22 сьнежня вечарам кіраўніку маёй Ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў сп. Папкову патэлефанаваў з ЦВК спадар Лазавік і бадзёра паведаміў, што мая група будзе зарэгістраваная, толькі трэба электронныя адрасы ўдзельнікаў групы.
Нараніцы 23 сьнежня ў кватэры старшыні ЦВК спадарыні Ярмошынай трывожна зазваніў тэлефон. Ноччу “адказныя па выбарах” прачыталі ў Сеціве маё паведамленьне пра “Народнае галасаваньне” і строга са спадарыняй Ярмошынай пагаварылі.
Спадарыня Ярмошына тут жа пачала казаць адваротнае, што “юрыдычна спадар Пазьняк ня мае права браць удзел у дадзеных прэзыдэнцкіх выбарах”. Прачына: “няма сэнсу даваць яму магчымасьць ўдзельнічаць у выбарах зараз, – сказала спадарыня Ярмошына, – яго ўжо наогул цяжка назваць дзеючай фігурай у беларускай палітыцы” (з 1996 года аб’яўлены калегамі Ярмошынай “полтическим трупом” – З.П.). “Рашэньне, якое было прынятае ў яго дачыненьні ў 2001 годзе, насіла хутчэй палітычны характар”, – паведаміла старшыня ЦВК.
І трэба ж было такому здарыцца. Засядаў Канстытуцыйны Суд, вызначыў юрыдычны зьмест і “прававую пазыцыю” па артыкуле 80 Канстытуцыі і на запыт ЦВК прыняў рашэньне, што: “Цэнтральная Камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў мае прававыя падставы для рэгістрацыі ўказанай ініцыятыўнай групы” (З. Пазьняка), а спадарыня Ярмошына, атрымаўшы рашэньне Суда, узяла і прыняла тады “палітычнае” рашэньне. Ну і ну!
Ёсьць для гэтага выпадку спэцыяльнае расейскае слова з трапнымі алітэрацыямі – “лукавит” спадарыня Ярмошына! Гэта цяпер ёй хочацца прыняць палітычнае рашэньне, хоць ЦВК ня мае права гэтым займацца, інакш нішчыцца сама прырода выбараў.
Разумеем: на ЦВК ціснуць, лёгкая паніка, думалі, што мы не падрыхтаваныя да выбарчай кампаніі, думалі зрабіць выгляд дабрапрыстойных выбараў, спадзяваліся на антураж мілінкевічаў, як некалі на ганчарыкаў, а тут, аказваецца, што па ўсіх зандажах актыўных выбаршчыкаў мілінкевічы ўжо цяпер прайграюць Пазьняку. Якая непрыемнасьць! А што будзе потым? Плюс народнае галасаваньне.
Ну, вядома ж, трэба “палітычнае” рашэньне. Ато прыедзе Пазьняк, да захоча з Лукашэнкам па тэлебачаньні пагаварыць тэт-а-тэт перад усімі, ды задасьць яму некаторыя пытаньні. І ведаеце якія гэта пытаньні? Вядома, спадары, ведаеце. Мы даўно знаёмыя.
Так што лепш для яго палітычнае рашэньне. Тым больш што куды дзенешся, усе юрыдычныя і грамадзянскія правы засталіся за мной, гэтак жа як і грамадзянства, і месца пастаяннага пражываньня – там дзе я прапісаны ў Менску, дзе працую старшынём партыі, зацьверджанай Мінюстам, а не там, дзе часова знаходжуся. Мой статус у ЗША – гэта азыль, часовае знаходжаньне. Я ня маю “зялёнай карты”, я не прыехаў сюды (у Штаты) жыць ці ўладкоўваць жыцьцё. Я выехаў змагацца, весьці палітычную барацьбу за волю і будучыню Беларусі. (На Беларусі пэрспэктыву палітычнага змаганьня мне зачынілі, рыхтавалі “ліквідацыю”). З усіх тысячаў цяперашніх беларускіх эмігрантаў я адзіны, хто прафэсійна займаецца палітыкай і не ўладкаваў у ЗША свой статус і быт. Мой быт і маё жыцьцё – на Беларусі. Я там прысутнічаю ўсе гэтыя гады і “адказным па выбарах” гэта добра вядома.
Мушу сказаць у заключэньне гэтага фэльетона (сама рэчаіснасьць з ЦВК – фэльетон), што “палітычнае” рашэньне таксама не застане нас у расплох. Гэтым самым адразу будзе зьнята маска нармальнасьці і дабрапрыстойнасьці з цяперашніх выбараў. “Элегантнай перамогі” ужо не паўторыцца.
Зянон Пазьняк
25 сьнежня 2005 г.