Дарагія сябры фронтаўцы! Дарагія землякі-беларусы!
Віншую ўсіх з 97-й гадавінай аб’яўленьня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі!
25 Сакавіка 1918 года быў зроблены важны гістарычны крок у будучыню нашай нацыі. Гэтая будучыня вярнулася аж праз 73 гады, – 25-га Жніўня 1991 года, -- услаўшы дарогу мільёнамі забітых беларусаў, закатаваных, спаленых у Хатынях, расстраляных у Курапатах. Такая ёсьць цана нашай Волі і Незалежнасьці, за якую йшчэ й цяпер прыходзіцца нам цярпець.
Але ўсё бліжэй надыходзіць час, калі антычалавечая імпэрыя на ўсходзе зьнікне з твару зямлі. А яна зьнікне разам з пуцінскім фашызмам. І абваліцца ў Беларусі антыбеларускі рэжым. І толькі тады зажывем вольна і шчасьліва на сваёй вольнай, любімай зямлі.
Жыве Беларусь!
Слава стваральнікам БНР!
Сакавік 2015. Зянон ПАЗЬНЯК