Аказваецца для сябе, ва ўнутранным ужываньні яны даўно ўжо карыстаюцца акупацыйнай сымволікай – сьцягам і гэрбам Расеі. У лукашысцкай “палаце”, якую яны выстаўляюць нібыта парлямантам, даўно вісяць расейскі сьцяг і двугаловы расейскі імпэрскі гэрб. Дванаццаць гадоў беларусы пра гэта ня ведалі. Бо антыбеларускі рэжым не афішуе свайго ўнутраннага жыцьця. Але гэта не было і вялікім сакрэтам. Шмат хто бачыў. Бывалі тут так званыя журналісты (так і хочацца сказаць – з курынымі мазгамі), усё бачылі, пісалі, фатаграфавалі, але нічога не асядала ў іхных галоўках, ніякіх думачак (сьляпыя праўды не імуць). І ўсё гэта трывала гадамі, пакуль за рэжымную шырму дыктатуры выпадкова не глянулі здалёку, пакуль Сяргей Навумчык, будучы ў Нью Ёрку, не зазірнуў на сайт «палаты прадстаўнікоў» Рэспублікі Беларусь. Што ён там убачыў і якія высновы з гэтага вынікаюць ён распавядае ў сваім артыкуле, які тут прапануем са старонкі «Нашай нівы».
Зянон Пазьняк
12 жнiўня 2006 г.