Усе беларусы добрай волі шчыра перажываюць і падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе з рускай агрэсіяй і з рускім фашызмам, пішуць пра гэта і кажуць. На наш заклік ехаць на Украіну і дапамагаць братам-украінцам граміць маскоўскага ворага, рускіх дыверсантаў і тэрарыстаў адклікнуліся многія беларусы. Шмат хто паехалі і змагаюцца там.
І вось у гэты час (у пачатку жніўня) украінская тэлежурналістка Тацьцяна Даніленка публічна пакрыўдзілася на беларускіх саўкоў, выслухаўшы іхны пераказ навінаў рускага Гёбэльс-тэлебачаньня. Яна напісала, што беларусы “злыя саўкі, запалітызаваныя да ікоткі”, якія падтрымліваюць Пуціна і г. д.
Саўковасьць – гэта распаўсюджаная мэнтальная хвароба. Але ўсё ж ніводзін беларускі журналіст-савок, які езьдзіў у Данбас і слухаў размовы данбасскіх украінцаў (а іх там амаль 70 адсоткаў) пра “кіеўскую хунту”, украінскіх “фашыстаў-бэндэраўцаў”, “майданутых” і т. п. набор – ніводзін не абазваў украінцаў “злымі саўкамі”, “замбаванымі” і г. д. Не абазваў, таму што кожнаму зразумела, што ідзе вайна, збройная і інфармацыйная, і што ў выніку погляды людзей падзеленыя гэтак жа, як і падзеленыя яны ў Беларусі. І таму падвесьці ўсіх пад агульны назоўнік – немагчыма. Трэба стрымлівацца, дарагія дэяўчаты, думаць, што пішацца і не паддавацца на крыўдлівыя эмоцыі. Саўкоў мора, але народ ацэньваецца па лепшых прадстаўніках.
16 жніўня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК