Дарагія землякі, дарагія беларусы! Толькі што скончыліся фальшывыя выбары Лукашэнкі, які прысвоіў сабе па папярэдніх падліках каля 90 адсоткаў галасоў. Цяпер вы пераканаліся, што замест выбараў адбылося бессаромнае арганізаванае ашуканства народу. Лукашэнка па закону ня меў права ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Тое, што, ня маючы права выбірацца, ён ужываў сілу, прымусовыя мэтады, арышты, зьбіцьцё і перасьлед апанэнтаў у час выбарчай кампаніі і сфальсіфікаваў вынікі галасаваньня, – гэта сьведчыць аб дзяржаўным замаху і гвалтоўным захопе ўлады ў Беларусі.
У сувязі з гэтым па даручэньні кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Беларускага Народнага Фронту лічу патрэбным заявіць наступнае:
Выбары, якія правёў Лукашэнка, несправядлівыя, незаконныя і недэмакратычныя.
Выбраньне Лукашэнкі ёсьць незаконнае, фальшывае і нелегітымнае.
Лукашэнка ня выбраны прэзыдэнтам!
У Беларусі патрэбныя новыя выбары прэзыдэнта без Лукашэнкі, якія павінны адбыцца ў гэтым годзе.
Настае час, калі сынам і дочкам Беларускага Народа трэба стаць пад сьвяты Беларускі Народны Сьцяг і сказаць сваё важкае слова ў абарону вольнай будучыні Беларусі.
Цяпер усёй вольнай беларускай нацыі, усім вольным беларускім людзям трэба салідарызавацца на змаганьне з антынароднай і паранойнай дыктаурай.
Прымаючы пад увагу нелегітымнасьць існуючай улады, мы, беларусы на Бацькаўшчыне і ва ўсім сьвеце, мусім неадкладна ўтварыць Часовы Нацыянальны Ўрад Беларусі, на моцы якога будзе правядзеньне салідарных агульнабеларускіх дзеяньняў, накіраваных на ліквідацыю антынароднага рэжыму і дыктатуры на Беларусі.
Падкрэсьліваю, што, улічваючы рэпрэсіўнасьць рэжыму, Часовы Беларускі Ўрад неабходна ствараць адначасна на Бацькаўшчыне і ў эміграцыі зь легальнай прысутнасьцю за мяжой і дыскрэтнай – на Бацькаўшчыне. Ва ўрад могуць увайсьці палітыкі, дзеячы, спэцыялісты ад розных беларускіх арганізацыяў і вядомыя асобы, уключаючы асяроддзе кандыдатаў на прэзыдэнта, якія ўдзельнічалі ў гэтай выбарчай кампаніі супраць рэжыму.
Першым неадкладным крокам павінны стацца кансультацыі ў Варшаве, якія неабходна правесьці на працягу першага тыдня (20-27 сакавік) пасьля сфальшаваных выбараў Лукашэнкі.
Зянон ПАЗЬНЯК
19 сакавіка 2006 г.
Тэлефоны ў Варшаве: (48 22)-866-11-49
(48)-606-575-535
Э-по: info@pbpf.org