НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ТОЛЬКІ ЗБРОЙНАЯ БАРАЦЬБА БЕЛАРУСАЎ СУПРАЦЬ РУСКІХ АКУПАНТАЎ ПАКІНЕ БУДУЧЫНЮ БЕЛАРУСІ

ТОЛЬКІ ЗБРОЙНАЯ БАРАЦЬБА БЕЛАРУСАЎ СУПРАЦЬ РУСКІХ АКУПАНТАЎ  ПАКІНЕ БУДУЧЫНЮ БЕЛАРУСІ

Пачынаючы з 17-га студзеня 2022 года Беларусь падверглася акупацыі расейскай ваеншчынай. Цяпер краіна цалкам акупавана. Акупанты праводзяць вайсковыя псэўдавучэньні (каб напалохаць Украіну) і ствараюць у Беларусі акупацыйную інфраструктуру, уводзяць кантрольны рэжым (праверка дакумантаў ва ўсіх беларусаў, што едуць самаходамі на дарогах), будуюць казармы і гарнізоны.

Захад робіць выгляд, што нічога не разумее і ня бачыць. З сур’ёзнай чэмбэрленаўскай упэўненасьцю заходнія палітыкі гавораць пра нібыта "манеўры" ў Беларусі, куды ўламаліся амаль дзьве расейскія арміі і армада збройнай тэхнікі з усёй Расеі.

Але вось, нарэшце, Захад, як быццам, пачаў нешта казаць у сваім класічным прытворным стылі. Далей цытата:

"Сэнатар-рэспубліканец Джэймс Лэнкфард унёс у верхнюю палату Кангрэсу ЗША праект «Закону аб адказнасьці Беларусі за агрэсію»... «Беларусь упускае ў сваю краіну тысячы расейскіх вайскоўцаў на мяжу з Украінай", -- гаворыцца ў праекце ...

"Праект закону прадугледжвае, што ЗША ня будуць рабіць адрозьненьняў паміж Расеяй і Беларусяй.., да Беларусі будуць ужытыя жорсткія эканамічныя і дыпляматычныя санкцыі» https://www.svaboda.org/a/31700182.html

Вось так, спадары Беларусы. Салдафонскае "мысьленьне" сьведчыць Вам ўсім (і патрыётам, і "невераятным", і "нашпрэзідзентам", і "зачэмэтатязык") сьведчыць, што гэта, аказваецца, Вы вінаватыя ў тым, што Вас акупавалі і ўзялі ў закладнікі ворагі нацыі. Таксама Вы, маўляў, не закладнікі агрэсараў, Вы "агрэсары". Па-іхнаму, па-заходняму, гэта не расейскіх акупантаў, а Вас трэба прыдушыць эканамічнымі санкцыямі за тое, што Вас, закладнікаў, гнобяць, кідаюць ў турмы, катуюць, звальняюць з працы, зьневажаюць лукашысты і ворагі чалавецтва. Санкцыі на Вас, прыдушаных у вязьніцах, абрабаваных, запалоханых, бяспраўных ды беспрацоўных -- санкцыі! За Лукашэнкам -- Пуцін. А вы -- хто?

Тут -- логіка "варвараў" у белых манішках, пуцінскае думаньне ў заходніх мазгах. Памятаем -- захапілі школу чачэнцы ў Беслане, тысяча дзяцей у закладніках. Страляць па ўсіх з танкаў і вогнямётаў загадаў крамлёўскі Пуцін -- сотні трупаў. Захапілі тэатр на Дуброўцы, гледачы ў закладніках. Загадана пусьціць газ -- 130 трупаў. Падрывы дамоў з жыхарамі ў Маскве й Волгадонску... -- 300 трупаў.

За тое, што Масква ўдзерлася ў наш беларускі дом, могуць яшчэ і бомбы на нашыя галовы зьлятаць, каб памяталі, як п’яны прыпеў, што "Пуцін мудры", "абы вайны не было" і што Расея Ваш "друг". Захад Вас навучыць Маскву палюбіць. Кланяйцеся да зямлі паганай Маскве.

Гэта, вядома, іранічны пасаж і публіцыстыка. Ня трэба крыўдаваць, браты-беларусы, бо ў тут праўда. Але калі сур’ёзна -- выснова простая і вечная, як сьвет: калі ня будзе, як найхутчэй, беларускага збройнага супраціву маскоўскім акупантам, -- нас, беларусаў, закапаюць і расейцы, і Захад (з дапамогай газпрамаўскіх калабарантаў) і абвінавацяць яшчэ ў агрэсіі і вайне, і забяруць усё, і разьдзяруць на часткі. Такое было не адзін раз у нашай гісторыі.

Тое што адбылося цяпер і што адбываецца на нашых вачах, мы назіраем (і пастаянна паведамляем) ад самага пачатку татальнай інвазіі расейскай ваеншчыны на Беларусь. Пад гучную і ў значнай частцы фальшывую кампанію (разьвязаную Вашынгтонам і Крамлём) аб баццам бы немінучым збройным нападзе Расеі на Украіну, адбылася акупацыя Беларусі расейскім войскам і рыхтуецца яе поўны аншлюс.

Прапаганда аб расейскай пагрозе Украіне стала дымавой заслонай над захопам Беларусі для палітычных маніпулятараў. Паўтаруся: маўчаньне Захаду аб відавочнай, нахабнай, маштабнай акупацыі Беларусі Расеяй і дурацкія законапраекты ў Верхняй палаце Кангрэсу ЗША аб пакараньні Беларускага народа «за агрэсію» – гэта ня ёсьць вынік неразуменьня і палітычнай блізарукасьці адпаведных палітыкаў. Захад ня хоча нічога бачыць, таму што гуляе ў эгаістычную сваю гульню аб уладзе і інтарэсах. Гэтак жа, як гуляе Крэмль (ня кажам ужо пра Лукашэнку).

Першае, што трэба цяпер неадкладна рабіць беларусам у такой сітуацыі, гэта зьвярнуцца ў ААН, у Раду Бясьпекі ААН, у Місію ЗША пры Радзе Бясьпекі ААН з патрабаваньнем прызнаць Расею краінай агрэсарам і акупантам, і, галоўнае, -- засьведчыць Беларусь акупаванай краінай.

Толькі трэба ведаць, хто сядзіць у Радзе Бясьпекі і хто распараджаецца ў ААН (каб ня мець ілюзій). Мы (Беларускі Нацыянальны Сакратарыят «Вольная Беларусь») 31-га студзеня гэтага году ўжо зьвярталіся і на паседжаньне Рады Бясьпекі, і ў Місію ЗША пры Радзе Бясьпекі аб акупацыі Беларусі і аб вывадзе зь Беларусі акупацыйных расейскіх войскаў. Вынік быў прадказальны (я глядзеў непасрэднае ўключэньне паседжаньня Рады Бясьпекі).

Тым ня менш усім Беларускім арганізацыям трэба пісаць у ААН. Наша краіна Беларусь ёсьць сябрам і фармальна заснавальнікам ААН. Трэба звяртацца туды абавязкова, але не спадзявацца, бо ў гэтай сітуацыі ёсьць толькі адзін рэальны шанец прызнаньня Беларусі акупаванай краінай – гэта збройная барацьба беларусаў супраць рускіх акупантаў. Ворага трэба зьнішчаць.

Супраціўляймася акупацыі і акупантам дзеля волі, свабоды і будучыні Беларусі.

 

12 люты 2022 год

Зянон Пазьняк

(Ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту "Вольная Беларусь")

Дадаць у: