Сёньня (6-га ліпеня) пачуў па радыё, што згодна сацыялагічных дасьледваньняў 60 адсоткаў амэрыканцаў падтрымліваюць палітыку Трампа адносна мігрантаў. Увогуле, гэта ўзважаная палітыка. Але ў атмасфэры той дзікай прапаганды, траўлі і нянавісьці, якую ашалела раскруцілі супраць Трампа дэмакраты, левакі і лібэралістычныя СМІ (а іх пераважная бальшыня) цьвярозая ацэнка народа Амэрыкі вельмі сымптаматычная.
Увогуле Трамп набірае палітычны вопыт, ператвараецца ў пасьпяховага палітыка, мае ў гэтым сэнсе шмат неабходных якасьцяў.
Паводзіны яго ў Польшчы проста бліскучыя. Уся ягоная хвалебна-гратэскавая прамова -- гэта выдатная адпаведнасьць псіхалогіі палякаў, тое, што ім трэба казаць. І яны (бяз цені сумненьня) такія шчасьлівыя.
Трамп выкарыстаў польскую пляцоўку як сілавы пляцдарм для перамоваў з Пуціным. Прытым добра скарыстаў, абазначыў тэму і пазыцыю, на якую Пуцін вымушаны будзе даваць адказ.
6 ліпень 2017 г. Зянон Пазьняк