Нядаўна ўступіў у дзеяньне лукашысцкі закон аб беларусах замежжа. Адказным за яго ажыцьцяўленьне і датрыманьне празначана Міністэрства замежных спраў (гэта значыць – міністар спадар-гэбіст Макей). Да гэтага часу і без такога закону рэжымнае гэбэ праз рэжымныя амбасады рабіла сваю чорную справу па захопу і разбурэньні беларускіх арганізацыяў за мяжой, якія паўсюдна ўзьніклі ў 90-х гадах. Тэхналёгія была простай. У асяроддзі беларускай арганізацыі агентура шукала няўстойлівых людзей. Іх запрашалі ў амбасаду, вялі нібыта патрыятычныя размовы пра агульныя беларускія інтарэсы, пра агульную зацікаўленасьць у культуры, пра кансалідацыю высілкаў, бо, маўляў, “Беларусь у нас адна”. Прапаноўвалі агульныя пляны працы на культурнай глебе, абяцалі фінансаваньне, намякалі на асабістыя грашовыя выгады. Пры падатлівасьці на ўгаворы такі “кліент” раптам рабіўся актыўным і пачынаў прапаноўваць розныя сумніўныя ініцыятывы ў беларускай арганізацыі. Заўсёды знаходзіліся шчырыя прастакі, якія яго падтрымлівалі. Іншыя, натуральна, -- не падтрымлівалі. Пры напорыстай актыўнасьці “кліента” (кліентаў) узьнікаў канфлікт, потым склокі, накіраваныя на захоп арганізацыі ініцыятыўнай групай, і (у выпадку захопу) заканамерны раскол арганізацыі на дзьве часткі, зь якіх адна заставалася на беларускіх адраджэнскіх пазыцыях, другая пачынала супрацоўнічаць з лукашысцкай амбасадай, атрымліваць адтуль падтрымку і грошы, удзельнічаць у мерапрыемствах рэжыму, карыстацца чырвона-зялёным сьцягам, гэрбам “капуста”, падтрымліваць лукашысцкія выбары, маўчаць пра палітвязьняў, пра зьнішчэньне беларускіх школаў і г. д.
У канцы 90-х – пачатку 2000-х такая “апэрацыя” адбылася ва ўсіх беларускіх арганізацыях на абшарах былога СССР. Беларускія арганізацыі раскалолі ўсюды: і ў Расеі, і ў Прыбалтыцы, і ва Украіне, і ў Малдове – усюды. Разьбілі напалам нават такую моцную структуру, як ТБК у Вільні. Усюды ўжывалася апісаная вышэй мэтода. Не атрымалася толькі ў Амэрыцы, у Канадзе ды ў Вялікабрытаніі.
У ЗША на падбой былі кінутыя істотныя сілы з Масквы. Нічога не ўдалося. Бясслаўна праваліліся ўсе атакі і знаныя ўжо тут квазі-епіскап Салагуб, маскоўскі шпіён Чудзін-Васілеўскі, дзяк Якунін, квазі-епіскап Касьцюк etc. (Небарака Чудзін-Васілеўскі, праваліўшыся, ад растройства нават напісаў у Інтэрнэце злосную сагу аб сваёй барацьбе зь беларусамі пад загалоўкам “10 лет в тылу врага”.)
Зьяўленьне Макея ў замежнай палітыцы таксама не прайшло незаўважна. Зноў пачалі ўзьнікаць у Нью-Ёрку “актыўныя суб’екты”, пранікаць у беларускія арганізацыі, выступаць з пустапарожнімі ініцыятывамі, ствараць склокі ў калектыве, рыхтаваць каманды ды рэйдарскія захопы арганізацыяў. Камічна ўжо выглядае гэтая зацяганая партытура з выканаўцамі-актывістамі.
Ня так даўно знайшоўся такі чарговы “кліент” у Брукліне. Пабываў у рэжымным дып. Прадстаўніцтве пры ААН і аб’явіў, што стварыў каманду маладзёнаў ды зьбіраецца ачоліць гарадзкі аддзел Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА), а ранейшае кіраўніцтва – ськінуць. У выніку 1-га чэрвеня адбыўся выбарчы сход БАЗА, на якім за стварэньне склокаў, за супрацоўніцтва з лукашысцкімі структурамі, за нечыстаплотнасьць у грашовых дачыненьнях маладзёны і сябры арганізацыі выключылі зь яе актыўнага “кліента”. Тут беларусы адрэагавалі рашуча, як украінцы: прагаласавалі і -- пайшоў прэч. Мусяць жа засвойвацца і гісторыя, і вопыт.
Цяпер, дарэчы, розных тыпчыкаў, аматараў за падачкі аб’яднацца вакол Лукашэнкі пад чырвона-зялёнай меткай зьявілася шмат дзе. Рэжым думае такім чынам узбудзіць у гопнікаў свой зялёны застабільны патрыятызм. Тут і хакей скарысталі.
Але марная справа. Ня будуць гопнікі паміраць за вусатага кліента Масквы.
3 чэрвеня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК