Дарагія землякі, дарагія беларусы! Вітаю ўсіх на сьвятой курапацкай зямлі ў слаўны Дзень Дзядоў – Дзень памяці нашых продкаў!
Дзяды – гэта адно з найважнейшых нашых нацыянальных сьвятаў, якое пачынаецца з глыбокай старажытнасьці і потым арганічна ўплывае ў традыцыю хрысьціянскай цывілізацыі. Найперш, гэта сьвята салідарнасьці зь вечнасьцю, з жыцьцямі продкаў і былых пакаленьняў. Другое – гэта сьвята народнага адзінства, калі адкладваюцца ў бок усе канфлікты і людзі разам ідуць на могілкі ўспомніць памерлых. Памяць продкаў лучыць жывых.
І невыпадкова, што Дзяды сталі гістарычным і на сёньняшні дзень ужо сакральным сьвятам нашай свабоды. За саветамі сьвяткаваньне Дзядоў было, фактычна, забаронена. Людзі памяталі, але масава яно не адзначалася. Дзяды вярнуў да агульнанацыянальнага жыцьця Беларускі Народны Фронт. І адбылося гэта 30-га кастрычніка 1988 года, калі масы людзей вышлі на вуліцу і зь белымі кветкамі (а сымвал Дзядоў – гэта белы колер) – накіраваліся на месца збору на Ўсходнія могілкі ў Менску.
У гэты ж дзень адбылося першае выпрабаваньне і баявое хрышчэньне Фронту. Камуністы сьцягнулі да могілак велізарныя міліцэйскія і вайсковыя сілы, зьбіраліся справакаваць сутыкненьне і пусьціць кроў, а потым зьвярнуць віну на людзей, на Народны Фронт і разграміць народны рух у самым зародку.
Нічога гэтага камуністам зрабіць не ўдалося. Народны Фронт аказаўся разумнейшым і подлая правакацыя камуністаў правалілася. Менск тады прачытаў лекцыю для ўсяго Савецкага Саюза і паказаў, што камунізм, яго збройную сілу можна перамагаць мірным шляхам, розумам і рашучасьцю, не баючыся пагроз, ахвяр і рэпрэсіяў.
Тым часам калі б камуністы змаглі тады патапіць першыя масавыя Дзяды ў крыві, то гэта стала б знакам для пагрому дэмакратычных рухаў ва ўсім Савецкім Саюзе і распад СССР мог пайсьці зусім іншым, не мірным шляхам.
У пачатку 90-х гадоў, пасьля здабыцьця Незалежнасьці Беларусі дэпутаты ад БНФ у Вярхоўным Савеце дамагліся таго, што Дзяды былі аб’яўлены дзяржаўным усенародным сьвятам – Днём памяці продкаў. Сьвяткавалася яно 2-га лістапада і было нерабочым сьвяточным днём.
Прыйдзе час, Беларусь вызваліцца ад цемры цёмнай улады і сьвята Дзяды зноў вернецца на дзяржаўны пасад, на сваё належнае месца.
Сёньня мы сьведчым, што нягледзячы на цяжкі час сьвята Дзядоў існуе і жыве ў нашых душах. Пашырайма яго і адзначайма разам. Гэта ёсьць тая духоўная аснова, якая яднае і лучыць увесь народ. Наша гісторыя – гісторыя Курапатаў і Дзядоў – пацьвердзіла тое.
Адраджэньне нашай Незалежнасьці і свабоды і адмова ад СССР пачалося 25 гадоў таму якраз з Курапатаў і сьвяткаваньня Дзядоў. Больш таго, нашае сьвята Дзяды ўплывала на культуру і змаганьне іншых народаў (характэрны прыклад – Польшча).
Трымаймася разам з нашымі Дзядамі і шануйма Беларусь – нашу Бацькаўшчыну, нашу Беларускую мову, наш сьвяты беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, нашу гісторыю і культуру, нашых слаўных Дзядоў. Бо хто яны рэальна нашыя беларускія Дзяды? Гэта Васіль Быкаў і Кастусь Каліноўскі, гэтман Астрожскі і Янка Купала, Францыск Скарына і Максім Багдановіч. Зь імі трымайма духоўную лучнасьць, іхныя справы і вобразы майма ў галаве і ў сэрцы. Вось гэта ёсьць наша сьвятло сярод цемры, што апанавала нашу краіну. Жывучы ў сьвятле – выжывем і пераможам, і будучыня Беларусі будзе прыгожай.
Слава нашым Дзядам! Слава Беларусі! Слава героям!
Зянон Пазьняк
2 лістапада 2013 г.