НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ ЗЯНОНА “ТЭРРА ДЭЙ” Ў НЬЮ-ЁРКУ

АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ ЗЯНОНА “ТЭРРА ДЭЙ” Ў НЬЮ-ЁРКУ

            У нядзелю 2-га лютага ў беларускім саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя новай кнігі ЗЯНОНА “Тэрра Дэй” (Зямля Бога).

Аўтар, прадстаўляючы кнігу, засяродзіўся на яе галоўнай частцы, прачытаў цэлую лекцыю пра мастацтва кнігі, паэзію, фатаграфію і літаратуру з паказам ілюстрацыяў праз дыяпраектар на экран. Новая кніга ЗЯНОНА – гэта сінтэтычны твор з вершаў, фатаграфіяў, апавяданьняў, эсэ, успамінаў, паліталягічных артыкулаў і сэнтэнцыяў. Твор падзелены на тры творчыя тэмы: “Фатаграфіі і вершы”“Апавяданьні” і “Народная філасофія”. Асноўная тэма, якая займае дзьве траціны аб’ёму кнігі – гэта “Фатаграфіі і вершы”. “Крэда гэтай тэмы, -- сказаў аўтар, -- сфармулявана як імкненьне адлюстраваць прысутнасьць Боскага Духу ва ўсіх зьявах, рэчах, карцінах і вобразах Зямлі і зямнога жыцьця.”

І сапраўды, ілюстрацыі некаторых разьдзелаў гэтай тэмы, якія паказаў аўтар, пакідаюць незабыўнае ўражаньне. Асабліва запомніліся “Сімфонія воблакаў” (“Боскае неба”), “Сьвятло Месяца”, “Птушкі”, “Акіян-мора”, “Партрэт”, “Віленшчына прыўкрасная” і інш. Нецікавых здымкаў у кнізе няма. Кожны зь іх зьдзіўляе майстэрствам здымкі і хараством. Асабліва ўражваюць кніжныя развароты, якія зроблены канцэптуальна і ілюструюць мастацкае майстэрства аўтара. 

            Той, хто пасьпеў ужо прачытаць гэтую кнігу, аднагалосна выказаліся і пра апавяданьні ЗЯНОНА (жанр, у якім раней аўтар не выступаў). Асабліва адзначаюць апавяданьні “Васількі”, “Палкоўніца”, “Геранім”, “Свае”, “Ліцьвінская кроў”, “Лявон” і інш.

            Паліталагічныя артыкулы (якія былі напісаны аўтарам спэцыяльна для гэтай кнігі), асьвятляюць мноства праблемаў нашага грамадзтва і цывілізацыі -- ад беларускага Адраджэньня да пытаньня аб абортах, люмпэнах (лахманах), і  люстрацыях.

            Пасьля лекцыі аўтара і адказу на пытаньні яшчэ былі размовы і абмен думкамі аб філасофска-эстэтычным значэньні хвалі як асновы фізічнага сьвету (верш ЗЯНОНА: “Хваля ёсьць форма і формула хараства”), аб катэгорыі пустаты (верш “Пустата”), аб вечнасьці быцьця, аб высокім і нізкім у мастацтве, аб “трацінах” ЗЯНОНА (трохрадкоўях на аснове хоку) і іншым.

Размаўлялі таксама аб транслітэрацыі назвы кнігі “ТЭРРА ДЭЙ” з лацінскага выразу “TERRA DEI” на кірылічнае напісаньне. Аўтар падрабязна распавёў: “Транслітэрацыя на беларускія літары тут ня мусіць быць капіяваньнем лацінскіх літар і павінна адбывацца па фанетычным прынцыпе (па рэальным гучаньні), бо галосная “э” знаходзіцца пад націскам. У гэтым выпадку наступная галосная “і” скарачаецца і гучыць як “й”. Каб чулася доўгае “і”, трэба “і” паставіць пад націскам: “Дэ-і” (як, напрыклад, у абрэвіятуры ДАІ – дарожная аўтаінспэкцыя). Такая ёсьць прырода нашай мовы і моўнага апарату. Зацягваньне ненаціскнога “й” будзе абазначаць нішто іншае, як дадаваньне доўгай фанэмы “і” – “Дэй-і”. Таму рэальна ў малітвах заўсёды гучыць “й” (напрыклад, “Матэр Дэй”, “Агнус Дэй”) і г. д. Гэтыя якасьці, аднак, не абавязкова захоўваюцца пры расьпевах (прасьпяваць можна любую галосную). Але сьпевы – гэта ўжо іншыя правілы. Фармальнае капіяваньне лацінскіх літар пры транслітэрацыі на кірыліцу прыводзіць да ўтварэньня такіх слоў, як Лейпцыг, Гейнэ, Міоры і т. п. (транслітэрацыя па гучаньні павінна быць: Ляйпцыг, Гайнэ, Мёры). Транслітэрацыя ў мовах з лацінскім напісаньнем, практычна, ня робіцца”.

            А ўвогуле, паэт ЗЯНОН ці ня першы, які зрабіў такую транслітэрацыю лацінскага слова “Deі” у беларускім напісаньні яшчэ ў сваёй паэме “Вялікае Княства”.

            Беларусы, якія прыехалі ў ЗША і маюць магчымасьць вярнуцца на Бацькаўшчыну, ўражаныя ўбачаным і пачутым, пыталіся, ці можна будзе набыць кнігу “Тэрра Дэй” у Беларусі. Але, на жаль, гэта малаверагодна. Антыбеларускі  рэжым не прапускае кніг ЗЯНОНА ў Беларусь.

 

 Марыля Я-віч

 

Разварот з цыклу "БОГ"

 

Сонца

 Таму, хто чакае,

Што загляне сонца

У яго ваконца,

Сонца не загляне ніколі.

Сонца сьвеціць таму,

Хто да яго імкнецца.

 

Зімовы прыцемак у тумане

 

Прыбой

 

Срэбныя хвалі

 

Боскае неба

 

Воблакі   

Воблакі над вадой,

Як некалі.

І часам здаецца:

Вось яна, Айчына,

За небаспадам.


 

Белая чайка

 

Сакавік

 

Разварот з цыклу "Сьвятло Месяца" 

 

Рама

Хмара сплыла

І выглянуў Месяц.

Адбітак ад рамы вакна

На стале

Павольна спаўзае на край.

 

Разварот з цыклу "Разважаньні" 

 

Хваля

 Хваля ёсьць форма

І формула хараства


Чыстасьць. Разварот з цыклу "Партрэт"

 

Замілаваньне на бруклінскай эвеню

 

Чалавек з сабакам.  

 

Людзі

 У нацыі няма лішніх людзей.

Ад бадзягі і жабрака

Да акадэміка і палкаводца --

Усе патрэбныя. 


 


Летняя акварэль. 


* * *

Чалавек не адзінокі,

Бо ёсьць Бог.





 


 


Дадаць у: