Эканамічныя санкцыі -- гэта мэтад гібрыднай вайны, які ўжываюць эканамічна разьвітыя краіны супраць іншых (як правіла, эканамічна слабейшых) краінаў дзеля дасягненьня палітычных мэтаў і эканамічных пераваг.
Дэкляруецца палітычная мэта, пад выглядам якой робіцца эканамічнае разбурэньне дзяржавы. Але сама палітычная мэта тут недасяжная, не дасягаецца і, калі па гісторыі, -- нідзе не была дасягнута.
Гэта мэтад, накіраваны супраць дыктатуры, але ў рэальнасьці -- зьяўляецца выключна антынародным. Ні адна дыктатура не абвалілася з прычыны эканамічных санкцыяў, але народ даходзіў да галечы, дзяржава слабела і трапляла ў залежнасьць, а дыктатура ўмацоўвалася і станавілася нязьменнай. Найбольш выразныя прыклады: Куба, Паўночная Карэя, Беларусь.
Эканамічныя санкцыі разьвітых краінаў дэмакратыі супраць Беларусі дэкляратыўна накіраваныя на ліквідацыю дыктатуры Лукашэнкі, але ў рэальнасьці -- сталі санкцыямі супраць беларускага народа і супраць эканамічнай і дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі.
Вынік гэтых санкцыяў такі:
1. Зьнішчаныя эканамічныя сувязі і беларускі гандаль з Эўропай і краінамі дэмакратычнага сьвету, які складаў 50 адсоткаў гандлёвага абмену.
2. У выніку ўся эканоміка і гандаль Беларусі вымушана цалкам пераарыентаваліся ў Расею і трапілі ў залежнасьць ад расейскага рынку і расейскага рэжыму. Цяпер, на 2023 год, усе заводы, прадпрыемствы, бізнэс, усе галіны эканомікі працуюць на расейскі рынак, на расейскую эканоміку, сталі залежнымі ад расейскага капіталу і ад расейскай палітыкі. Беларуская маёмасьць пераходзіць у рукі расейцаў.
3. Адбылося абніжэньне ўзроўню жыцьця беларускага народа.
4. Дыктатарскі антынародны рэжым Лукашэнкі страціў магчымасьць заходняга эканамічнага і палітычнага манэўру. Сітуацыю скарыстала Расея. Дзеля захаваньня ўлады Лукашэнка здаў Беларусь у поўную палітычную залежнасьць ад Расеі і ад фашысцкага рэжыму Пуціна.
5. Гэта акалічнасьць, а таксама адсутнасьць тактычнага падыходу з боку Захаду ў расейска-беларускіх супярэчнасьцях, блакіроўка Беларусі эканамічнымі санкцыямі, садзейнічалі акупацыі Беларусі Расеяй і наступнай агрэсіі Масквы супраць Украіны з захопленай беларускай тэрыторыі.
6. Эканамічна-санкцыйная гібрыдная вайна супраць Беларусі паспрыяла страце суверэнітэту Беларусі, увядзеньню расейскай ядзернай зброі ў Беларусь, пагрозе ліквідацыі Беларускай дзяржавы, пэрспэктыве ядзернага ўдару па Беларусі.
Гібрыдную эканамічна-санкцыйную вайну супраць Беларусі і Беларускага народа вядуць (пад выглядам барацьбы з дыктатурай Лукашэнкі) найперш разьвітыя краіны Захаду. У Беларусі яе не падтрымлівае ніхто. За межамі Беларусі эканамічна-санкцыйнай вайне супраць дзяржавы і народа аддана спрыяе і патрабуе яе працягу ад Захаду былая газпрамаўская прарасейская апазыцыя -- група, створаная цяпер вакол падстаўной асобы Ціханоўскай, якую фальшыва аб’явілі "прэзыдэнт-электам" і якую, ня гледзячы на хлусьню і абсурд, падтрымлівае санкцыйны Захад, зыходзячы з прагматычных інтарэсаў.
Эрго:
-- У інтарэсах народа Беларусі, беларускай незалежнасьці і Беларускай дзяржавы, справядлівасьці і дэмакратыі павінны быць патрабаваньні не аб санкцыях, а аб дэакупацыі Беларусі і вывадзе расейскіх акупацыйных войскаў з Рэспублікі Беларусь.
-- Беларусы, спасылаючыся на «Будапэшцкі Мэмарандум» 1994 года года маюць права спадзявацца і патрабаваць ўльтыматуму ад краін Захаду ў бок Расеі аб недапушчэньні ўвядзеньня ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі.
-- У інтарэсах народа Беларусі, беларускай незалежнасьці і Беларускай дзяржавы, справядлівасьці і дэмакратыі мусяць быць адменены ўсе (!) эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з боку Захаду. Застаюцца толькі індывідуальныя санкцыі супраць злачынцаў і функцыянераў антыбеларускай, антыдэмакратычнай палітыкі рэпрэсіяў і тэрору.
За гэта трэба змагацца беларусам у замежжы і ў замежнай палітыцы. Прыярытэтамі ў нацыянальнай палітыцы заўсёды павінны быць дзяржава, незалежнасьць, свабода і Беларускі народ.
14 травень 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК