НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

У ВЯНОК ПАМЯЦІ ГЕНАДЗЯ БУРАЎКІНА

У ВЯНОК ПАМЯЦІ ГЕНАДЗЯ БУРАЎКІНА

            Памёр Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Як і ўсіх цяперака беларускіх інтэлігентаў скасіла яго “анкалогія”. Хачу сказаць некалькі слоў пра яго ў добрую памяць, бо ведаў паэта здаўна, з сярэдзіны 60-х. Тады, будучы спэцкарэспандэнтам “Правды” ў Беларусі (ў той час гэтая “ідэалагічная” пасада вышэй за міністэрскую, а сама “Правда” вышэй за ЦК КПБ), Генадзь Мікалаевіч дапамог апублікаваць мой артыкул у “Правде” (ворган ЦК КПСС) ў абарону ад разбурэньня гістарычнай забудовы Нямігі і будынка тэатра імя Янкі Купалы. (Яшчэ заўважу – усё, што друкавалася ў “Правде”, ішло праз “спэцкарэспандэнтаў”, а разбурэньне тэатра і Нямігі – гэта была афіцыйная палітыка ЦК КПБ.) Пасьля публікацыі ў “Правде” разбурэньне Нямігі прыпынілі на некалькі  гадоў, а тэатр ўвогуле ўдалося ўратаваць.

            Генадзь Мікалаевіч быў адзін з тых нешматлікіх асобаў, якія прымаючы камуністычную рэчаіснасьць, ніколі не здраджвалі Айчыне, ніколі не будавалі свой кар’ерны рост коштам Беларусі, і калі надыходзіла пара выбару – Беларусь была вышэй за ўсё.

            Я лічу, што такім і павінен быць сапраўдны Беларус, ў якіх бы абставінах яму не давялося жыць – Беларусь перад усім.

            У вачах мне стаіць шчымлівая вядомая ўжо фатаграфія Сяргея Шапрана – Барадулін і Бураўкін ля паміраючага Быкава. Тры творцы, тры вялікія беларусы. Цяпер яны ўжо там, ў Нябеснай Айчыне. Нябесная Беларусь ёсьць, бо ёсьць Беларусь Зямная. Тыя хто засталіся, памятайма і разумейма. Каб ня сталася так, што ня будзе куды ісьці, бо што завязана на Зямлі, тое й на небе і кожны наш добры крок для Айчыны, кожная ахвяра дзеля роднай зямлі, дабра й справядлівасьці ськіраваныя тут і там у вечнае наша быцьцё.

            Бывай. Пухам зямля, Генадзь Мікалаевіч. І творчасьць твая, і памяць пра цябе застануцца ў душах беларусаў навечна.

 

31 траўня 2014 г.                                                                             Зянон Пазьняк

Дадаць у: