У канцы ліпеня ў сэрыйным выданьні радыё Свабода (Прага) вышла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы. Год Незалежнасьці вачыма ўдзельніка», 536 старонак з ілюстрацыямі ў фармаце А5 (1/16 друкаванага аркуша). Гэта выдатны падарунак у дзеяпіс беларускага змаганьня і быцьця. Істотна што кніга зьявілася якраз напярэдадні 25-га Жніўня – вялікага сьвята беларускай Незалежнасьці.
Падзагаловак пра ўдзельніка падзей тут важны, але мушу дадаць больш – удзельніка і фронтаўскага палітыка з выразным нацыянальным думаньнем, разуменьнем і веданьнем працэсаў нацыянальнага разьвіцьця, якія вымагалі ў той час неадкладнага вырашэньня. Яны (тыя працэсы) былі вырашаныя якраз таму, што была створана адэкватная, узброеная Нацыянальнай ідэяй, грамадзка-палітычная сіла – Беларускі Народны Фронт. Толькі такая нацыянальна-адраджэнская сіла магла рэалізаваць Нацыянальную ідэю і прывесьці да Незалежнасьці Беларусі.
Ніякая іншая сіла -- ні намэнклятурная, ні дэмакратычная, ні супэр-дэмакратычная -- да Незалежнасьці краіну ніколі б ні прывялі, бо яны («дэмсілы») да гэтага не імкнуліся і ня думалі нацыянальнымі катэгорыямі. Тым часам грамадзкія працэсы вымагалі нацыянальнага асэнсаваньня.
Падсумоўваючы гэты тэзіс, адзначу, што ён унівэрсальны. Тое ж самае цяпер, калі стаіць пытаньне аб пазбаўленьні ад унутраннай акупацыі, ад антыбеларускага рэжыму і ад палітыкі разбурэньня нацыі.
Кніга «Дзевяноста першы» ўдала прадумана па структуры. Пададзена храналягічная разгортка падзей па месяцах. Спачатку пералічваюцца галоўныя палітычныя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі, у СССР і ў сьвеце на праягу месяца, а потым ідзе апісаньне і ацэнка тых падзей аўтарам, ў цэнтры якіх ён знаходзіўся ў той пераломны рэвалюцыйны час.
Сяргей Навумчык быў адным з трох каардынатараў дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Ён якраз адказваў за інфармацыю, за сувязь з друкам, СМІ, з грамадзкімі працэсамі, палітычнымі падзеямі ў Беларусі і сьвеце. Кола яго кантактаў было даволі шырокім. Пры гэтым ён быў парлямантарна дысцыплінаваным (як, практычна, ўсе дэпутаты БНФ) – прысутнічаў у залі на ўсіх паседжаньнях, бо заўсёды патрэбнымі былі нашыя выступы і ўдзел у дыскусіях.
Гартаючы кнігу, чытач убачыць, як шчыльна і лёсавызначальна (месяц за месяцам) быў насычаны фактамі гэты рэвалюцыйны год: вострыя падзеі ў Прыбалтыцы і ў Вільні, гарбачоўскі «рэфэрэндум» і спробы ўратаваць СССР, стотысячныя страйкі і дэманстрацыі ў Менску, спробы камуністаў увесьці прэзыдэнцкую ўладу і надзвычайнае становішча ў Беларусі, рассьледваньне злачынстваў Чарнобыля ў Вярхоўным Савеце, нарэшце – Жнівень, гэбоўска-камуністычны путч у СССР, параза камуністаў, Надзвычайная Сэсія Вярхоўнага Савета БССР і -- 25-га жніўня трыюмф Беларусі – дзяржаўная Незалежнасьць краіны.
Добрай якасьцю кнігі С. Навумчыка ёсьць яго ўдалае выкарыстаньне дакумантаў таго часу, запісаў, выказваньняў, цытатаў з друку і стэнаграмаў. Я кажу «ўдалае», бо аб’ектыўнае. Выказваньні даюцца, як правіла, ад самой цытуемай асобы, прытым шырокія і нават шматслоўныя, каб выключыць фрагмэнтарнасьць і каб быў зразумелы ўвесь кантэкст. Аўтар выявіў пасьлядоўны аналіз, добрае абгрунтаваньне матэрыялу і цікавы расповяд пра падзеі ад сваёй асобы.
Часам можа здацца, што ў асобных месцах зашмат асабістага і апісаньня нязначных дэталяў. Але з гледзішча цяперашняга чалавека такія дробязі якраз паказваюць тое жывое, чаго цяпер ужо няма, словам, адбіваюць дух часу ў нязначным і мімалётным.
Адзначу таксама, што аўтар піша даходлівай мовай, зручнай для ўспрыняцьця, без мудрагелістых закаручак думкі, але выказваючы ўсё па сутнасьці.
Кароткую ёмкую прадмову да кнігі напісаў Аляксандар Лукашук, зрабіўшы некалькі важных высноў. Напрыклад: «Дэпутаты Апазыцыі ў 1991 годзе зрабілі больш, чым маглі. Зрэшты, гісторыя робіцца толькі так...Год Незалежнасьці – 1991 – варта пазначыць так, як пазначаюцца ў гісторыі Эўропы тысячагоддзі і вякі, рымскімі лічбамі: MCMXCI»
Кніга Сяргея Навумчыка ёсьць добры ўклад у праўдзівую гісторыю беларускай Незалежнасьці.
* * *
Крыху раней, у самым канцы 2012 года, у Варшаве ў выданьні «Беларускіх Ведамасьцяў» вышла яшчэ адно друкаваньне, пасьвечанае таму змагарнаму часу. Гэта брашура Галіны Пазьняк «Менскі гарсавет у пэрыяд нацыянальнай рэвалюцыі (1990-1991)»
У тыя часы ў Менгарсавеце была дзейная група фронтаўскіх дэпутатаў (Галіна Пазьняк -- дэпутат ад БНФ -- актыўна працавала ў той групе), якія дамагліся шмат добрых спраў і рашэньняў, асабліва ў галіне школы і беларускага навучаньня. У 1991 годзе па ініцыятыве фронтаўскіх дэпутатаў на Сэсіі Менгарсавета былі прынятыя рашэньні аб пацьверджэньні і вяртаньні магдэбургскага гэрба Менска ўзору 1591 года, аб дэмантажы помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці і (што асабліва радасна) аб узьняцьці над будынкам Менгарсавета беларускага нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга побач з афіцыйным тады яшчэ сьцягам БССР. Ужо 5-га верасьня 1991 года за два тыдні да гістарычнага рашэньня Вярхоўнага Савета аб дзяржаўнай сымволіцы над Менгарвыканкамам разьвіваўся Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
Гэтыя і іншыя факты і падзеі падрабязна апісаныя аўтарам Галінай Пазьняк у яе працы, зьмешчаныя таксама ілюстрацыі прынятых дакумантаў. У тых саветах, дзе былі фронтаўскія дэпутаты (асабліва ў Менску Пінску, Гомлі), усюды застаўся станоўчы вынік іхняй дзейнасьці і змаганьня.
23 жніўня 2013 г. Зянон Пазьняк