Як яны ўсе падобныя, гэтыя монстры савецкага кагэбізму – Пуцін, Лукашэнка, Януковіч! І ўсюды адзін маскоўскі лубянскі почарк утрыманьня ўлады: забіваць і душыць.
Януковіч перайшоў мяжу невяртаньня, паказаў сябе хітрай, але бязмозглай істотай, цалкам чужым для ўкраінскай нацыі чалавекам, залежным ад Пуціна.
Не было абставінаў і не было фармальнай прычыны (для злачынцаў істотнай) аддаваць загад на забойства дэманстрантаў. Ён жа паслухаў Пуціна і загад аддаў. Наперадзе яго чакае суд і трыбунал, а па закону рэвалюцыі ўкраінцы могуць цяпер абыходзіцца зь ім як з забойцам. Ён тое ведае, але забіваць ўсяроўна гатовы. Гэта тыповы бальшавік.
Гледзячы на ўкраінскую барацьбу з чужародным прамаскоўскім рэжымам, усклікаем: “Варты гонару і пашаны змагарны ўкраінскі народ!” Ён паказвае прыклад салідарнасьці, стойкасьці, самаарганізаванасьці і адвагі ў змаганьні за вольную Украіну, справядлівую ўладу і сьветлую ўкраінскую будучыню.
Мы падтрымліваем украінскую рэвалюцыю і рыхтуймася да сваёй. Вырадкі цемры, здраднікі і ворагі чалавецтва ўжо не схаваюцца. Рука адплаты і караючы меч нацыі дастане іх і на дне марскім.
Украінская рэвалюцыя расставіла кропкі над “і” і паказала тым, хто яшчэ ў нечым сумняваўся, што такое прамаскоўскі рэжым, расейскі гэбізм і гнілая эўрапейская палітыка.
Калі лілася ўкраінская кроў, вышэйшыя чыны Эўразьвязу абмяжоўваліся “заклапочанасьцю” і “шкадаваньнем”, раілі апазыцыі адмежавацца ад “радыкалаў”, выказвалі іншую палітычную тупасьць на карысьць Масквы. Спадарыня Мэркель назвала падзеі на Украіне “агіднымі” і “непрыймальнымі” і ўступіла ў перамовы з Пуціным, які сказаў ёй, каб не ўжывала адмоўных ацэнак да дзеяньняў украінскіх уладаў супраць дэманстрантаў, заклікаў яе падтрымаць Януковіча ў барацьбе з “экстрэмістамі-тэрарыстамі”. Пасьля гэтага яны яшчэ разам выказаліся за тэрміновыя меры па “нармалізацыі” становішча на Украіне. Злавесная прыкмета – гэтае іхняе “ўзаемаразуменьне”.
Цікавыя рэчы пачалі адбывацца ў гэты час у Беларусі. Амбасадар Ізраілю спадар Шагал назваў беларускіх палітвязьняў крымінальнымі злачынцамі. (Прытым Ізраіль не дэзавуяваў такое выказваньне.) У гэты ж час 18-га лютага, якраз тады, калі рэжым Януковіча распачаў збройны наступ на Майдан і забойствы ўкраінцаў, у Менск напоўтаемна прыязджае дэлегацыя Эўразьвязу для перамоваў з рэжымам на ўмовах Лукашэнкі. Размова ішла пра заходнія інвэстыцыі, эканамічнае супрацоўніцтва і фінансавыя ўліваньні ў рэжым. Ні пра якую дэмакратыю, “палітвязьняў” і “правы чалавека” гаворка больш не вялася.
На фота ніжэй можна бачыць гэты папярэдні эўрадэсант да “апошняга дыктатара Эўропы”. У цэнтры з чорнай гаспадарчай сумкай у руках стаіць эўразьвязаўская чыноўніца Майра Мойра (прадстаўніца Эўразьвязу ў Беларусі), побач містэр Шубель і дробная лукашысцкая “чынава”: Царык, Палагін, Шаўцоў і інш.
Мае камэнтары тут, думаю, непатрэбныя, бо мне ўвесь час прыходзіцца пастаянна казаць пра падвойнасьць стандартаў эўразьвязаўскай бюракратыі і пра арыентацыю яе на супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам. Супрацоўніцтва з дыктатарамі – гэта ўвогуле прыродная якасьць эўрапейскай палітыкі. Яны абгрунтоўваюць такую пазыцыю імкненьнем улагодзіць і перавыхаваць дыктатара, паўплываць і накіраваць яго на шлях дэмакратыі. Так эўрапалітыкі абыходзіліся зь Гітлерам, Леніным, Мусаліні, Сталінам, так цяпер гуляюць з Пуціным, Януковічам Лукашэнкам. Тупізм такой палітыкі карэніцца на генітычным філістэрскім узроўні. Ім бескарысна нешта тлумачыць. Трэба проста ведаць іх эўрапрыроду і рабіць адэкватныя высновы. Найгорай тут – мець ілюзіі.
Ня лішне нагадаць, што нашу магутную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае – разбурылі ў 18-м стагоддзі супольна разам азіяцкая Расея і нямецкая Эўропа, і з таго часу ў геапалітыцы ў прынцыпе нічога не зьмянілася. Адраджэньне Ўсходняй Эўропы ў 90-х гадах, нашу Балта-Чарнаморскую ідэю яны нішчылі таксама супольнымі намаганьнямі.
Украінскае змаганьне добра праілюстравала сутнасьць дачыненьняў народа менавіта з прамаскоўскай крымінальнай дыктатурай. Размаўляць зь ёй і прымусіць прымаць рашэньні можна толькі з пазыцыі рэальнай сілы. Прытым ніколі нельга верыць ніякім гарантыям, рашэньням, словам ды абяцаньням узурпатараў (сатрапаў, дыктатараў) і аслабляць сілавы ціск. Як толькі ўзьнікне паслабленьне, адразу будзе нанесены варожы ўдар у плечы народу і адкінуты абяцаньні. Тут ня дзейнічаюць чалавечыя правілы. Тут ардынская азіятчына ў поўным сэнсе слова.
20-га лютага ўвесь сьвет убачыў, як снайперы стралялі па безабаронных людзях на Майдане і забілі каля ста чалавек. Гэта забойцы і бандыты на службе антыўкраінскага рэжыму. У той жа дзень высьветлілася, што сярод бэркутаўскіх забойцаў ёсьць асобы з расейскага ОМОНу (і гэта пры шчыльнай мяжы з Расеяй). Вось дзе сапраўдная прычына нечуваных зьверстваў супраць украінцаў. Забіваюць украінцаў ворагі Украіны. Страляюць у жанчын, у сясьцёр міласэрдзя.
Украінская рэчаіснасьць паказвае, што беларуская рэвалюцыя мусіць адбывацца інакш. Адкрытая мяжа на ўсходзе, якую ліквідаваў злачынца, -- гэта шлюз для рускіх бандаў. Таму падыход у ліквідацыі антыбеларускага рэжыму мусіць быць іншым (асабліва ў тэрмінах).
Беларусам трэба рыхтавацца да рэвалюцыі. Яна будзе. Яна павінна быць, бо прамаскоўскія акупацыйныя рэжымы самы не зыходзяць. Да рэвалюцыі трэба быць сур’ёзна падрыхтаваным у любы час, і на падрыхтоўку яе накіраваць усю працу, улічваючы і паводзіны Масквы, і Эўразьвязу, і перашкоды з боку палітычнага сьмецьця псэўдаапазыцыі.
Падтрымаем Украіну! Цяпер на Украіне гартуецца воля вольнай Усходняй Эўропы.
20 лютага 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК