.

Што сталася і што можа стацца з тэлебачаньнем у бліжэйшы час, добра ілюструе прыклад Галівуда. Сорак гадоў таму Галівуд быў зусім іншым. Хто памятае старыя галівудзкія фільмы, можа ў гэтым пераканацца. На экране тады існаваў чалавек прыстойны. У 80-х, і асабліва ў 90-х гадах, «фабрыка сноў» ператварылася ў канвэер зла. На экране фактычна няма болей вобразаў жыцьця (ня кажучы ўжо пра адлюстраваньне жыцьця нармальнага). Тут цяпер зусім іншыя людзі. Гэта штучныя вобразы, што прышлі з кіна-коміксаў і з рэклямных кліпаў. Забойствы, кроў, блуд, бойкі, пошласьць і распуста – усё гэта запоўніла экран Галівуда, пранікла на тэлебачаньне, ва ўсе куткі сьвету.

Экспансія паказу распусты, забойстваў і брыдоты зьяўляецца складовай часткай працэсу глябалізацыі, якая йдзе па двух накірунках: фінансава-эканамічным і культурным. Цэнтрам фінансава-эканамічнага інтарэсу зьяўляецца «Ўол-Стрыт» (Фінансавы Цэнтар амэрыканскага бізнэсу). Цэнтрам культурнай (ці, дакладней, антыкультурнай) агрэсіі ад нядаўняга часу стаў Галівуд.

Захад моцны сваёй фінансавай сістэмай. За Ўол-Стрытам стаіць рэальная сіла і рэальныя каштоўнасьці. Тым часам сучасная мастацкая культура Захаду мізэрная па сваім узроўні. Яна перажывае працэс упадку і дэградацыі. Тут даўно ўжо няма ні вялікіх духоўных ідэяў, ні станоўчых эстэтычных ідэалаў. Яе месца заступіла мас-культура, ці дакладней, – бізнэс-культура.

Фінансы і высокі тэхнічны ўзровень, дамінуючае валоданьне глябальнымі сродкамі перадачы інфармацыі (тэлебачаньне, інтэрнэт, касьмічныя спадарожнікі) забясьпечвае экспансію бізнэс-культуры і адпаведна – разбурэньне духоўнай мастацкай культуры чалавецтва.

Існуе сусьветная праблема і пагроза зьнішчэньня духоўных традыцыяў нацыянальнай гісторыі. Ісламскі сьвет рэагуе на гэты мас-культурны імпэрыялізм дзікімі, варварскімі мэтадамі барацьбы. Заходні сьвет трымаецца за свабоду слова і робіць выгляд, што праблемы няма.

Але яна ёсьць і перакрочыла ўжо межы магчымага. Лічбавае тэлебачаньне, якое разьвіваецца ў накірунку злучэньня з інтэрнэтам, адкрые яшчэ большыя магчымасьці для індустрыі брыдоты, запабягаць якой будзе надзвычай цяжка, ды й па ўсім відаць, ніхто не гатовы гэта рабіць.

Станоўчы ўплыў цяперашняга тэлебачаньня на разьвіцьцё асобы (прынамсі на Захадзе, і асабліва ў ЗША) здаецца мне надзвычай малым. Тым часам разбуральныя вынікі яго ўзьдзеяньня – навідавоку.

Асабліва відаць гэта на дзецях і моладзі. Тое, што адбываецца ў апошнія 3-4 гады ў школах Амэрыкі, – гэта поўны абсурд, які нагадвае пра пэрспэктыву канчатковага краху сацыяльнага грамадзтва ў гэтай краіне.

У кожнай амэрыканскай школе пастаянна знаходзіцца паліцыя. У клясы на лекцыі і зь лекцыяў усіх дзяцей прапускаюць праз кантрольныя дэтэктары (як у аэрапорце), выварочваюць кішэні і ранцы, адбіраюць нажы, пісталеты, балёнчыкі з газам, і нават гранаты. І тым ня менш, у школах Амэрыкі амаль кожны дзень грымяць стрэлы. Шасьцігадовыя дзеці і 16-гадовыя падлеткі страляюць па вучнях і па настаўніках за дрэнныя адзнакі, ці за заўвагі аб непаслушэнстве, ці проста так, з цікавасьці, наглядзейшыся галівудзкай эрзац-прадукцыі ў тэлевізары.

Ужо дзясяткі забітых дзяцей (не кажам пра раненых). Дзіця не адрозьнівае таго, што бачыць па тэлебачаньні, ад рэальнага жыцьця. Яно яшчэ ня здольнае ацаніць і прадбачыць вынікі сваіх дзеяньняў, а ў рукі яму ўжо ўклалі пісталет. Гэта зрабіў тэлевізар. Дзецям усё гэта здаецца забаўкай, як на экране.

Цяпер амэрыканскія школьнікі страляюць у школах, але праз нейкі час выстралы загучаць у сям’і. І, дарэчы, ужо гучаць.

Прычыны розныя. І тое, што ў Амэрыцы манія асабістай зброі, і што яна ўсім даступная. І тое, што ў ЗША цяпер інтэнсіўна разбураецца сям’я, і тое, што многія амэрыканцы ўжо перасталі разумець дзіцячую псіхалёгію, бо большасьць жыве для сябе, для свайго задавальненьня і сваіх інтарэсаў, а не для сваіх дзяцей (як прынята ў нас). Прычынаў шмат. Але галоўная і агульная прычына – тэлевізар, тое, што дзеці ў ім бачаць. Дзіцячая псіхіка ўжо ня вытрымала.

Калі ж зьяўляюцца энтузіясты, каб абмежаваць паказ забойстваў і паскудства, то ў іх нічога не атрымліваецца. Галоўны аргумант супраць іх – свабода слова. Маўляў, чалавек свабодны і павінен мець права і магчымасьць выбару.

Але дзеці і падлеткі ня ўмеюць рабіць асэнсаваны выбар. Больш таго, клясычная норма права гаворыць аб тым, што ніхто не павінен нікога змушаць рабіць выбар. Бандыт, які кажа чалавеку рабіць выбар кшталту «кашалёк або жыцьцё» ёсьць проста бандыт, а не прыхільнік свабоды выбару.

Для шмат якіх людзей цяжка выбраць цяпер нават паміж тэлепраграмамі (асабліва ў вечаровы час. Тэндэнцыя так званай «свабоды выбару» рухаецца да таго, што нармальнаму чалавеку застанецца толькі адзін «выбар»: альбо ўключаць, альбо не ўключаць. Так рэалізуецца права на свабоду выбару інфармацыі па прынцыпу: «альбо кашалёк, альбо жыцьцё».

У пазнаваўчым сэнсе сітуацыя са свабодай слова ня ёсьць тупіковая. Яна патрабуе пэўнага аналізу і прыняцьця пэўных рашэньняў, зыходзячы з той нормы (амаль аксіёмы), што свабода без берагоў ёсьць несвабода. Бо ня могуць асобныя людзі быць свабоднымі ад грамадзтва і адзін ад аднаго. Крыміналітэт як паразітычная агрэсіўная форма свабоды ад грамадзтва прыводзіць да яшчэ большай несвободы чалавека ў крымінальнай супольнасьці.

Імкненьне да неабмежаванай свабоды ёсьць у аснове сваёй крымінальнае, эгаістычнае і прымітыўнае жаданьне несвабоднага чалавека, які хацеў бы збавіцца ад абавязкаў перад людзьмі, культурай і прыродай.

Грамадзтва валодае сістэмай абмежавальных мэханізмаў, каб свабода не ператварылася ў несвабоду, але яно не заўсёды здольнае іх ужываць, бо стрымліваньне зла залежыць ад шматлікіх фактараў, дзе найбольшай супрацьдзеючай сілай зьяўляецца інтэрас бізнэсу і прага нажывы.

Практыка паказвае, што права грошай тут нават ня ставіцца пад сумніў. Ніякая страляніна ў школах, ніякія забойствы і ніякая маральная шкода людзям ня спыняць нажыву, нават калі кананада загучыць па ўсім сьвеце, бо сам бізнэс на чалавечых заганах, нізкіх інстынктах і комплексах ёсьць узаконеным дзеяньнем зла.

Можна ўявіць, як далей будзе разьвівацца легалізацыя разбэшчанага чалавека і якую ролю адыграе ў гэтым тэлебачаньне. Верагодны варыянт: усё будзе ісьці, як і цяпер, – зьяжджаць па нахіленай плоскасьці да цывілізацыйнага распаду эўрапэйскай культуры.

Магчыма, аднак, што ў грамадзтве адбудуцца перамены, да ўлады прыйдуць адказныя людзі ды разумныя сілы, і праблема пачне вырашацца на міжнародным узроўні. Будуць уведзеныя пасьлядоўныя заканадаўчыя абмежаваньні на зло, наладжаны кантроль грамадзтва і перагледжана лібэральная формула свабоды (у тым ліку і свабоды слова), якая ня можа быць абсалютнай, ня можа быць адасобленай ад маралі, ад павагі да чалавечай асобы, ад шанаваньня сьвятога і чалавечага. Свабода ня можа быць зброяй рэгрэсу і разбурэньня, хто б ёй ні карыстаўся.

Свабода – гэта вялікая Боская каштоўнасьць. Але ёсьць бязбожнае разуменьне свабоды (якім пераважна імкнецца жыць цяперашні сьвет), калі чалавек хоча быць свабодным ад Бога і ад усяго. Бальшавікі таксама змагаліся за свабоду. У іх было сваё разуменьне свабоды. Што атрымалася з бальшавіцкай «свабоды», мы ведаем.

Мяркую, што ў вольнай справядлівай Беларусі будзе нацыянальнае тэлебачаньне высокага ўзроўню. Яно, напэўна, таксама сутыкнецца з агрэсіяй распусты і з тэлевізійнай бізнэс-культурай. Але мы, беларусы, мусім быць падрыхтаванымі да гэтага, каб не дапусьціць ўкараненьня чужароднага.

Беларуская ўлада, якая будзе гэта разумець, павінна памятаць адно: заканадаўчыя і арганізацыйныя захады супраць распаўсюджаньня тэле-бізнэсу на разбэшчанасьці мусяць прымацца адразу, без прамаруджаньня, цьвёрда і пасьлядоўна.

Калі ў гэтай справе час будзе страчаны і на Беларусі ўмацуецца індустрыя дрэні, тады гэта станецца, як з мафіяй – вечная барацьба, якая змарнуе грамадзкія сілы.

Аднак веданьне праблемы – гэта ўжо палова справы. Ёсьць надзея, што беларусы ня стопчуць свой гонар і захаваюць высокі ўзровень людзей.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: