НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ВЯЛІКІЯ ДЗЯДЫ (выступ на мэмарыяльным мітынгу ў Курапатах)

ВЯЛІКІЯ ДЗЯДЫ (выступ на мэмарыяльным мітынгу ў Курапатах)

Дарагія землякі! Вітаю вас у дарагой Бацькаўшчыне на пакутнай Курапацкай зямлі! Сёньня сюды прышоў наш народ, нашчадкі Дзядоў. Мне здаецца - я бачу вашыя абліччы і чую пах Курапацкага лесу. Ён заўсёды са мной і ўсе гэтыя дзевяць гадоў я ні секунды ня жыў за мяжой, бо мае ўяўленьні і думкі, і справы штомінутна, штохвілінна ёсьць тут на сьвятой Беларусі.

Кожны год мы прыходзім сюды, каб засьведчыць нашу памяць, нашае адзінства і наш дух. Гэта шмат значыць, асабліва цяпер, калі ў нашай Бацькаўшчыне зноў кіруюць нашчадкі забойцаў. Аднак узмацненьне духа дасьць нам і ўзмацненьне нашай сілы. Так было і так будзе.

Нашыя слаўныя продкі змагаліся за веліч Вялікага Княства. І сёньня яны таксама тут. Усё яны рабілі правільна. Кожны вораг, кожны набег быў сьцігнуты і помшчаны збройнай пагоняй. У адным толькі сумняваемся мы цяпер - ці добра, што былі яны літасьцівымі да бязьлітасных ворагаў.

Зірніце на статыстыку гістарычнай барацьбы. Там, дзе беларусы ў збройнай вайне на полі бітвы білі расейсцаў і подлую нямецкую шваль, там страты былі невялікія. Але там, дзе адмаўляліся ад барацьбы, там гінулі сотнямі тысячаў. Бо нельга было, «як лес безгалосы мы пад сякерай», нельга было задаваць пытаньне забойцам - «за што?».

Калі перасталі змагацца, тады пайшлі ў рускі ГУЛАГ і ў нямецкі Дахаў, тады атрымалі Хатынь і Чарнобыль, Курапаты і Трасьцянец. І па сёньняшні дзень плюе ў душу нам імпэрскі масковец і шваб.

Нявінныя ахвяры генацыду павінны сьведчыць нам і наводзіць на думку, што каб не паўтарылася вынішчэньне людзей, трэба змагацца. Трэба ўзрошчваць сілу і дух, розум і мускулы. І ні адна нявінная сьмерць не павінна застацца неадпомшчанай, бо інакш - няма справядлівасьці. І нікога нельга забыць. Не раскісайма, не плачма, не жальмася нашчадкам забойцаў! Хай ня сьлёзы цякуць нам з вачэй, а закіпае кроў! Хай ня стогн раздаецца з грудзей, а гімн нашай праўды і велічы і славы Усявышняму Богу. Сёньня ж з намі ня толькі ахвяры, але й вялікія Дзяды нацыі, і слаўны князь Вялікі Вітаўт, і Хадкевіч, Ян Радзівіл і Каліноўскі, і Астрожскі, і Касьцюшка, і дарагі наш Васіль Уладзімеравіч!

Раўняймася на іх!

Вечная памяць іх жыцьцям і вечна - Жыве Беларусь!

30 кастрычніка 2005 г.

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ

Дадаць у: