НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

У Беларусі адыгралі чарговы выбарчы фарс

У Беларусі адыгралі  чарговы выбарчы фарс

(Выступ на верасьнёўскім 2016 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

 

Паважаныя сябры Сойму, вітаю Вас у Бацькаўшчыне, зычу ўсім здароўя і сілы перад новымі вызваньнямі.

Гэты год для нас юбілейны і важны дзеля асэнсаваньня гісторыі беларускай Незалежнасьці. 25 гадоў таму ў Беларусі адбыліся паваротныя падзеі. Бальшыня з нас была іх удзельнікамі, змагалася за свабоду краіны і вярнула дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. На гэта беларусам спатрэбілася 200 гадоў і ўжо нашаму пакаленьню выпаў гонар падняць над краінай наш сьвяты Сьцяг дзяржаўнай Незалежнасьці.

25 Жніўня ў гэты сакральны дзень сябры нашай народнай партыі прыгожа і на добрым узроўні адзначылі беларускі юбілей дваццаціпяцігоддзя Незалежнасьці. Урачыстасьць адбывалася ў добрай залі, абсталяванай электронікай і дапаможнай апаратурай. Імпрэза была арганізавана як сустрэча грамадзкасьці з дэпутатамі Незалежнасьці. Прысутнічала дзесяць дэпутатаў. Кожны выступіў з успамінамі аб тых вялікіх днях і далёкім часе. У залі, упрыгожанай беларускімі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, панавала чыстая прыгожая атмасфэра ўрачыстасьці і адзінства.

Цікава, што на гэтую галоўную імпрэзу юбілею мясцовыя сродкі масавай інфармацыі сваіх карэспандэнтаў прыслалі. Яны бралі інтэрв’ю, здымалі дэпутатаў, адлюстравалі ўвесь ход юбілею, аднак ў СМІ нічога не зьявілася. Паведамілі пра нейкія маргінальныя зьявы, але пра юбілейную ўрачыстасьць Незалежнасьці – ні слова. Аж дзіва бярэ як зладжана там працуе журналісцкая кантора і дысцыпліна на вышыні.

Дарэчы, тут вельмі яскравая ілюстрацыя таго, што рэальна ў нас адсутнічаюць нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі. Вытаптана ўсё моцна. А тое, што засталося, не валодае добрым журналісцкім корпусам, асабліва ў плане творчай пазыцыі і нацыянальнай ідэалогіі. Мы ўвогуле ня маем моцных журналістаў “ад клясы”, якіх бы людзі спэцыяльна чыталі, якія б пісалі высока пра нацыянальныя праблемы, пра добрае, чыстае, сьветлае. Шэрасьць, драбната, прыстасавальніцтва ды жоўтае піжонства. Гэта ўжо ёсьць вынік цемры і маразму калгаснай дыктатуры. Нічога не вырастае ў гэтай заплясьнелай інтэлектуальна адсталай дрыгве. Ня маем ні нацыянальнай журналістыкі, ні нацыянальнага фотарэпартажу, ні нават фатаграфіі, ні нацыянальнага тэлебачаньня, ні нацыянальнага радыё, ні кіно. Вось гэта ёсьць нацыянальная трагедыя.

Калі дзе і ёсьць нацыянальны творчы дух, то ён несвабодны. І не таму, што свабоды няма, а таму што ён па-рабску топча сябе сам, каб пазьбегнуць праблем.

Агульнавядомая веда такая: мастацтва (найперш літаратура) найлепш разьвіваецца і дае высокія ўзоры творчасьці ва ўмовах народнай несвабоды. Бо творцы пішуць тады сэрцам. Бо попел Клааса стукае ў сэрца.

Праўда, ніхто ў гісторыі не перажываў лапцюжнай цемры калгаснай дыктатуры. Можа ў гэтым прычына? Выключны выпадак. Хаця ўвогуле ўсё ж тут звыклая зьява.

Але спыню свае пабочныя разважаньні, вернемся да штодзённасьці і палітыкі.

У мінулую нядзелю, 11 верасьня, адбыліся чарговыя фальшывыя выбары. Наша Партыя праводзіла назіраньне за галасаваньнем. Нашыя назіральнікі адзначылі, што бадай ніколі яшчэ фальшаваньне галасаваньня не адбывалася так нахабна і цынічна.

Усё ж такі наша канцэпцыя байкоту ашуканцкіх выбараў і няўдзелу ў фальшывым галасаваньні ўжо даўно (з 2008 года) дала плён і толькі ўмацоўваецца. Людзі зразумелі, што ўдзельнічаць у злачынстве рэжыму нельга, бо выбараў няма і ня трэба ствараць масоўку нягоднікам ад улады, каб яны выязджалі на народным гарбе. Людзі праігнаравалі фальшывыя выбары. На галасаваньне ў рэальнасьці прыйшло толькі 25-30 адсоткаў выбаршчыкаў. Рэжымныя выбары не адбыліся. Фальсіфікатары груба сфальшавалі яўку (фрэквэнцыю) людзей на галасаваньне. Нахабна завышалі лічбы прагаласаваных у некалькі разоў, нахабна кідалі пачкі чыстых бюлетэняў у скрыні для галасаваньня.

Характэрнасьць гэтых нізкіх паводзінаў на рэжымных выбарах яшчэ ў тым, што творцамі ашуканства і хамства зьяўляюцца настаўнікі, людзі, якія мусілі б несьці сумленнае, добрае, чыстае і навучаць гэтаму маладое пакаленьне. А яны дэманструюць ілжывасьць, плябейства і хамства ў сваім халуйстве перад калгасным рэжымам, які іх самых за грош ламаны ня ставіць.

Тут таксама трагедыя нацыі – да якога становішча апусьцілі нашых настаўнікаў, прыстасаваўшы іх да абслугі хамскага рэжыму.

А ўвогуле гэтая калгасна-фальсіфікацыйная сістэма выбараў пабудавана, як мангольская арда. Выбрачыя ўчастковыя камісіі прызначаюцца з працаўнікоў аднаго прадпрыемства, установы, школы і кіраўніком камісіі ёсьць дырэктар (адміністратар) такой установы. У выніку ўсе ўдзельнікі камісіі сацыяльна залежныя ад начальніка і вымушаныя калектыўна ілгаць. (Гэта, аднак, не збаўляе іх ад адказнасьці).

Для рэжыма важна было сфальсіфікаваць выбары і ашукаць увесь сьвет, назваўшы выбары сумленнымі і дэмакратычнымі. Увесь час рэжым такое робіць, каб дамагчыся міжнароднага прызнаньня сваіх выбараў. Гэта адзін з спосабаў легітымізацыі антыбеларускага рэжыма. Тут заўсёды адбываецца барацьба. Бо калі б, скажам, Захад такое прызнаў, то гэта абазначала б перш за ўсё ўзаконьваньне бяспраўя беларускага народа і яго абрабаваньня Расеяй.

А тым часам у Эўразьвязе дастаткова прадажных палітыкаў-левакоў і маскоўскай агентуры, якія маглі б заплюшчыць вочы на фальшэрствы, учапіцца за нейкія стандартныя палажэньні і выступіць за прызнаньне рэжымных выбараў у Беларусі. На гэта якраз разьлічваюць Крэмль і рэжымныя лукашысты. Але нічога ў іх не атрымліваецца, бо шыла ў мяшку не схаваеш.

У гэтым годзе, аднак, маючы на ўвазе тых левакоў і агентуру на Захадзе, рэжым, скарыстаўшы псэўдаапазыцыю, зрабіў сёлета новы фальшывы кульбіт дзеля ачкоў у Эўразьвязе. У палату прызначылі дзьвюх маргінальных жанчын: адну з псэўдаапазыцыі і адну з Таварыства Беларускай Мовы. Прызначэньне сталася ў сфальшаваных выбарах на ўчастках, дзе яўка была ніжэй за 50 адсоткаў і выбары не адбыліся. Тым ня менш жанчыны пагадзіліся са сваім прызначэньнем, заплюшчылі вочы на фальсіфікацыю і сталі распавядаць пра свае будучыя планы ў палаце. Спадарыня з ТБМ зрабіла сабе прыгожую прычоску (дарэчы, вельмі ёй да твару), зьмясьціла элегантнае фота, на якім яна такая прывабная, шляхетная, а закаранелай лукашыстцы дырэктару нясвіжскага «калэджа», якую ўжо, фактычна, прызначылі ў палатку, загадалі зьняцца з выбараў, каб вызваліць месца для кандыдыта ТБМ. Гэта такі ўдар для вернага слугі рэжыму, што бядачка не перажыла, захварэла і зьлягла ў роспачы і з тэмпературай. Во якія жарсьці, амаль шэкспіраўскія, адбываюцца ў хамскім царстве. З гэтага зразумела, што выпадак з прызначэньнем дзвюх мілых жанчынак, праз «выбары» ў палатку ёсьць агульным праектам улады і псэўдаапазыцыі, бо альтэрнатыва рэжыму так сябе не паводзіць.

Цікава было таксама назіраць за паводзінамі псэўдаапазыцыі, агентуры, троляў, журналістаў і іншых заангажаваных у “псэўда” асоб. Пачаліся голасныя ўсклікі аб “прарыве” “апазыцыі” у “парлямант”, аб “перамозе”, аб тым, што рэжым трашчыць і таму падобнае. І ўсё, практычна, дзеля таго, каб на Захадзе які-небудзь левы дзеяч адзначыў “прагрэс” на выбарах у Беларусі. Гэта, праўда, не такая ўжо і дробязь. Але трэба спадзявацца, што ў Эўразьвязе палітыкам хопіць розуму не купіцца на мякіне.

Калі мы гаворым пра байкот фальшывых выбараў у псэўдапарлямант, бальшыня людзей (акрамя ўсяго) слаба ўяўляе, з-за чаго йдзе тая фальсіфікацыя і барацьба. Згодна лукашысцкай Канстытуцыі, рэжымны парлямант, практычна, ня мае элемэнтарных парляманцкіх правоў. Гэта фармальная несамастойная прылада дзеля ўяўнай падтрымкі прэзыдэнцкай улады. Практычна, рэжыму ўлады ён не патрэбны, існуе толькі для антуражу. Гэтаму квазіпарляманту, згодна канстытуцыі дыктатуры, пакінута вельмі абмежаванае поле заканадаўчай дзейнасьці. Прытым любы парляманцкі закон можа быць адменены дэкрэтам або ўказам прэзыдэнта. Прытым калі прэзыдэнцкі закон у квазіпарляманце не праходзіць, то канстытуцыя прадугледжвае механізм, згодна якога прэзыдэнт распускае парлямант.

Рэжымны квазіпарлямант (палата) – гэта юрыдычнае падзікунства. Раю пачытаць канстытуцыю дыктатуры. Тут цікавае чытаньне. Дык навошта ж рэжым так шалёна фальсіфікуе выбары ў “палатку”, калі яна нічога ня значыць і ні на што не ўплывае?

На гэтае лагічнае пытаньне існуе адказ, як у беларускай прымаўцы: “Воўк сабакі не баіцца, але зьвягі ня любіць”. Рэжым баіцца “ляманту” у “палатцы”, у выніку якога для шырокага грамадзтва магла б выкрыцца ўся бутафорыя і нікчэмнасьць рэжымнага квазіпарляманту. Вось чаму мы ўвесь час казалі, што нікога “чужога” туды праз фальшывыя выбары не прапусьцяць, бо гэта не парлямант. Тое, у што быццам бы сыграў рэжым цяпер, яму нічым не пагражае. Гэта яго палітыка. Адна прыгожая жанчына займаецца бізнэсам, яе тата – бізнэс-мільянэр. У мафійнай краіне, дзе законы падпарадкаваныя інтарэсам груповак, гэта шмат значыць і рэгулюе паводзіны. Пра прадстаўніцу ТБМ увогуле не кажам. Ляманту ня будзе. Улады разумеюць. Хай сабе “працуюць” (“пілуйце, Шура, пілуйце”). Рэжым скарыстае.

У апошні час прыходзілася чытаць пра гэта, вось, маўляў, які спрытны лукашысцкі рэжым, так абдурыў Захад і накалоў “апазыцыю”.

Але і тут няпраўда. Не “накалоў” рэжым сваю псэўдаапазыцыю. Гэта яго ўзгоднены з псэўдай праект і зроблена гэта прымітыўна і груба. Гэта толькі ў нашым дэзарыентаваным грамадзтве ён можа выдаваць мыльныя бурбалкі за палітычную мудрасьць.

Дэмакратычны сьвет не павінен прызнаваць такія “выбары”. Для нас жа, для беларускіх палітыкаў, пэўная праблема, як я мяркую, усё ж узьнікае. Уключэньне штрэйкбрэхераў у “палатку” праз фальсіфікаваны працэс – гэта пэўны падкоп пад пазыцыю байкоту, які можа падняць з дна ўсялякую палітычную каламуць, якая пабяжыць на фальшывыя выбары. Зрэшты, наступных фальшывых выбараў можа ўжо і не адбыцца, бо рэжым скончыцца. Але мець на ўвазе наступствы варта і шырэй аргумэнтаваць канцэпцыю байкоту таксама.

Нам трэба засяродзіцца на альтэрнатыве. Альтэрнатыўная Беларусь ёсьць будучыня вольнай краіны. Трэба яе ўсім разам ствараць.

 

18 верасьня 2016 г.                                                                             Зянон Пазьняк

Дадаць у: