Мова ёсьць найвялікшае дасягненьне культуры. “На пачатку было слова.” Мова – гэта чалавецтва. Нічога, што створана чалавецтвам, няма вышэй і важней за мову. Мова народа для кожнага народа мае такое ж значэньне, як фэнамэн мовы для ўсіх людзей.
Мова не належыць толькі таму пакаленьню, якое жыве. Яна дзеля мінулага і будучыні. Яна дзеля вечнасьці.
Мова ёсьць першасным і найвялікшым сродкам культуры. Нацыянальная родная мова ёсьць ключом для адкрыцьця генетычных магчымасьцяў асобы ў рэалізацыі яе інтэлектуальнага разьвіцьця. Гэта вядома было яшчэ ў ХІХ стагоддзі (рускі пэдагог К. Ушынскі) і пацьверджана сучаснай навукай, якая дасьледуе генэтыку і мазгі чалавека.
Найвялікшая небясьпека для народнай мовы – акупацыя і акупацыйная палітыка. Акупацыі бываюць розныя і маюць гістарычныя характарыстыкі.
Расейская акупацыя Вялікага Княства Літоўскага (Беларусі) – гэта была акупацыя на нацыянальную сьмерць, дзе галоўным накірункам маскоўскай палітыкі было вынішчэньне беларускай мовы. Ворагі лічылі, што вынішчэньне беларускай мовы адначасна з русіфікацыяй – гэта тое зьвяно, якое дазволіць ім разбурыць усю беларускую нацыянальную культуру і ліквідаваць народ, выкінуць яго з мапы Эўропы.
Разьлік расейцаў быў дакладным. Ёсьць некалькі складовых асноваў існаваньня нацыі, характэрных для ўсіх народаў і краін, – гэта мова, рэлігія, геаграфічнае палажэньне, гісторыя, этнічная супальнасьць, культура і г. д. Сярод названых асноваў у кожнай нацыі (у залежнасьці ад абставінаў) ёсьць прыярытэты, на якіх трымаюцца ўсе каштоўнасьці. Для габрэяў, напрыклад, гэта іхняя гісторыя і рэлігія, для ірландцаў каталіцызм, для бальшыні эўрпейцаў – нацыянальная мова.
Для Беларускай нацыі найважнейшым грунтам існаваньня і разьвіцьця зьўляецца беларуская мова плюс гісторыя. Ліквідацыя беларускай мовы для беларусаў абазначае нацыянальную сьмерць. Беларуская нацыя трымаецца на беларускай мове. Гэта цудоўна разумелі ўсе беларускія нацыянальныя дзеячы («Шануйце мову нашую, беларускую, каб ня ўмерлі» -- Ф. Багушэвіч) і дакладна асэнсавалі галоўныя ворагі і нішчыцелі беларускай нацыі – маскоўцы.
Задача нумар адзін усёй маскоўскай палітыкі на яе заходнім кірунку – ліквідацыя беларускай мовы і русіфікацыя. Без дасягненьня такой мэты Масква ніколі ня зможа перамагчы Беларусь. Расейскія палітыкі гэта ведаюць і дасягнулі ў Беларусі вялікіх разбуральных вынікаў, галоўным чынам, дзякуючы акупацыйнай палітыцы, выкарыстаньню палітычных стаўленьнікаў, эфектоўнай прапагандысцкай і ідэалагічнай апрацоўцы беларускіх эліт і усяго насельніцтва. Тое, што ў гэтым сьмяртэльным змаганьні ведаюць і разумеюць маскоўцы, ня бачыць і не разумее бальшыня беларускага грамадзтва. Адбылося глыбокае і змасаванае асьляпленьне праціўніка і спадзевы Масквы павялічыліся.
Усялякі зрух беларусаў у абароне беларускай мовы і беларускай адукацыі выклікае нэрвовую рэакцыю маскоўцаў, часам гістэрычную і на першы погляд неадэкватную. Сьведама ці ня сьведама яны трывожацца за лёс сваёй антыбеларускай палітыкі ў Беларусі і баяцца правалу палітычнай задачы нумар адзін. Істэрычныя паводзіны, неадэкватныя ўспышкі нянавісьці да беларускай мовы (якая ўжо ледзь дыхае) тлумачацца імпэрскай, антыбеларускай зададзенасьцю маскоўскай палітыкі і страхам за яе правал.
Дзеяньне маскоўскай палітыкі у Беларусі шляхам выкарыстаньня антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі нагадвае вайну акупацыйнай арміі, якая найперш страляе ідэалагічнымі патронамі ды палітычнымі кулямі, а потым ужо, не спатыкаючы супраціву, пачынае граміць дубінамі ды аглоблямі.
Сутнасьць такога становішча вобразна і адпаведна раскрыў адраджэнскі палітык Юры Адамавіч Беленькі, зьвяртаючыся да моладзі: «Моладзь, памятай: калі ты размаўляеш на расейскай, ты ў акупацыйнай арміі, якая страляе ў твой народ».
Цікава, што гэты дакладны, палітычна вывераны лозунг зноў, як звычайна, па зацяганым маскоўскім шаблоне выклікаў чарговую штучную істэрыку агентуры і лукашыстаў. Гёбельс малее перад нэўрастэніяй «рэзідэнтаў» і «прапагандыстаў». Тут яны раскрываюцца вельмі выразна. Асноўны прыём – перакручваньне лёзунга і нападкі на свае ж выверты. Тыповы савецкі прапагандысцкі падыход і класічная гёбельсаўшчына. І так увес час.
Што было разбурана і зьнішчана за 200 гадоў акупацыі і як нішчаць беларускую культуру і мову цяпер – вядома. Усё гэта будзе падлічана падрабязна і прад’яўлены рахунак нішчыцелям. Але ўжо цяпер трэба ставіць сабе пытаньне, якім чынам пасьля цёмнай навалы трэба будзе аднаўляць страчанае і як адрадзіць разбуранае?
У 2006 годзе на так званым “усебеларускім сходзе” начальнік антыбеларускага рэжыму выказаў у завуаляванай форме стратэгічную мэту маскоўскай акупацыйнай палітыкі ў Беларусі і ўскладзеную на яго разбуральную місію: “Зрабіць так, каб нічога ўжо нельга было вярнуць назад”.
Гэта, між іншым, тэзіс расейскага НКВД, якім яны кіраваліся ў акупаванай Беларусі амаль усё ХХ-е стагоддзе. Цяпер паўтараюць тое самае.
* * *
Пасьля ліквідацыі рэжыму першае, што трэба будзе зрабіць беларусам – гэта адмяніць усе антыбеларускія і фальсіфікацыйныя, антызаконныя акты цёмнага рэжыму. Уводзіцца ў дзеяньне Канстытуцыя 1994 года. Аднаўляюцца дзяржаўны Сьцяг і Гэрб, зацьвярджаецца дзяржаўны гімн.
Канстытуцыя 1994 года стварае грунт для адраджэньня дзяржаўнай беларускай мовы і адукацыі. Доўгія гады цёмнага рэжыму і вынішчэньня мовы паказалі, аднак, што ня ўсё так дрэнна, бо беларускі народ прыхільны да сваёй дзяржавы, да Незалежнасьці і да сваёй мовы. Зыходзячы з гэтага, ёсьць магчымасьць праводзіць спакойную і лаяльную да цяжкага стану грамадзтва палітыку культурнага адраджэньня. Важна толькі, каб была беларуская дэмакратычная ўлада і, каб краінай кіравалі патрыёты Беларусі.
Першае правіла. Ня трэба ствараць ніякіх моўных абмежаваньняў для людзей у грамадзтве, ня трэба вызначаць ніякіх тэрмінаў пераходу на мову. Усё адбудзецца паступова само сабой пры культурніцкай і адукацыйнай падтрымцы беларускай дзяржавы і дзяржаўнай праграмы моўнага разьвіцьця. Тэрмін для авалоданьня дзяржаўнай мовай будзе вызначаны толькі для дзяржаўных служачых і чыноўнікаў (звычайна гэта пяць гадоў паводле існуючай міжнароднай практыкі)
Вопыт доўгіх гадоў антыбеларускага рэжыму паказаў, што галоўнае, каб не душылі, не плявалі ў твар, не зачынялі школы, не кідалі ОМОН на Беларускі ліцэй, каб далі магчымасьць вольна разьвівацца, вучыцца, гаварыць пра сваё і пра ўсё. А нармальная Беларуская дзяржава дасьць такую магчымасьць усім і падтрымае.
Трэба разумець, што расейская мова нам ня страшная, калі ня будзе палітыкі русіфікацыі. А яе пасьля цёмнага рэжыму ня будзе.
Трэба ўлічыць, што за гады цёмнага рэжыму цэлае пакаленьне людзей прайшло праз рускую школу, беларуская мова рэжымам нідзе не прызнавалася. Большая палова беларусаў, якія любяць сваю краіну і ведаюць, што іхняя мова беларуская, карыстаюцца і змушаны былі карыстацца толькі расейскай мовай. Беларускую мову антыбеларускі рэжым выціснуў амаль адусюль.
Як мусіла б выглядаць гэтае “першае правіла” на практыцы пры сапраўднай беларускай уладзе і ў дачыненьні з уладай?
Улада будзе карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай і валодаць мовай міжнацыянальных зносінаў (гэта значыць рускай мовай згодна Канстытуцыі 1994 г.). Аднак, зразумела, што шмат хто з дзяржаўных чыноўнікаў беларускай мовай цяпер не валодае. Ніхто за гэта ня будзе іх звальняць з працы. Будуць прапанаваныя бясплатныя курсы мовы. Чыноўнік можа праігнараваць курсы і не вучыць дзяржаўную мову. Ніхто таксама ня будзе яго за гэта і ў гэты пяцігадовы пэрыяд звальняць. Але веданьне дзяржаўнай мовы будзе ўведзена ў класнасьць чыноўнікаў і да зарплаты будзе дадавацца каэфіцыэнт. Прылежнасьць і навучаньне мусяць быць узнагароджаны.
Акрамя таго з гадамі будуць выходзіць зь беларускіх школаў і ўнівэрсітэтаў добра падрыхтаваныя, адукаваныя кадры, і чыноўнік, які не захацеў вучыцца, ня вытрымае ні конкурсу, ні канкурэнцыі.
Грамадзянін Беларусі прыходзіць у дзяржаўную ўстанову, размаўляе і піша заявы (паданьні) і атрымлівае адказы на той мове, на якой яму зручна (гэта значыць на беларускай ці на рускай).
Тут не павінна ўзьнікаць ніякіх праблем для грамадзяніна. Трэба разумець становішча, якое будзе выпраўляцца паступова і натуральна, разам з ростам вольнага пакаленьня.
У сістэме адукацыі мусіць быць адноўлена беларуская лінейка адукацыі. Гэта значыць – беларуская школа, беларускі ўнівэрсітэт, плюс беларускія дашкольныя ўстановы. Тут ужо ёсьць вопыт 90-х і добрыя вынікі.
Будзе ўзвышана значэньне і роля настаўніка, істотна павялічана зарплата, выпраўлены савецкі і рэжымны (жаночы) перакос у фармаваньні школьных педагагічных кадраў. Спрыяльны падыход павінен быць ва ўсёй сістэме адукацыі, асабліва ў вышэйшай, якая (зразумела, па самой сытуацыі) павінна апярэдзіць школу і стаць беларускай па мове, па зьместу і па духу. Трэба ўсьведамляць, што імгненна тут нічога ня зробіцца. (У чэшскіх унівэрсытэтах яшчэ доўгі час пасьля аб’яўленьня незалежнасьці некаторыя лекцыі чыталіся па-нямецку.)
І ў нас, можа нават працяглы час, некаторыя лекцыі, напэўна, будуць гучэць па-руску. Трэба ведаць, што гэта зусім не бяда, а пераходны пэрыяд.
Тут мусіць існаваць сістэма руху наперад. У пераходны пэрыяд (гэта значыць часова, на пэўны тэрмін) будзе грамадзкая дапамога, будуць створаныя грамадзкія фонды падтрымкі беларускай вышэйшай адукацыі, фондавыя даплаты педагогам за мову навучаньня. Наша вялікая мова заслугоўвае грунтоўнай кампэнсацыі за дзьвесьце гадоў нішчэньня, абплёўваньня, дыскрымінацыі, паніжэньня і забароны. Дэмагогія ворагаў чалавецтва аб «уціску» рускай мовы тут ня пройдзе. Беларусы натуральным чынам, законна і з поўным правам, ўсім грамадзтвам, карыстаючыся адначасна і рускай мовай, выправяць векавыя разбурэньні ворагаў нацыі і культуры, даўшы сваёй беларускай мове вольны шлях ў вольнае жыцьцё.
Самае галоўнае, на што я тут спадзяюся, што на старце (у атмасфэры дабразычлівасьці і даверу) кожны беларус, чыноўнік, пэдагог (беларускамоўны ці расейскамоўны) павінен адчуць сябе запатрабаваным для нацыі, для вялікай справы свабоды і нацыянальнага адраджэньня. Адным словам, мусіў бы стацца ўздым добрых справаў і сьветлага энтузіязму. А гэта вялікая стваральная сіла.
Велізарнае значэньне для адраджэньня дзяржаўнасьці беларускай мовы і для веданьня мовы ўсімі грамадзянамі Беларусі (у тым ліку і мігрантамі) ёсьць дзяржаўнае беларускае радыё і тэлебачаньне – тое, што ліквідаваў цёмны рэжым. Усё гэта будзе адноўлена адразу, гэтак жа, як і дзейнасьць забароненых і ліквідаваных беларускіх радыёстанцыяў і праграмаў.
Мяркую, што за сымвалічную аплату (а магчыма і бясплатна) будзе ажыцьцёўлена дзяржаўная мадэрнізаваная сістэма “Радыё ў кожны дом” (кшталту правадной сеткі але ў новых тэхналягічных магчымасьцях), бо такая інфармацыйная прапанова зусім не састарэла і вельмі карысная для ўсьведамленьня і разьвіцьця перш за ўсё роднай мовы (пацьверджана практыкай).
Прыстойнае нацыянальнае тэлебачаньне і радыё, акрамя непасрэднага агучваньня мовы, павінны падняць яе прэстыж і значэньне для беларуса добрым ўзроўнем сваіх аўдыё і тэлепраграмаў.
З усіх грамадзкіх арганізацыяў моўнага ўплыву асобна стаіць пытаньне аб мове ў рэлігійных сьвятынях. Тут трэба разумець, што аддзяленьне царквы ад дзяржавы зусім не азначае аўтаномію царкоўнай арганізацыі і выхад яе з-пад закону, як некаторыя часам думаюць. Аддзяленьне ад дзяржавы абазначае, што царква не трактуецца як дзяржаўны ворган, не выкладаецца абавязковы Закон Божы ў школе (але можа быць як факультатыў), усе царкоўныя дакуманты, выдадзеныя людзям (аб шлюбе, аб хрышчэньні і т. п.) не ацэньваюцца як афіцыйныя дакуманты, ніякае дзеяньне царквы не ўплывае на юрыдычныя і грамадзянскія дачыненьні асобы. І ўсё на гэтым. Царква падпарадкоўваецца ўсім законам, якія прынятыя ўладай. Яна можа, скажам, не рэагаваць на Закон. Але калі ў царкоўных шапіках пачне прадавацца, напрыклад, чарнасоценная, руская фашыстоўская, антысеміцкая ці антыбеларуская літаратура, то гэта ўжо падходзіць пад парушэньне, якое адлюстравана ў праве і караецца паводле адпаведнага праўнага кодэксу.
Беларуская вольная дзяржава магла б, на маю думку, заключыць канкардат з усімі цэрквамі, дзе было б (сярод іншых) адзначана пытаньне аб дзяржаўнай мове ў сьвятынях і храмах, бо дзяржаве цяжка быць прыхільнай царкве, якая ігнаруе (і нават не шануе) беларускую дзяржаўную мову.
Павінен адзначыць, згодна нават практычных назіраньняў, што тыя пытаньні і тэмы, ад якіх ворагаў беларушчыны кідае ў немарасьць, істэрыку і шалёную злосьць, павінны стаць для нас прыярытэтам, першачарговай задачай аднаўленьня. А гэта Беларуская мова, Беларускі Сьцяг і гэрб Пагоня. З гэтых каштоўнасьцяў цёмны рэжым пачаў зьнішчэньне ўсяго беларускага. З гэтых каштоўнасьцяў (пасьля ліквідацыі рэжыму) трэба пачаць нашае нацыянальнае вяртаньне і адраджэньне сьветлай Беларусі.
ліпень-лістапад 2013 г. Зянон Пазьняк