(Акцыя супраць фальшывай “інаўгурацыі” і дыктатуры)
Выбарчая кампанія і крывавыя падзеі пасьля 19 сакавіка паказалі, што ў нашай краіне ўсталяваны антыбеларускі фашыстоўскі рэжым. Беларусам зноў накідваюць учарашні дзень, пагражаюць злучыць з Расеяй.
На 8 красавіка на Цэнтральнай плошчы Менска прызначылі ўрачыстае “ўступленьне ў прэзыдэнцкую пасаду” на трэці тэрмін палітычнага фальсіфікатара А. Лукашэнкі. Мерапрыемства, якое плянуюць, ёсьць зьдзек над беларускімі людзьмі, над Законам і Беларусяй. Нельга дапускацца, каб беларусам плявалі ў твар. Грамадзяне Беларусі ўжо выступілі з ініцыятывай не прымаць паказную “інаўгурацыю” ўзурпатара і выказаць гэта публічна.
Ад імя Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху і ягоных арганізацыяў падтрымліваю масавы паход у Менск на плошчу Кастуся Каліноўскага (былая Кастрычніцкая) і заклікаю ісьці ўсіх, каму дарагая вольная будучыня Беларусі.
Збор на плошчы 7 красавіка ў 18:30.
НЕ – фашызму!
Фальсіфікатар – не прэзыдэнт!
За новыя выбары!
За вольную Беларусь!
4 красавіка 2006 г.
Зянон ПАЗЬНЯК