НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

У СУВЯЗІ З УВАРВАНЬНЕМ ЗЕМЛЯНЫХ ПРАЦАЎ У НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

У СУВЯЗІ З УВАРВАНЬНЕМ ЗЕМЛЯНЫХ ПРАЦАЎ  У НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

Антыбеларускім рэжымам распрацаваны шматступенны план зьнішчэньня Народнага Мэмарыялу Курапаты. Вылучаюцца два этапы:

1. У мастацка-вобразнай кампазіцыі Народнага Мэмарыяла, у цэнтральным кульмінацыйным месцы ("Галгофа") ставіцца чужародны памятны знак, які сваім дысгарманічным маштабам і антыэстэтыкай кампазіцыйна нішчыць вобраз Народнага Мэмарыялу, парушае яго асаблівы сакральны дух.

2. Устаноўлены чужародны знак, згодна існуючых правілаў, перадаецца на гаспадарчы баланс адпаведнай арганізацыі (мяркуецца, што музею Хатыні, альбо якой-небудзь "канторы") з выдзяленьнем адвольнай тэрыторыі вакол знака (хоць бы і ўсе Курапаты), дзе будзе цалкам распараджацца гэтая арганізацыя.

Гэта значыць, што свабодная воля людзей, накіраваная ў няспынны працяг Народнага Мэмарыяла як помніка вечнасьці ( устаноўкі памятных крыжоў), будзе спынена. Помнікі-крыжы з цягам часу будуць ліквідаваныя ведамасным парадкам.

Структуры антынароднай улады, якія цягам 24 гадоў імкнуліся зьнішчыць Курапаты, нельга пускаць у Народны Мэмарыял, які ўзьнік насуперак рэжыму з волі добрых людзей. Намеры гэтай ўлады фальшывыя і разбуральныя.

Заклікаю грамадзкасьць да рэгулярных пратэстаў супраць пабудовы чужароднай канструкцыі ў кампазіцыйным цэнтры Народнага Мэмарыялу Курапаты.

Мэтодыка пратэсту мусіць быць у форме прысутнасьці абаронцаў ў Курапатах і вакол Курапатаў, у растлумачэньні пазыцыі грамадзкасьці, у дэманстрацыі патрабаваньня не псаваць вобраз існуючага мэмарыяльнага помніка, не планаваць яго зьнішчэньня, не ўстаўляць афіцыйную канструкцыю ў кампазіцыю Народнага Мэмарыяла. Пры гэтым неабходна пазьбягаць првакатараў, правакацыяў і кампраметацыі пратэсту. Асобам, якія падпісвалі звароты ў афіцыйныя установы пажадана прысутнічаць у Курапатах.

Мусяць быць звароты да заказчыкаў афіцыйнага знака аб адкліканьні заказу і спыненьні працы, аб прыпыненьні яго рэалізацыі, аб грамадзкім абмеркаваньні пытаньня. Мусяць быць звароты да грамадзкіх і творчых арганізацыяў аб салідарнасьці і дапамозе. Разам з пратэстоўцамі пажадана прысутнасьць адвакатаў і журналістаў. Патэстныя дзеяньні неабходныя.

Наша пазыцыя, абаронцаў Курапатаў, шматкроць засьведчана. Мы прапануем з правага боку, побач з Курапацкім лесам (з боку Баравой), стварыць мэмарыяльную пляцоўку, дзе запраектаваць Сьцяну Памяці, месца для маленьняў і грамадзкіх мерапрыемстваў, музэй генацыду і тут жа ( а не на Галгофе) паставіць афіцыйны памятны знак.

Заўвага. Аўтары праекта афіцыйнага знака прапанавалі паставіць яго перад уваходам у Курапаты. Гэта магло б быць кампрамісным рашэньнем. Але ўлады не пагадзіліся. Гэтым яны засьведчылі задуму псаваньня і зьнішчэньня Народнага Мэмарыялу.

Удакладненьне. Пабудова дрэнажнай сістэмы, неабходнае асушэньне, падсыпка і выбрукоўка месца каля Крыжа Пакуты (брукаванка) ёсьць ідэя Грамадзкай Дырэкцыі Народнага Мэмарыяла Курапаты, якую яна хацела ажыцьцявіць. Гэтяя праца неабходная, можа адбывацца па тэхналёгіі пад наглядам археолагаў і сяброў Грамадзкай Дырэкцыі Мэмарыялу. Таксама не выклікае пярэчаньня выбрукоўка натуральным каменем (брукам) пешаходнай дарожкі над газатрасай, якая пракладзена праз Курапаты.

Сутнасьць небясьпекі і разбурэньня знаходзіцца ў цэнтры Мэмарыялу. Там трэба аберагаць сьвятыню Курапатаў.

15 кастрычнік 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК

POST SCRIPTUM.

Тое, што пачынае рабіцца ў Народным Мэмарыяле Курапаты -- усё вельмі сур’ёзна. Прасіў бы ўсіх сяброў, прыхільнікаў, пратэстоўцаў і валанцёраў прытрымлівацца дысцыпліны і ўзгадняць усе пытаньні з Грамадзкай Дырэкцыяй Народнага Мэмарыялу і яе кіраўніцтвам.

Дадаць у: