Раніцай 4 жніўня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ убачылі ў Курапатах сьляды чарговага акту вандалізма.
Яшчэ ўчора, 3 жніўня, людзі працавалі на талацэ, добраўпарадкуючы тэрыторыю Народнага Мэмарыяла. Пашкоджаных крыжоў не было. З гэтага робім выснову, што невядомыя злачынцы паламалі крыжы ўвечары 3 жніўня або ўначы на 4 жніўня. Паламана 8 крыжоў на Крыжовай алеі. Вандалы таксама пашкодзілі мэталічны Крыж памяці палякаў, расстраляных у Курапатах (гэты Крыж быў устаноўлены жыхарамі Менску ў 1994 годзе). Злачынцы пашкодзілі бляшаныя шыльдачкі з надпісамі на Крыжы і раскідалі вянкі і кошыкі з кветкамі, якія стаялі каля гэтага і іншых крыжоў. Можна меркаваць, што сатанінская акцыя была прыўрочана да вялікага хрысьціянскага праваслаўнага сьвята Ільлі.
Перадаў Валеры Буйвал.
Інфармацыйная камісія
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
4 жніўня 2013 г.
Аб вандалізме
Вандалізм, правакацыі, паскудзтвы і зьневажэньні памяці ў Курапатах не спыняюцца. Асобы, якія займаюцца вандалізмам ходзяць, відаць, туды, як на работу ў начную зьмену. Некалькі гадоў таму сябры КХП-- БНФ злавілі ноччу двух вандалаў, якія ламалі крыжы. Імі аказаліся сынкі функцыянераў КГБ. Пракуратура падняла рукі ў верх. Вандалаў адпусьцілі. Цяпер, перад Днём Незалежнасьці, разбурэньні ў Курапатах зноў пачасьціліся. Вось і сёньня, 4-га жніўня, ахова Мемарыяла з ліку сяброў КХП--БНФ выявіла восем зламаных крыжоў. Злачынства зроблена ноччу. Думаю, аднак, што ўрэшце справа з такой "начной дзейнасьцю" ня будзе цягнуцца бясконца і скончыцца нечакана для арганізатараў вандалізму.
Зянон Пазьняк