Паважаныя людзі – гэта тыя, якія валодаюць аўтарытэтам (у калектыве, у супольнасьці, у грамадзтве, у народзе). Аксіёма, пацьверджаная гісторыяй: без аўтарытэту не разьвіваецца культура.
Аўтарытэт асобы не ўтвараецца сам сабой. Павінна адбывацца ўзаемадзеяньне суб’екта і грамадзтва. Пазыцыя і паводзіны чалавека мусяць выклікаць прызнаньне і павагу. Узровень асобы і справы яе могуць пераганяць узровень грамадзтва, якое не ўспрымае, альбо не прызнае тое, што кажа ці стварае такая асоба. Але калі яе ўспрымуць і прызнаюць пазьней іншыя пакаленьні, то для іх яна стане аўтарытэтам.
Вопыт пацьвярджае, што гэтак жа, як шмат якія асобныя людзі, імкнуцца забясьпечыць сабе аўтарытэт у іншых, гэтаксама і грамадзтва для замацаваньня і абароны сваіх дасягненьняў імкнецца мець свае аўтарытэты, падтрымліваць іх, прапагандаваць і нават ствараць.
Дзейнасьць чалавечай супольнасьці, пачынаючы ад самых простых формаў яе існаваньня, ня можа быць абязьлічанай, бо вылучэньне чалавека з прыроды – гэта перш за ўсё, зьяўленьне яго асабовай індывідуальнасьці. Чым вышэйшы ўзровень культуры, тым большая роля і ацэнка асобы.
Хрысьціянства адкрыла чалавецтву каштоўнасьці душы, калі якасьць і ацэнка чалавека перамясьціліся ва ўнутраны сьвет асобы. (Высокія якасьці душы ставіліся вышэй за ўладу і матэрыяльнае багацьце, бо людзі ўспрымалі душу як вечную частку чалавека. Асобу сталі ацэньваць па ўнутраных якасьцях.) У гісторыі духоўнага разьвіцьця чалавека гэта быў найвялікшы прарыў, скачок на верхні ўзровень. Новая індывідуальнасьць, якой ня ведаў антычны сьвет, стварыла новае грамадзтва і новую культуру Эўропы, дзе асобны чалавек стаў нароўні з грамадзтвам, зрабіўся першаснай каштоўнасьцю гэтага грамадзтва і ўсіх ягоных інстытутаў, ад рэлігіі да дзяржавы.
Калі мы прасочым канцовую мэту духоўнага разьвіцьця чалавека так, як яна тлумачыцца ва ўсіх вышэйшых сусьветных рэлігіях, і асабліва ў Хрысьціянстве, то на духоўным этапе (які дасягаецца праз духоўнае ўдасканаленьне і фізічную сьмерць) супольнасьць увогуле перастае ўтрымліваць вызначальную ролю. Яе як бы і не існуе. Самаіснымі каштоўнасьцямі застаюцца справядлівая індывідуальная душа і яе мэта – злучэньне з Богам.
Але спусьцімся на Зямлю. Відавочны факт, што Хрысьціянства прынесла на Зямлю іншыя дачыненьні да аўтарытарнасьці. Галоўным прынцыпам узаемаадносінаў стаў ўнутраны вольны выбар. Велізарнае значэньне пачалі адыгрываць маральныя аўтарытэты, людзі вялікай адукацыі, ведаў, здольнасьцяў і культуры. Сацыяльная аўтарытарнасьць, якая раней не аспрэчвалася, таксама пачынае ацэньвацца з гледзішча маральных якасьцяў і культурнага ўзроўню. Першасным грамадзкім аўтарытэтам робіцца не герой зь яго разбуральнымі подзьвігамі, як у старым сьвеце, а чалавек-стваральнік, які сваімі думкамі, дзеяньнямі і дасягненьнямі спрыяе грамадзкаму дабру, які ня толькі зьнішчае перашкоды, але, перш за ўсё, стварае і сцьвярджае станоўчую рэальнасьць дзеля лепшага існаваньня і ўдасканальваньня ўсіх.
Менавіта такую асобу найперш стала ўхваляць грамадзтва. Паважаная актыўная асоба стала эфектыўным чыньнікам разьвіцьця культуры. Стваральны ўплыў такой вялікай асобы не абмяжоўваецца пэрыядам яе жыцьця, бо новая нацыянальная супольнасьць, арганізаваная ў нацыянальную дзяржаву, выступае як калектыўная адметная індывідуальнасьць, якая мае свае калектыўныя (нацыянальныя) інтарэсы, галоўныя зь якіх – грамадзка-культурнае разьвіцьцё і падтрыманьне вечнасьці народнага існаваньня.
Вялікая асоба якраз і выяўляла гэтыя інтарэсы. Аўтарытэт асобы ў нацыянальным грамадзтве ёсьць мера і чыньнік грамадзкай культуры, фактар нацыянальнага разьвіцьця. Яго ўплыў, незалежна ад часу, робіцца пастаянным, становіцца гістарычным здабыткам культуры. Ён (гэты ўплыў) можа большаць ці меншаць, але ўжо не мінае, бо пераходзіць у сфэру нацыянальнага духу.
З разьвіцьцём нацыі індывідуальная дзейнасьць у сфэры літаратуры, тэатра і грамадзкіх ідэй мела рашаючае значэньне для сфармаваньня нацыянальнай супольнасьці і стварэньня потым нацыянальных дзяржаваў. Калі не існуе нацыянальнай літаратуры, калі няма вялікіх нацыянальных пісьменьнікаў і паэтаў, то няма і нацыі. Нацыя не ўтвараецца без нацыянальнай літаратуры і тэатру. Нацыянальны тэатр – гэта ўвогуле мастацкая мадэль нацыі ў мініятуры. Але ўся творчасьць нацыянальнага пэрыяду ўжо ня ёсьць безыменнай, калектыўнай, цэхавай, ці вуснай народнай. Гэта ёсьць прафэсійная ўсьвядомленая творчасьць індывідуальнасьцяў, якія імкнуліся ўвасобіць і адлюстраваць агульнае ў канкрэтным, народны лёс у чалавечым вобразе.
Творцы і дзеячы нацыянальнага мастацтва, літаратуры, тэатра, навукі, палітыкі, культуры ёсьць генератарамі ідэй, стваральнікамі нацыянальнай супольнасьці; кожны мае сваё імя і аўтарытэт у пантэоне нацыянальнай культуры. Нацыя моцная сваімі вялікімі прадстаўнікамі. Уплыў іх абсалютны, каштоўнасьць безумоўная.
Кожнае нацыянальнае грамадзтва адносіцца з асаблівай увагай да сваіх грамадзкіх аўтарытэтаў. Характар дачыненьняў шмат пра што кажа. Тут выяўляецца і ўзровень культуры, і якасьць духу, і ступень салідарнасьці, і пасіянарнасьць, і скрытыя комплексы, і незалежнасьць (ці, наадварот, залежнасьць) думаньня, і нацыянальная сьпеласьць грамадзтва.
Стабільныя культуры Заходняй Эўропы і Паўночнай Амэрыкі даволі арганічна акамулююць нацыянальныя аўтарытэты ў сфэры свайго грамадзтва. Адносіны да іх разьвіваюцца ў рэчышчы агульнай павагі да чалавека. Павышаны інтэрас можа выклікаць элементы перабольшаньня альбо недаацэнкі, але ў цэлым, носіць аб’ектыўны і здаровы характар. Дачыненьні адэкватныя.
Больш складаныя дачыненьні ў ацэнцы аўтарытэту асобы ў грамадзтвах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Тут аўтарытэту часта надаецца павышаная хваравітая ўвага і вызначэньне; успрыняцьце можа быць заведама тэндэнцыйным і рэфлексійным, эмацыйныя крытэрыі могуць пераважаць.
Супраць аўтарытэтаў адных асобаў і за аўтарытэты іншых тут нярэдка йдзе змаганьне, часта вельмі аднабокае і далёкае ад рэальнасьці, аб’ектыўнасьць не шануецца, плодзяцца ілюзіі і міфы, на іх, як замкі на пяску, будуюцца цэлыя квазінавуковыя канцэпцыі. На грунце рознасьці ўяўленьняў узьнікаюць дыскусіі і непаразуменьні.
Адной з прычынаў такіх ускладненых дачыненьняў ёсьць тое, што народы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў пэрыяд позьняга сярэднявечча страцілі сваю незалежнасьць, былі падзеленыя паміж чатырма імпэрыямі і толькі ў пачатку ХХ стагоддзя дамагліся незалежнасьці, а некаторыя неўзабаве зноў апынуліся ў савецкай імпэрыі.
У той складанай сітуацыі шмат якія вядомыя людзі дзейнічалі і тварылі на сумежжы культураў, альбо адначасна ў некалькіх культурах, часам зьмянялі сваю арыентацыю і супрацоўнічалі з акупацыйным рэжымам. Тое ж самае адносіцца да дзеючых сучасьнікаў, калі палітычныя крытэрыі ў грамадзтве пераважваюць над культурнымі і навуковымі.
У цэлым трэба прызнаць, што гэта ёсьць невысокі ўзровень дачыненьняў у ацэнцы вялікіх людзей і выкліканы ён, перш за ўсё, палітычнай няўпэўненасьцю, страхам (часам, неўсьвядомленым) зноў страціць свабоду і незалежнасьць. Адсюль імкненьне самасцьвердзіцца як найбольш.
У скансалідаваных грамадзтвах Цэнтральна-Усходняй Эўропы адбываецца (часам амаль нябачнае) змаганьне за нацыянальныя аўтарытэты на ўзроўні палітычнай аднабокасьці. Але, трэба сказаць, практычна ніхто ў гэтых грамадзтвах не сумняваецца ў вялікім значэньні аўтарытэту асобы для нацыянальнай сучаснасьці, гісторыі і культуры. Нігілізм, адмаўленьне аўтарытарнасьці культуры тут не прыжываюцца.
Адметны падыход да аўтарытэту як да стваральнага чыньніка разьвіцьця выяўляюць габрэі, для якіх на працягу тысячаў гадоў гісторыі ўтрыманьне аўтарытарнасьці габрэйскай культуры было асноўнай задачай, сродкам духоўнага выжываньня і кансалідацыі, сцьвярджэньня сябе ў не сваім сьвеце.
У дачыненьні да аўтарытэтаў габрэі вольныя ад паталёгіяў Цэнтральна-Усходняй Эўропы. Яны ніколі не бяруць чужога і не выдаюць яго за сваё. Яны ніколі не затоптываюць сваё, зыходзячы з рознасьці палітычных дачыненьняў, бо агульнае (габрэйскае) – вышэй. Тут іншы падыход да аўтарытарнасьці і нацыянальнага самазахаваньня. Лепшую, вядомую, паважаную, здольную, пэрспэктыўную асобу часьцей за ўсё ўзмоцнена прапагандуюць, ёй ствараюць аўтарытэт, ставяць нібы на катурны, яе ўзвышаюць, пра яе часта і шмат гавораць, даюць выдатныя ацэнкі, аўтарытэт і значэньне яе распаўсюджваецца, разьдзімаецца і ўсімі падтрымліваецца. Вядомасьць часам ствараецца ямаль што на пустым месцы, але настолькі энэргічна і пасьлядоўна прапагандуецца, што ніхто ўжо не адважваецца сказаць нешта насуперак. А калі і скажа, то яму ж і горай. Бо хто ж можа сумнявацца ў быццам бы звышгеніяльнасьці ўсімі прызнанай асобы – толькі той, хто ні ў чым не разьбіраецца. (Хаця сумніўца якраз можа разьбірацца найлепш.)
Вельмі дрэннымі здаюцца мне дачыненьні да вялікіх людзей у беларускім грамадзтве. З першага погляду можна падумаць, што наша супольнасьць пакутуе на нейкі сацыяльна-псіхалягічны мазахізм і самаедзтва. Топчацца і не паважаецца менавіта сваё.
Беларускі нацыянальны аўтарытэт – гэта фактычна заўсёды трагічная асоба, якую зьневажаюць, абплёўваюць і здраджваюць нібыта свае беларусы.
Практычна, аднак, нэгатыўныя дачыненьні вызначалі і вызначаюць якраз не беларусы, а калянізатары, акупанты, ворагі беларушчыны. Яны заўсёды былі агрэсіўныя і канцэптуальныя, а беларускае грамадзтва – пасіўнае і, як правіла, канфармісцкае.
Галоўная прычына такога ненармальнага стану ў тым (пра гэта я ўжо пісаў раней), што ў ХІХ-м стагоддзі была зьнішчана беларуская сацыяльна-культурная эліта, набілітэт, засталіся толькі нізы (у асноўным сяляне і часткова мяшчане). Руская каляніяльная імпэрыя ўвяла тут сваю сацыяльна-дзяржаўную эліту замест зьнішчанай беларускай і беларускія нізы змушаныя былі яе прызнаць як неабходную ўладу, бо іншай альтэрнатывы не існавала.
З гэтага часу пачалася нацыянальная сьлепата, якая ня скончылася па сёньняшні дзень.
Наша грамадзтва з прычыны даўгіх акупацыяў, падзелаў і страты элітаў, слаба скансалідаванае. У ім не хапае разуменьня асноўнага адзінства паміж прыватным, агульнанацыянальным і асабовым. Чалавек сучаснай эўрапейскай цывілізацыі айчынаў успрымае агульнанацыянальныя задачы і прэстыж вялікіх асобаў нацыі гэтак жа, як свой прыватны інтэрас. У пластах беларускага грамадзтва такога неабходнага разуменьня адзінства няма. Яно падзеленае. Задачы нацыі, палітыка, ідэі культуры, дзяржава, улада і прыватныя інтарэсы асобных людзей існуюць у сьведамасьці шмат якіх беларусаў незьвязана, нібы самы па сабе, а дзейнасьць вялікіх аўтарытэтных асобаў народа ацэньваецца як іхняя прыватная справа.
Лёс вялікай нацыянальнай асобы ў гэтакім дэфармаваным нескансалідаваным грамадзтве, як правіла, поўны драматызму. Ворагам беларушчыны лёгка расправіцца з такімі людзьмі, а прапаганда можа вытварыць, што хоча, пры агульнай пасіўнасьці і маўчаньні нацыі. Праца і творчасьць беларускіх адраджэнцаў з гэтае прычыны патрабавалі выключнай самаадданасьці.
Жыцьці вялікіх беларусаў ужо больш-менш апісаныя, больш-менш вядомыя. Менш адчыненымі засталіся грамадзкія абставіны трагедыі, якія якраз высьвятляюць яе зьмест. Гэта, перш за ўсё, абыякавасьць у грамадзтве да лёсу сваіх прадстаўнікоў.
Калізія паміж ахвярнасьцю змагарнай асобы і здрадай ёй (як непрыняцьцем асобы) адлюстраваная ў найвялікшай паэтычнай драме Янкі Купалы «Сон на Кургане». Нагадаю схему сюжэта. Змагара Сама, які змагаўся за шчасьце і волю беларускага народа, беларусы (у дадзеным выпадку, сяляне) услужліва аддаюць у рукі царскіх сатрапаў. Схема для Беларусі тыповая і знаёмая, пачынаючы ад здачы інсургентаў Кастуся Каліноўскага царскім уладам да даносчыкаў НКВД і прыхільнікаў Лукашэнкі.
Гэтай жа трагічнай калізіі прысьвяціў сваю выдатную паэтычную драму «Пакрыўджаныя» Леапольд Родзевіч. Маналёг змагара за свабоду ад прыгону – старога скульптара Піліпа, адрынутага ў канцы драмы роднай дачкой, – ёсьць, бадай, адзін з самых прачулых і трагічных у беларускай паэтычнай драматургіі.
Беларуская рэчаіснасьць адэкватная такой літаратуры і ня менш выразная.
Міхась Зарэцкі, як і сотні беларускіх інтэлігентаў, пісьменьнікаў і паэтаў, быў зьнішчаны ў 1930-х гадах рускім НКВД. Сьледчыя-чэкісты шукалі рукапіс яго рамана «Крывічы», спачатку – каб прад’явіць уліку, а потым, пасьля прысуду, каб зьнішчыць раман. Не знайшлі. А рукапіс быў у вёсцы, і сяляне-дзядзькі, аматары махоркі, скарысталі гэты рукапіс – на ... самакруткі. Раман скурылі. Рэшта зьнікла ў НКВД.
Тут справа ня толькі ў адсталасьці і неадукаванасьці. Нешанаваньне свайго, выхаванае ў сялянскай сьведамасьці чужынцамі, прыводзіць да заганнай ацэначнай формулы: «Няма прарока ў сваёй айчыне». Які ўжо там аўтарытэт, якая павага!
Васіля Быкава ведае ўвесь сьвет. На Беларусі яго называюць сумленьнем нацыі. Гэта вялікі пісьменьнік, вялікі чалавек. Сіла ягонага маральнага аўтарытэту такая вялікая, што той чалавек, той чыноўнік, той дзяржаўны дзеяч, які пачаў бы яго зьневажаць ды паліваць брудам ягонае імя, павінен выклікаць усеагульнае абурэньне і шырокае асуджэньне брыдкіх паводзінаў, бо Быкаў – гэта ўжо ня проста вялікі пісьменьнік – ён вялікі гонар і каштоўнасьць Беларускай нацыі.
Аж не. У Беларусі, аказваецца, можна зьневажаць і Быкава. І гэта абыходзіцца, сходзіць з рук. І ворагі беларушчыны пра тое ведаюць.
Калі прааналізаваць жыцьцё беларускіх адраджэнцаў – вялікіх людзей ХХ-га стагоддзя, уражвае пастаянства іхных ілюзіяў у дачыненьні да беларускага грамадзтва і да Расеі. Хоць, здавалася б, хто лепш за іх павінен бы быў усё ведаць.
У канцы 60-х у размове з Паўлінай Мядзёлкай я даведаўся, што калі ў сярэдзіне 20-х на Беларусь вярнуліся з эміграцыі шмат якія беларускія нацыянальныя дзеячы і атрымалі навуковыя ды дзяржаўныя пасады ў БССР, яны неяк сабраліся разам і тады, здаецца, Язэп Лёсік сказаў: «Ну, цяпер ужо беларускай справе ніхто і нішто не перашкодзіць».
Праз нейкі час усе яны былі зьнішчаныя НКВД.
У 1922 годзе Аляксандар Цьвікевіч, выступаючы на пахаваньні Алеся Бурбіса і расказаўшы пра ягонае цяжкае жыцьцё, пакуты, турмы і перасьледы, зазначыў, што ён быў беларусам-адраджэнцам, а жыцьцё адраджэнца – гэта ахвярнасьць і служэньне Беларусі. Яно немагчымае без пакутаў.
Падагульняючы думкі пра сітуацыю, якая склалася на Беларусі ў дачыненьні да аўтарытэтных людзей нацыі і разумеючы, чаму так ёсьць, можна зрабіць дзьве галоўныя высновы, якімі, па маіх назіраньнях, кіраваліся вялікія адраджэнцы, такога ўзроўню, як Ларыса Геніюш і ксёндз Адам Станкевіч.
Па-першае. Каб запабегчы расчараваньням, трэба ня мець ілюзіяў. Беларускі адраджэнец павінен адносіцца да сваёй дзейнасьці (у якой бы галіне яна ні адбывалася) як да місіі, як да прызначэньня, памятаючы, што народ, людзі ёсьць такія, якія яны ёсьць, што іншых людзей няма і трэба дапамагаць ім вярнуць свой нацыянальны гонар і стаць вольнымі беларусамі, не чакаючы ад іх ні ўдзячнасьці, ні ўзнагароды. Адраджэнец мусіць узвышацца над абставінамі і не кідацца ў пэсымізм.
З іншага боку, кожны беларус, грамадзянін Беларусі, мусіў бы сабе ўсьвядоміць, што найпершае багацьце нацыі – гэта яе разумныя, таленавітыя, здольныя, адукаваныя вялікія асобы. Ім павінна быць найпершая павага, шанаваньне і абарона.
Другая выснова. У абставінах грамадзкага асьляпленьня нельга абвінавачваць усю нацыю, крыўдзіцца на народ і, тым больш, зьневажаць яго (як часам цяпер бывае). Гэта было б цалкам няправільна і абсалютна беспэрспэктыўна.
Калі я азіраюся на ХХ-е стагоддзе, мяне ўражвае маральная веліч беларускіх адраджэнцаў. Гэта людзі высокай пробы. Іхняя дарога, справы, дзейнасьць – ёсьць шлях дасканалых.
Кожны адраджэнец адчувае сябе народам. Кожны мог бы сказаць: народ – гэта я. І гэта праўда. Гэта правільнае, нармальнае адчуваньне. Гэтак павінен бы думаць кожны чалавек у дасканалым грамадзтве.
Зянон Пазьняк