Адносна нямецка-расейскай антыбеларускай палітыкі мы павінны памятаць, што гэтая палітыка ўзьнікла ня сёньня і ня ўчора, а даўно. Яна прывяла да ліквідацыі Рэчы Паспалітай і нашай свабоды, да паняволеньня народаў Усходняй Эўропы, выклікала I-ю і II-ю Сусьветныя войны і працягваецца вось ужо трэцяе стагоддзе. Ня цяжка пралічыць, да чаго яна можа прывесьці.
Свабода Беларусі залежыць не ад добрых стасункаў з Расеяй і Нямеччынай (іх ня будзе, пакуль існуе Расея), а ад самых беларусаў і ад існаваньня незалежнай Украіны, Польшчы і Летувы, ды добрых дачыненьняў з гэтымі суседзямі. Гэтак сама незалежнасьць Украіны залежыць ад існаваньня вольнай Польшчы, Беларусі і Летувы, а незалежнасьць Польшчы — ад вольнай Украіны, Летувы і Беларусі. Тут ўзаемасувязь.
Для нас — народаў-суседзяў — гэта „алфавіт", правіла, пацьверджанае гісторыяй, якое мы мусім ведаць напамяць. Гэта рэальнасьць, якую мы сузіраем. Калі мы хочам вольна, незалежна й добра існаваць у сьвеце, то ўсе мы ва Ўсходняй Эўропе павінны трымацца салідарна, разам, падтрымліваць адзін аднаго. Гісторыя і рэчаіснасьць пацьвярджаюць, што Захад ёсьць Захад, Усход ёсьць Усход, а мы — ёсьць мы.
Нямецка-расейская палітыка вядзе да таго, каб у пэрспэктыве немцы маглі расправіцца з Польшчай у „аб’яднанай Эўропе", а расейцы — зь беларусамі, украінцамі і летувісамі ў адноўленай Расеі. Над усёй гэтай тайнай і яўнай палітыкай чадзіць дым дэмагогіі пра дэмакратыю і правы чалавека. У той час, калі добра відаць, што ўсю гэтую дэмакратыю яны, не задумваючыся, здаюць за нейкую лядашчую трубу (ня кажучы ўжо пра „чалавекаў").
Зянон ПАЗЬНЯК (3 выступу на сьнежаньскім Сойме БНФ)
Беларускія Ведамасьці, № 31 | сьнежань 2000 г.–студзень 2001 г.