НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ВЯЛІКАЯ ПЕРАМОГА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ

ВЯЛІКАЯ ПЕРАМОГА  НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ

Брудная інфармацыйная вайна, пачатая рускім фашызмам, залазіць ва ўсе поры грамадзтва ня толькі ў Беларусі і ва Украіне, але і ва ўсім сьвеце, які аказаўся безабаронным перад чарговым вымётам рускага сатанізму.

У Беларусі галоўныя накірункі рускай прапаганды нацэленыя на абліваньне памыямі вялікай справы Незалежнасьці краіны і дзейнасьці нацыянальнага авангарду – Беларускага Народнага Фронту – у 90-х гадах, калі Незалежнасьць была здабытая.

Выхад кнігі Сяргея Навумчыка пра 1994 год выклікаў чарговую порцыю злосьці і брахні ворагаў Беларусі. Узровень гопнікаў мы тут не камэнтуем. На больш інтэлектуальным узроўні непрыяцелі Беларусі робяць выгляд, напрыклад, што яны, маўляў, “за”, адзначаюць заслугі БНФ, але задаюцца нібы та пытаньнем, чаму, маўляў, “Беларускае Адраджэньне” і Народны Фронт “пацярпелі паражэньне” ў 90-х. У прапагандзе гэтакая падача нібыта пытаньня ёсьць форма сцьвярджэньня, што было, быццам бы, “паражэньне”.

Ня так даўно мяне зьдзівіў адзін шчыры інтэлектуал-беларус, які, відаць, начытаўся троляў, глыбокадумна задаўся сабе пытаньнем і напісаў: “Чаму пацярпела паразу нацыянальная ідэя?” І гэта на поўным сур’ёзе.

Часам хочацца проста заплакаць, чытаючы такіх шчырых беларускіх інтэлектуалаў, якія глядзяць перад сабой блакітнымі вачыма і такім ясным незамутненым позіркам.

Коратка нагадваю праўду і сутнасьць. У пачатку 1990-х адбылася найвялікшая падзея ў палітычнай гісторыі Беларусі за апошнія 200 гадоў – дасягнута рэальная (а не дэкляратыўная) перамога Беларускай Нацыянальнай Ідэі. Гэта выявілася ў здабыцьці дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі і стварэньні рэальнай, прызнанай ва ўсім сьвеце Беларускай Дзяржавы з усімі атрыбутамі дзяржаўнасьці і суверэнітэту краіны.

Нацыянальная ідэя – гэта ідэя нацыянальнага руху, які ставіць задачу стварэньня незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Гэтая ідэя была дасягнута і ажыцьцёўлена ў 1991 годзе. І, паўтаруся, гэтае дзеяньне ёсьць найвялікшай падзеяй у нашай новай і найноўшай гісторыі. Гэта лёсавызначальная перамога беларускага нацыянальнага Адраджэньня.

Беларускі Народны Фронт у канцы 1980-х гадоў, уступаючы ў змаганьне з камунізмам і савецкай акупацыяй, ставіў наступныя стратэгічныя мэты руху, адлюстраваныя ў яго праграме, у рашэньнях Зьездаў і ў палітыцы:

1. Ліквідацыя камунізму і КПСС;

2. Здабыцьцё незалежнасьці Беларусі;

3. Сцьвярджэньне праўды пра Чарнобыль і стварэньне ахоўнага заканадаўства ад чарнобыльскай радыяцыі.

Усе тры мэты былі дасягнуты, усе тры праграмныя стратэгічныя задачы выкананыя (дадам, у неверагодных умовах, будучы меншасьцю ў парляманце).

Тут вялікая палітычная перамога Беларускага Народнага Фронту і Беларускага Адраджэньня. Дасягненьне дзяржаўнай Незалежнасьці ёсьць больш важным, чым дасягненьне ўлады, бо дзяржаўная Незалежнасьць захоўвае пэрспэктыву краіны нават пры антынароднай уладзе.

 

Пасьля дасягненьня Незалежнасьці паўсталі новыя задачы: заваяваньне ўлады дэмакратычным мэтадам, шляхам выбараў новага парляманту. На гэтым этапе мэтады змаганьня ўпрасьціліся з усіх бакоў. Пытаньне колькаснай мабілізацыі, валоданьне выканаўчай уладай і сродкамі масавай інфармацыі сталі вызначальнымі, а пытаньне тактыкі (моцны бок БНФ) сталі другаснымі.

Але ў парляманцкіх выбарах і ў парляманцкай рэспубліцы заставаўся рэальны шанц, што новыя людзі ў новым парляманце мелі б там большасьць (такая прырода парляманцкіх выбараў). Гэты шанц быў рэальным у пачатку 1992 года, калі Фронт выйшаў на рэфэрэндум аб выбарах і ўладзе (тут усё яшчэ выдатная тактыка). Гэты шанц быў зьнішчаны намэнклятурай у кастрычніку 1992 года шляхам адыходу ад Закону. Істотную адмоўную ролю ў гэтым адыграў С. Шушкевіч.

Наступны ўдар па Фронту быў нанесены ўвядзеньнем прэзыдэнцкай сістэмы кіраваньня ў Беларусі. Тактыка тут ужо не стпрацоўвала. Патрэбна была сіла і колькасьць.

У змаганьні за ўладу ў 1994 г. у незалежнай Беларусі Фронт на тым этапе яе не дасягнуў па простай, банальнай і жалезнай прычыне. Уся сіла, улада і ўвесь мэханізм сілы быў на баку савецкай каляніяльнай прамаскоўскай намэнклятуры, а грамадзтва ў большасьці засталося савецкім.

 

Гэтае становішча закансэрвавана антыбеларускім рэжымам па сёньняшні дзень, і на яго фоне створана адміністрацыйная фальсіфікацыйная машына выбараў. Перамагчы яе немагчыма, бо няма выбарчага мэханізму перамогі над ёй. Кантролю народа над выбарамі не існуе. Адміністрацыйны альбо сілавы рэжым уключаецца ў любы момант, закон і права ня дзейнічаюць.

У такім становішчы трэба ствараць народную альтэрнатыву рэжыму шляхам асьветы, прапаганды і дзеяньняў, адрываць людзей ад падтрымкі ўлады, ствараць паралельнае існаваньне грамадзтва, рыхтаваць людзей да грамадзкай атакі на рэжым, да ціску, да рэвалюцыі. І першае дзеяньне пасыўнага пратэсту – не хадзіць на фальшывыя выбары, байкатаваць выбарчую імітацыю рэжыму. Антыбеларускаму рэжыму патрэбныя выбаршчыкі ў галасаваньні на выбарчых участках, каб схаваць фальсіфікацыю і хлусіць пра дэмакратычныя выбары.

Вось чаму мы, рэальны Народны Фронт, пачынаючы з 1998 г., заклікаем да байкоту псэўдавыбараў, у якіх народ бясьсільны. Акупацыйная антынацыянальная дыктатура не перамагаецца на дыктатарскіх выбарах. Дыктатура, узурпацыя ўлады, акупацыя і здрада перамагаюцца толькі ў народнай барацьбе, у разьдзяленьні паміж народам і антынароднай уладай. Калі мы ня дойдзем да народнай барацьбы, то працягнем шлях у Паўночную Карэю. Будзем плаціць штраф за сваё беспрацоўе і маўчаць, калі нам плюнуць у твар.

 

Такім чынам, падсумоўваючы сказанае, падкрэсьлю тры вялікія пэрманэнтныя ілжы ворагаў Беларусі, якія яны, заплюшчыўшы вочы, сьлепа і ў роспачы, паўтараюць усьцяж:

1. Гэта абылганьне перамогі Беларускай Нацыянальнай Ідэі ў пачатку 90-х гадоў і абылганьне вызначальнай ролі ў гэтым Беларускага Народнага Фронту і яго авангарда – дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце;

2. Гэта падтасоўка фактаў палітычнай рэстаўрацыі каляніяльнай адміністрацыі і палітыкі Масквы ў 1994 годзе шляхам перавагі ў прэзыдэнцкіх выбарах як повад да агульнага перакрэсьліваньня ўсёй дзейнасьці Народнага Фронта і нагода для аплёўваньня яго палітычных здабыткаў і гістарычнай ролі ў лёсе Беларусі;

3. Трэцяя пэрманэнтная ілжа – гэта заклікі да ўдзелу ў фальшывых выбарах Лукашэнкі як да магчымасьці выбару альтэрнатывы. Ворагі Беларусі будуць заклікаць удзельнічаць у рэжымных выбарах увесь час, пакуль існуе антыбеларускі рэжым, і гэтым самым, фактычна, спрыяць яго існаваньню.

 

30 сакавіка 2015 г.

 Зянон ПАЗЬНЯК

 

Дадаць у: