НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

УНУТРАНЫ СЬВЕТ

УНУТРАНЫ СЬВЕТ

          Калі зыходзіць з палажэньня, што чалавек як разумная істота і дух Сусьвету быў адразу створаны Богам, ці (альбо) у выніку зпраграмаванага разьвіцьця матэрыі, то прыходзім да высновы, што, побач з мовай, найвялікшай якасьцю чалавека як фэнамэна ёсьць ягонаядумка (здольнасьць думаць словамі) і ягоны  ўнутраны сьвет – здольнасьць адчуваць Сусьвет як рэальнасьць і ўяўленьне.

            Па велічыні ўнутранага сьвету мераецца маштаб і велічыня асобы. Па характару яго рэалізацыі вызначаецца якасьць чалавека.

            Унутраны сьвет такім чынам ёсьць катэгорыя разьвіцьця, якая вызначае індывідуальнасьць асобы. Ускосна, па гістарычных зьвестках, можа скласьціся ўяўленьне, што старажытны сьвет быў менш індывідуальна разнастайны і маштаб чалавечага духа быў іншым, бо ўнутраны сьвет як якасьць, характарыстыка, адметнасьць і ўзровень асобы не вылучаўся тады ў ацэнку чалавека. Гэтай катэгорыі як бы не існавала. Мераліся толькі асабістыя якасьці характару, якія ўплывалі на дачыненьні: дабрыня, злосьць, чэснасьць, хітрасьць, хцівасьць, сьмеласьць, баязьлівасьць і г. д.

            Тым часам глыбіня ўнутранага сьвету асобы і яе пасіянарнае выяўленьне былі, відаць, такія ж, як і цяпер, магчыма хіба больш выразна акрэсьленыя. Пра гэта выдатна сьведчаць егіпецкія пасьмертныя (“фаюмскія”) партрэты людзей, напісаныя дзьве тысячы гадоў таму.

            Якраз у гэты час адбылася падзея, якая зьмяніла асобу чалавека і сьвет. Прышэсьце Хрыста ў гэтым сэнсе адметнае тым, што ўнутраны (а ня зьнешні) сьвет чалавека становіцца галоўнай (і трансцэндэнтнай) якаснай характарыстыкай асобы. Унутраны сьвет (а не зьнешнія паводзіны) зьяўляюцца сутнасьцю чалавека, і нічога няма таемнага, каб ня стала відочным. Разьвіцьцё асобы пераносіцца ўнутр чалавека, ва ўнутраны сьвет, які аб’яўляецца вечнай сутнасьцю асобы, сутнасьцю, што праяўляецца праз зьнешнія жыцьцёвыя ўчынкі, дзеяньні і дачыненьні і адначасна ствараецца, гартуецца праз жыцьцёвы шлях. Ідэалам асобы становіцца гармонія ўнутранага і зьнешняга сьвету чалавека, дзе прыярытэтам валодае ўнутраная яго частка.

            Гэты ідэал асобы хрысьціянскай цывілізацыі існуе па сёньняшні дзень ужо незалежна ад веры ў Бога. Ён сфармаваны культурай, якая ўзьнікла на грунце хрысьціянства.

            Але галоўнае якраз у тым, што пераасэнсаваньне чалавека як унутранай сутнасьці, якая ёсьць вечная, адбылося на аснове Веры, і гэтае ўсьведамленьне сваёй вечнасьці зрабіла яго свабодным. Бо можна забіць такога чалавека, але немагчыма зьнішчыць яго ўнутраны сьвет, пагрунтаваны ў Богу, калі толькі  сам чалавек ня зробіць выбару. Нават калі гэта выбар паміж жыцьцём і сьмерцю. (Нагадаю, што свабода – гэта ёсьць магчымасьць выбару паміж дабром і злом.)

            Тым часам ідэал сьвецкага чалавека, адметнага сваім унутраным сьветам (які кіруе паводзінамі асобы, але які базуецца толькі на культурнай традыцыі), такі  ідэал ня ёсьць моцным і вытрывалым перад жыцьцёвымі абставінамі, бо тут страчаны якраз вечны сэнс, сэнс веры, згублены зьмест выбару. Пры вострым і некарысным зьбегу абставінаў можа адбыцца крушэньне ідэалаў унутранага сьвету такой асобы, што, дарэчы, даволі шырока адлюстравала эўрапейская сьвецкая літаратура (не адказваючы, вядома, на пытаньне аб прычынах крушэньня, бо яны, як правіла, былі незразумелыя аўтару твора).

            Хрысьціянская цывілізацыя – гэта перш за ўсё асоба (новая асоба, якая ўзьнікла на руінах Рыму). Грунт цывілізацыі – хрысьціянская вера. Асоба бяз веры ня зможа доўга існаваць на хрысьціянскім культурным узроўні (рэпрадукавацца) толькі ў традыцыі і па культурнай інэрцыі. Стан яе нестабільны. Тым больш, што ідзе пастаянная сьвецкая барацьба з хрысьціянствам (якая цягнецца яшчэ з часоў Рыму) і адраджае ўсе заганы чалавецтва, якімі хварэла яно ў той час.

 

Дадаць у: