НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Вольная Бацькаўшчына наперадзе

Вольная Бацькаўшчына наперадзе

(Выступ на cьнежаньскім 2013 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

 

Ёсьць некалькі важных пытаньняў для абмеркаваньня – гэта і новая атака на Курапаты, і выбары, і надзённыя партыйныя задачы. Але ў апошні час увага ўсяго нашага ўсходнеэўрапейскага сьвету прывязана да падзеяў на Ўкраіне. У сродках масавай інфармацыі зьявілася шмат відэазапісаў падзеяў у Кіеве, часам настолькі выразных, што яны могуць паслужыць матэр’ялам для аналізу.

 У сродках масавай інфармацыі, асабліва ў так званых дэмакратычных, паўтараецца ўвесь час адно і тое ж: маўляў, украінцы паўсталі за далучэньне да Эўразьвязу (“да Эўропы” і т.п.). Фармальна яно выглядае так, але сутнасьць паўстаньня ў іншым. Над Украінай паўстала пагроза расейскай навалы, спачатку эканамічнай, а потым і палітычнай. Вось гэта штурхнула ўкраінцаў да абароны, а мэтадам адыходу ад расейскай небясьпекі ёсьць арыентацыя на Эўразьвяз і супрацоўніцтва з гэтым кангламэратам. Ёсьць украінцы, якія разумеюць, што гэта дарога з агня ды ў полымя. Але ў вагні яны ўжо гарэлі, а ў полымі яшчэ не былі і таму гэты шлях здаецца выратавальным, абы збавіцца ад расейскай агрэсіі і сьмярдзючага сапу з усходу.

Мы падтрымліваем украінцаў на гэтым шляху змаганьня, бо ўрэшце рэшт ён вядзе да вольнай Украіны. Назіраньне за падзеямі паказвае нам, што ўкраінцы за апошнія дзесяць гадоў зрабілі вялікі крок наперад і сталі сапраўднай нацыяй, здольнай да самаарганізацыі. Зразумелая і прычына такога адчувальнага і салідарнага зруху. Гэта – украінская мова. Тут вялікая заслуга прэзыдэнта Юшчанкі. Яна даруе яму ўсе ягоныя памылкі і недапрацоўкі. Юшчанка адрадзіў масавасьць і публічнасьць украінскай мовы ва ўкраінскай дзяржаве. Пры Юшчанку паднялася ўкраінская школа, запрацавалі па-сапраўднаму ўкраінскае радыё, тэлебачаньне, сфэра абслугоўваньня, гандаль і г.д. – усюды запанавала ўкраінская мова. І гэта вырашыла справу. Украіна салідарызавалася. Цяпер яна незьнішчальная і ніколі ўжо ня будзе кленчыць перад Расеяй.

Для ўкраінцаў мова такая ж аб’яднаўчая і асноватрывалая сіла, як і для беларусаў. Бачачы адраджэньне Ўкраіны, манкурцкі рэжым у Менску пад ціксам Масквы пачаў чарговы наступ на беларускую мову, на яе носьбітаў, беларускія арганізацыі і творчыя зьявы. Манкурты і іхныя маскоўскія заплечнікі добра разумеюць, што панаваньне беларускай мовы ў краіне будзе азначаць канец антыбеларускаму рэжыму і ўзурпацыі народнай улады.

Здалёку таксама добра відаць пралікі ўкраінскага народнага змаганьня і праблемнасьць перамогі. Праблемнасьць пачалася тады, калі стыхійны пратэст украінцаў асядлалі палітычныя партыі. Гісторыя шмат дзе паказвае, што палітычныя партыі – гэта гроб народнага руху. І польская “Салідарнасьць” і ўсе франты ў СССР дамагліся перамогі пакуль былі адным народным рухам. Як толькі зьявіліся партыі, рух скончыўся, пачалося палітзмаганьне. Спэцслужбы рэжымаў тое добра разумеюць і таму ў пэрыяд руху стараюцца наштампаваць розных самаробных і падстаўных партый і партыяк. (У Беларусі стварылі з такіх партыяк цэлую псэўдаапазыцыю, якая нібыта змагаецца за правы чалавека ў той час, калі гіне Беларусь).

Калі б зараз мы ўбачылі на Ўкраіне новы шырокі і адзіны народны рух зь лідэрам тыпу Вячаслава Чарнавіла, то з упэўненасьцю магу сказаць, што дні рэжыму Януковіча былі б палічаны. Народ мусіў бы перамагчы.

Другі момант колькасны. Пра гэта ўжо пісалі і ўкраінцы, і беларусы (С. Навумчык, напрыклад). Кульмінацыя была тады, калі пасьля зьбіцьця людзей на плошчу вышлі паўмільёна ўкраінцаў. Гэтай сіле нічога ня можа супрацьстаяць. Толькі трэба правільна, рашуча і спакойна ёй распарадзіцца. (Вядома, калі супраць народа не накіруюць танкі, авіяцыю і дывізіі). Момант быў страчаны. Партыі да гэтага часу ўжо асядлалі Майдан і спаборнічалі ў палітычных прамовах. Разумных і рашучых рэвалюцыйных дзеяньняў не адбылося. Але можа яны яшчэ адбудуцца, бо рэвалюцыя працягваецца.

Часам цяжка на ўсё глядзець, бачачы ахвярны энтузіязм украінскага народа і марудлівасьць партыйных выступоўцаў (ды яшчэ і жаданьне прапанаваць Януковічу сесьці за круглы стол). Але, думаю, урэшце агульны энтузіязм знойдзе сваё народнае арганізацыйнае афармленьне. Калі не цяпер, то пазьней. Падзеі паказалі, што Ўкраіна ня пойдзе пад Расею, схіліўшы галаву, але будзе змагацца і пераможа.

Другое пытаньне – гэта так званыя “выбары”. Сёньня, 8 сьнежня, адметны для цёмнага рэжыму дзень. Уводзіцца забарона на байкот выбараў. Хто будзе казаць пра байкот – таму штраф і ў каталажку. І гэта яшчэ ня ўсё. Скасоўваецца бюджэтнае фінансаваньне выбарчай кампаніі кандыдатаў. А перад гэтым быў адменены колькасны парог фрэквэнцыі (удзелу ў выбарах). Цяпер на выбары можна не хадзіць. Яны ўсяроўна залічацца, калі прагаласуе хаця б адзін выбаршчык (скажам, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі). І ўсё на гэтым. Абгэмахт – “поўная дэмакратыя”, калі рэжым можа абысьціся на сваіх “выбарах” увогуле без народа. Гэта значыць, што, практычна (калі падсумоўваць усе складнікі), выбары ўжо адмененыя, але для прызначэньня кандыдатаў фармуюцца часовыя бюракратычныя групы (“выбарчыя камісіі”).

З рэжымам тут усё зразумела. Але самае камічнае ў гэтым цёмным абсурдзе, што зьяўляюцца партыі і арганізацыі (тыя самыя), якія зьбіраюцца ісьці на выбары і “перамагаць”.

Расстройства логікі ў некаторых увасобілася нават у лёзунг: “выбараў няма, але ўдзельнічаць у выбарах будзем!” Адна справа, калі такое кажуць маладзёны, розум якіх яшчэ не сфармаваўся, і іншая справа, калі такое кажуць дарослыя людзі. Нішто так не разбурае чалавечыя якасьці, як халява (ды яшчэ й вялікая).

Зразумела, што калі народ, выбаршчыкі для рэжыма непатрэбныя, то хадзіць на імітацыю выбараў ў прынцыпе ня трэба. Тут ёсьць два моманты. Першы, гэта наладжваньне растлумачальнай працы пра псэўдавыбары, якая, зразумела, будзе ацэнена рэжымам згодна новага рэпрэсіўнага закона, і другое – вельмі істотнае: стварэньне паралельнай сістэмы асэнсаваньня народнага існаваньня і супраціўленьня рэжыму. Байкотам на выбарах не перамагаюць. Сэнс байкоту выбараў – гэта каб аддзяліць народ ад антынароднай улады, супрацьпаставіць народ уладзе і стварыць магчымасьці для яго паралельнай самаарганізацыі і супраціўленьня. Байкот – гэта шлях да народнай дэмакратычнай рэвалюцыі, дарога да ўздыму і салідарнасьці. Ня дзіва, што рэжым баіцца байкоту і прымае антыбайкотны “закон” (хаця па логіцы такі закон не патрэбны, калі зьнішчана мяжа фрэквэнцыі).

Паказальныя таксама паводзіны ўлады разбуральнікаў у Курапатах. Рэжым прапануе прыняць закон адваротнага дзеяньня (што забаронена ў заканадаўстве) і ўзрэзаць ахоўную зону Курапатаў з таго боку, дзе ў зоне маскоўцы незаконна пабудавалі рэстаран-бардэль пад гнюснай антыбеларускай назвай. Тады (пасьля ўрэзкі ахоўнай зоны і зацьвярджэньня таго законам) рэстаран-бардэль застаецца па-за межамі ўрэзанай зоны і, як думаюць маніпулятары, усё шыта-крыта, закон не парушаны.

Адначасна яны пачалі пашыраць “Дарогу сьмерці”, што знаходзіцца з іншага боку Народнага Мэмарыяла. Працы пачалі незаконна і пашыраць мяркуюць не з боку вёскі Дроздава, а з боку Курапатаў – за кошт тэрыторыі ахоўнай зоны, дзе стаяць крыжы. Зрэшты, так яны робяць у Беларусі ўжо дзьвесьце гадоў. Гэта сьведчыць пра акупацыйную палітыку рэжыма.

Мы будзем бараніць Курапацкую сьвятыню.

 

          Зянон ПАЗЬНЯ                                                            8 сьнежня 2013 г.

 

Дадаць у: