НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ВІНШАВАНЬНЕ З НОВЫМ ГОДАМ

ВІНШАВАНЬНЕ З НОВЫМ ГОДАМ

Дарагія землякі, дарагія Беларусы!

Віншую ўсіх з Новым 2019 Годам!

Зычу шчасьця ўсім нам і нашай дарагой Бацькаўшчыне Беларусі.

Беражэм нашу Беларусь! Гэта наш сьветлы дом. Наша зямля. І нідзе няма лепш, як на радзіме ў роднай Беларусі. Той, хто паезьдзіў па сьвеце, пажыў за мяжой, той гэта ведае. Нам толькі трэба навесьці парадак у сваім доме, збавіцца ад вельмі нядобрых палітыкаў, што прадаюць краіну. Збавіцца і зьберагчы Беларусь.

Апошнім часам мы чуем, што некаму ўсё зямлі мала. Сапсавалі, загадзілі ўвесь Сібір, нават тундру, а ім яшчэ Беларусі нехапае, каб і тут усё высмактаць і ператварыць у памыйку.

І вось іхняя агентура робіць спэктаклі, быццам бы апытаньне ў Сеціве па нашых абласьцях, хто хоча далучыцца да Расеі. 

Найперш такім апытаньням нельга верыць, бо гэта прапаганда з чужой ініцыятывы. Другое -- робіцца гэта, каб любым спосабам падзяліць нашае грамадзтва і сутыкнуць людзей. І трэцяе -- усяліць ў галовы недасьведчаных людзей думку, што можна праз рэфэрэндум ліквідаваць свю дзяржаву, ці аддаць сваю зямлю акупантам, суседзям ці нейкім агрэсарам.

Памятайма, што пытаньне аб існаваньні дзяржавы, суверэнітэту, анэксіі і іншых чыньнікаў, зьвязаных з існаваньнем краіны, забараняецца выносіць на рэфэрэндум ня толькі згодна законаў Беларусі, але і ва ўсім сьвеце.

Мы бачылі, што бывае акупант захоплівае частку тэрыторыі краіны праводзіць там свой нібыта рэфэрэндум. На такія варожыя рэфэрэндумы акупаванаму насельніцтву, зразумела, ня трэба хадзіць. Такія рэфэрэндумы нічога ня значаць. Гэта акупацыйная тактыка агрэсараў, каб прыдумаць падтрымку агрэсіі. Вось такое мы бачылі на акупаваных частках Украіны.

Беларусы -- разумны старажытны вялікі народ, які некалі стварыў магутную дзяржаву -- Вялікае Княства Літоўскае, культура якога ўплывала на ўсю усходнюю Эўропу, а мова беларуская была дзяржаўнай, выкарыстоўвалася ў дыпляматыі. Гэта ўсё жыве ў нашай мэнтальнасьці. І таму мы іншыя ад нашых суседзяў.

У новым 2019 годзе мы мусім быць салідарныя між сабой. Ніхто за плячыма народу ня мае права і ня можа вырашаць лёс народа і яго краіны. 

Прэзідэнтаў з дваццаціпяцігадовым тэрмінам не бывае. Бываюць толькі узурпатары, што незаконна ўтрымліваюць уладу. Усе іхныя рашэньні і дэкрэты незаконныя, а дамрвы нікчэмныя.

У Вольнай Беларусі адразу будуць адменены ўсе антылюдзкія дэкрэты ўзурпатара. Людзі атрымаюць зямлю, вольнае права прадпрыймальніцкай дзейнасьці. Будуць ліквідаваныя ідэолагі на месцах працы, перагледжана і адменена кнтрактная сістэма. Будзе вернута ўсходняя мяжа, беларускае радыё і тэлебачаньне, нацыянальная дзяржаўная сімволіка, пашана да беларускай мовы і культуры. Пачнуцца рэформы і вольныя парляманцкія выбары.

У Новым 2019 годзе набліжайма Вольную Беларусь! Будзьма гатовыя яе абараняць ад любога агрэсара. Рыхтуймася да абароны Айчыны. Хай будучыня нашай краіны і нашых людзей будзе сьветлый і прыгожай!

З новым Годам!

Слава Айчыне!Жыве Беларусь!                                                                                         Зянон Пазьняк

31 сьнежня 2018 г.     

Дадаць у: