НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ВІНШАВАНЬНІ ЗЯНОНУ ПАЗЬНЯКУ Ў АМЭРЫЦЫ

ВІНШАВАНЬНІ  ЗЯНОНУ ПАЗЬНЯКУ Ў АМЭРЫЦЫ

            4-га траўня ў грамадзкай залі царквы Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася ўрачыстая імпрэза з нагоды 70-годдзя лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронта  Зянона ПАЗЬНЯКА. Ва ўпрыгожанай беларускай сымволікай залі беларусы разьмясьцілі даволі вялікую выставу кніг Зянона Пазьняка – вынік яго творчай і інтэлектуальнай працы за апошнія 15 гадоў.

            Свае віншаваньні даслала Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая падкрэсьліла вялікую ролю спадара Зянона Пазьняка ў найноўшай гісторыі Беларусі і ў здабыцьці незалежнасьці нашай краіны.

            Беларусы Канады перадалі цэлае шчырае пасланьне, дзе напісалі: “Сотні тысячаў людзей, што актыўна прайшлі праз гады апошняе хвалі Беларускага Адраджэньня, пасьпелі набыць ды захаваць пачуцьцё чалавечай свабоды, адчуць сябе грамадзянамі, убачыць рэальную моц грамадзкага рушэньня. Хто прайшоў праз шматлікія мітынгі тых часоў, хто слухаў, чуў Вас, Зянон Станіслававіч, і дзякуючы таму сэрцам успрыняў ідэі Беларускага Народнага Фронту, той атрымаў пажыцьцёвую ін’екцыю ўнутранае разьняволенасьці – тае рэчы, што ў вольным сьвеце надаецца чалавеку з народжаньнем ды выкрышталізоўваецца зь цягам часу ў сталае разуменьне ягонае чалавечае годнасьці. Тысячы й тысячы зь іх і сёньня ёсьць элітай носьбітаў Беларушчыны”.  

            Цёплыя словы выказалі старшыня БАЗА Ганна Сурмач, старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА Тацьцяна Красоўская, старшыня Царкоўнай Рады спадар Расьціслаў Гарошка, прадстаўнік маладзейшага пакаленьня беларусаў Андрэй Асадчы і ўсе прысутныя беларусы.

            Напярэдадні на адрас спадара Зянона Пазьняка ішлі віншаваньні з роднай Беларусі, з розных куткоў Эўропы і Амэрыкі, дзе жывуць беларусы.

            На імпрэзе чыталі вершы з паэтычных выданьняў ЗЯНОНА “Глёрыя Патрыя”, “Дарога”, “Тэрра Дэй”, слухалі раманс Ігара Лучанка “Авэ Марыя” на верш ЗЯНОНА “Гучаньне анёльскага голасу”.

            Добрыя словы падтрымкі спадару Пазьняку ў ягонай дзейнасьці, “каб жыла Беларусь” выказалі беларусы ў залі. Прыязныя словы і ўсьмешкі, жарты і сьвяточны настрой панаваў у гэты дзень

            Ў заключэньне Зянон Пазьняк падзякваў прысутным і падзяліўся сваімі разважаньнямі аб Беларусі, прачытаў вершы і сэнтэнцыі аб сэнсе чалавецага існаваньня з сваёй апошняй кнігі “Тэрра Дэй”. Ён сказаў, што не падводзіць рысы, не азіраецца, зроблена нямала, але яшчэ больш трэба рабіць наперадзе. Галоўнае, ёсьць высокая мэта – змаганьне за вольную Беларусь. Асабліва цяпер, калі перад ўсім чалавецтвам ўзьнік зьвярыны рык новага рускага фашызму і ваенная небясьпека з Усходу (пра што, дарэчы, раней Зянон Пазьняк ня раз папярэджваў сваіх суайчыньнікаў). Але Патрыя зтэрна – Бацькаўшчына вечная, як зазначыў у адным з сваіх вершаў паэт Зянон. І сапраўды, Беларусь была ёсьць і будзе – жыве Беларусь.

 

М. Я-ч

 

Дадаць у: