НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ВАЎКОЎ СТРАЛЯЮЦЬ ВОЎЧЫМ ШРОТАМ АЛЬБО КУЛЯЙ

ВАЎКОЎ СТРАЛЯЮЦЬ  ВОЎЧЫМ ШРОТАМ АЛЬБО КУЛЯЙ

Прытым куля можа быць круглай, а яшчэ лепш, калі жакан. Тут ужо калі смальнеш, то смальнеш. Але ўсё ж такі воўчым шротам (карцеччу) лепш. Сем вялікіх шрацін у патрон. Тут ужо цяжка і прамахнуцца, і б’е напавал.

Калі я з сябрам паляваў у 60-х, то меў трохзарадны японскі карабін з пластмасавым прыкладам. Але мне карабін не падабаўся з-за калібра (20-ы паўчок) і таму што ён не надта рэзка страляў. Я набыў аднаствольную "ІЖ-18" (12 калібр), бо ведаў, што ніякага параўнаньня з плоскай двухстволкай "ІЖ" ня можа быць. З двухствольнай страляй-не страляй -- толку мала. Ня рэзкая зусім. Затое я са свайго аднаго ствала "пяцёркай" качара ўлёт за сто мэтраў зьбіваў.

А дарэчы, два разы мала калі і страляць прыходзіцца. Ўсё вырашае першы стрэл. Тым больш па ваўках. Як ня трапіў, то толькі ты іх і бачыў. Разьбягаюцца імгненна.

Шмат шкоды робіць воўк у лесе і асабліва ў вёсках і гаспадарках. Некалі былі такія фальшывыя інтэлігенцкія пагаданкі, што, маўляў, ён, гэты ваўчышча, ёсьць санітар лесу. Глупства ўсё гэта і няпраўда. Бандзюга ён, а не санітар. Папуляцыю ваўкоў трэба трымаць на малалікім узроўні, бо шкода ад іх чалавеку і лесу вялікая.

Разумныя беларусы ведалі гэта ва ўсе часы. За саветамі за адстрэл ваўка была паляўнічаму грашовая ўзнагарода ( і па тым часе немалая). Тут трэба разумець, што жыцьцё ў лесе (і ўвогуле ў прыродзе) як правіла збалансаванае. Кожная істота абмежавана прыроднымі ўмовамі (альбо натуральнымі ворагамі), якія не даюць папуляцыі неабмежавана размнажацца і захапіць жыцьцёвую прастору. Разбойнік воўк ня мае ў нашых лясах натуральных ворагаў. Але сьведамым ворагам ваўка ў Беларусі, з прычыны яго разбойнай шкоднасьці, зьяўляецца чалавек. Ён і абмяжоўвае яго размнажэньне.

Найбольш небясьпечнымі становяцца ваўкі зімой перад Калядамі, калі зьбіваюцца ў зграі. Тут яны могуць напасьці і на каня, і на чалавека. Сам па сабе адзін воўк -- гэта злодзей і шкурнік, баязьлівы нават калі галодны. Ведаю выпадак, калі адзін такі напаў на дзядзьку (скочыў на плечы). Дык дзядзька яго пад сябе і давай качацца з ваўком, аж пакуль не задушыў гада. Беларус калі захоча, то ваўка рукамі задушыць, ваўку і зубы не дапамогуць. Але, вядома ж, гэта ня справа з воўкам качацца. Так сабе -- прыгода, калі воўк ужо зусім знахабіцца.

Найлепш ваўкоў страляць з-засады. Звычайна цягнуць у лес ці за вёску якую-небудзь здыхату (ці конь паў ці карова). Зграя чуе, паступова зьбіраецца, ваўкі круцяцца навокал кругамі, але не падыходзяць. Тады, патульчыўшы, да здыхаты выпраўляецца разьведчык. Гэты разьведчык асьцярожна набліжаецца і здымае першую пробу, рве зубамі тушу жывёліны. І тады ўжо, аглядаючыся, падбягае ўся зграя і пачынаюць рваць. Вось тут цэлься і смалі. Карцеччу адным стрэлам можна і двух пакласьці. Праўда, не памятаю, каб гэта каму ўдавалася.

Увогуле ваўкоў страляць, то не варон палохаць. Добрае гэта паляваньне. Аднойчы зімой цёмнай ноччу ўвесь час брахаў наш сабака на ланцугу. Я позна чытаў, прыадчыніўшы печку і гледзячы як гараць бярозавыя дровы.. Раптам чую Шарык неяк заякатаў, запішчэў жаласна і ўжо як бы яго не чуваць. Я адразу зразумеў у чым справа. Схапіў са сьцяны "Іжу" і выбег, на хаду ўстаўляючы патрон. Ад печы, агню і жару ў цемры адразу нічога ня бачна, толькі нейкія цені ля плоту на сьнезе. Бліснулі зялёныя аганькі, нібы кот узіраўся. Не раздумваючы, на ўскідку я пальнуў па тых воўчых агнях наўгад. Стрэл уначы (ды яшчэ дымным порахам) быў такі гучны, што неперадаць. Выскачыла напалоханая маці і спрасонку:

"Сынок, сынок, вайна! Ужо вайна?!"

"Вайна, -- кажу я заліхвацка, -- маскаль напаў".

У 70-х я скончыў з паляваньнем, прадаў тую файную "Іжу", здаў паляўнічы білет, але часам яшчэ і цяпер успамінаю як надарылася мне ноччу па тых ваўках страляць. А сабаку я тады адвязаў і завёў у хату, у сенях начаваў. Хоць зразумела, другі раз ваўкі ўжо сюды не падышлі б. Пабаяліся б. Важна толькі па іх своечасова пальнуць.

 

15 красавіка 2015 г. Зянон Пазьняк

 

Дадаць у: