НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ТВАНЬ

ТВАНЬ

Перабіраючы ў памяці савецкіх міністраў культуры БССР і аналізуючы дзейнасьць міністэрства за некалькі дзясяткаў гадоў, я не магу ўспомніць ні воднага выпадку, каб гэтае ведамства паспрыяла калі-небудзь беларускай культуры, нечаму новаму, творчаму, беларускаму. Асноўная функцыя савецкага міністэрства культуры заключалася ў дзеяньнях не пускаць, не рабіць, забараняць і ўсё гробіць.

            Паколькі сёньня сістэма, у  прынцыпе, не зьмянілася, то і ўсе функцыі грабавога міністэрства і задачы выкананьня засталіся.

            У панядзелак 8-га кастрычніка на нарадзе грамадзкасьці і прадстаўнікоў ведамстваў у Курапатах мы ўбачылі тое, што ўсім даўно вядома. Пытаньне было ў тым, каб ня ставіць чужародную канструкцыю ў якасьці афіцыйнага памятнага знака ад улады на Галгофе, і ўвогуле -- у  Народным Мэмарыяле. Чужародная канструкцыя выглядае дысанансам, разбурыць вобраз і сакральны дух Народнага Мэмарыялу. Прапанавана вынесьці яе за межы Курапатаў на спэцыяльную мэмарыяльную пляцоўку.

            Была таксама кампрамісная прапанова -- паставіць канструкцыю перад уваходам у Курапаты. З гэтым, у прынцыпе, пагаджаліся аўтары Знака (і зразумела, чаму: для канструкцыі месца перад уваходам лепшае). Вагаліся прадстаўнікі афіцыёзу. Можна было пайсьці на такі кампрамісны варыянт. Грамадзкая Дырэкцыя Народнага Мэмарыялу таксама не пярэчыла. Мог быць кансэнсус.

            Але ж -- не. Рогам уперлася прадстаўніца Міністэрства культуры. Усе ўбачылі тое, што і належыла ўбачыць -- задумку разбурэньня Мэмарыяла праз дысананс і разьмяшчэньне Знака на Галгофе ды перадачы потым Знака і тэрыторыі вакол яго ва ўладнае ведамства. А яно ўжо, гэтае ведамства,  зробіць з Курапатамі -- як загадаюць. Міністэрства культуры тут выконвае задачу, бо антынародная ўлада пабудавана так, што ўсё зыходзіць ад адной асобы. (І мы ведаем гэтую асобу.)

            У аўторак 9-га кастрычніка пачалі капаць катлаван пад "страшны" знак (бо ён сапраўды брыдкі і страшны).

            Абавязкова неабходны грамадзкі пратэст. Нават, калі глядзець у будучыню, -- патрэбны. Ён неабходны. Зараз Галгофу псуюць. Да ўсяго, да чаго датыкаецца гэтая рэжымная ўлада -- усё ператвараецца ў брыдкасьць.

            Звычайна, пры такім нахрапе ўлады праблема вырашаецца проста. Але для гэтага патрэбнае пакаленьне сьветлых 90-х гадоў. Прыходзяць некалькі тысяч людзей, ці нават некалькі сот з рыдлёўкамі -- за пяць хвілін засыпаюць катлаван і кажуць усім выматвацца з Курапатаў разам з тэхнікай. На гэтым усё і скончыцца. Такое ўжо было ў 2002 годзе, калі экскаватар выкапаў глыбокую траншэю, мэтраў 30 даўжынёй, ад акружной дарогі проста пад Крыж Пакуты для адводу вады па трубе. Задума ўлады была такой: затапіць гэтую частку Курапатаў, зрабіць пад Крыжам твань і непрасыхаючае балота. Сябры КХП-БНФ напісалі ў Савет Міністраў, у дэпартамент Аўтамабільных дарог. Угаворы не дапамагалі. У іх былі "аргумэнты".

            Тады прышло чалавек 30 мужчын з нашай партыі КХП--БНФ і за сьветавы дзень закапалі роў рыдлёўкамі. Прылятала міліцыя, прыехаў пракурор, начальства, КГБ, прывезьлі АМОН. Мужчыны сталі шчыльна і сказалі: ну, давайце, забараняйце. Толькі галовы рыдлёўкамі пашчапаем.

            На гэтым скончылася. Траншэю закапалі рыдлёўкамі і параўнялі. Рыдлёўка, як і каса, -- добрая прылада за свабоду і справядлівасьць. Прытым -- рыдлёвак поўна. Толькі інсургентаў нямашка.

 

19 кастрычніка 2018 г.                                                                                    Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: