Даклад на травеньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
“Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што ў беларусаў ёсьць добры патэнцыял будучыні і нацыянальнага Адраджэньня. Гэта выявілася ў актыўнасьці моладзі, у яе гатовасьці змагацца з рэжымам за вольную Беларусь. Зразумела, што ворагі беларушчыны будуць імкнуцца першым чынам задушыць гэтае абуджэньне. Дзеяньні паліттэхнолягаў мы ўжо бачым. Тактыка тая ж тыпова лубянская: падстаўныя фігуры, падстаўныя арганізацыі, фальшывыя псэўдазмагарныя ідэі, імітацыя змагарнай дзейнасьці, безадрасны агульнадэмакратычны рамантызм і адвод грамадзкай энэргіі ў сьляпы завулак, у апэндыкс. Узорны прыклад – існаваньне эклектычнага “Зубра” (аналягічную арганізацыю стварылі ўжо на Украіне, будуць змагацца за дружбу з “демократической Россией”).
Праект адводу рэвалюцыі ў апэндыкс, які нядаўна агучылі “дэмакраты” з “апазыцыі”, характарызуецца, дарэчы, надзвычайнай прымітыўнасьцю і разьлічаны ў асноўным на дэнацыяналізаваных і нясьпелых людзей з маладзёвага асяроддзя. Прапануюць ствараць на вуліцах, і ўвогуле ў горадзе, імгненныя тэатралізаваныя сітуацыі (флэш-мобы) і адразу разьбягацца. Дзеля гэтакай рэвалюцыі аб’явілі пра роспуск “Зубра” (які ў асноўным мазаў сьцены расейшчынай) і вырашылі перакваліфікаваць яго на “мобы-шмобы”. Усё гэта выглядае несур’ёзнымі дзіцячымі гульнямі і паказвае на ўзровень людзей, якія за ўсім стаяць. Гэтая тэхналёгія – працяг парцянкі (джынсы). Галоўнае – любымі спосабамі адцягнуць беларускую моладзь ад нацыянальнага змаганьня, ад нацыянальнай ідэі, ад Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, ад разуменьня расейскай пагрозы, ад нацыянальнага Адраджэньня. Задача відавочная – збэсьціць новае пакаленьне моладзі, якая заявіла пра сябе ў сакавіку гэтага года.
У сувязі з гэтым у каторы раз паўтаруся: нацыянальная асьвета людзей, беларускае асьветніцтва ёсьць і павінна быць нашым пастаянным прыярытэтам. Вайна за Беларусь вядзецца ўсімі спосабамі і ва ўсіх кірунках, але вынік гэтай вайны будзе залежыць ад перамогі ў сьвядомасьці”.
Аб канкрэтных мэтадах нацыянальнага маладзёвага змаганьня я ўжо коратка пісаў раней. У бліжэйшы час пастараюся гэта сістэматызаваць. Стратэгічнай лініяй павінна стаць “Беларуская Салідарнасьць” і Адраджэньне. Тактычна трэба скарыстаць мэтады арганізацыі і спосабы дзейнасьці Камітэтаў абароны ў запачаткаваным тры гады таму БКА (Беларускі Камітэт Абароны). Галоўнае, што ў цяперашніх беларускіх умовах гэты мэтад нэўтралізуе шырокую дзейнасьць агунтуры. Рэжым ня здолее скарыстаць напоўніццу важную сваю зброю.
14 траўня 2006
Зянон Пазьняк