тэлеграма
да ўдзельнікаў мітынгу ў Кіеўскім скверы горада Менска
24-03-2018, New York
Паважаныя спадарыні і спадары. Сёньня мы адзначаем 100 гадоў аб’яўленьня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак мы мусім памятаць, што нацыянальнай свабоды і дэмакратыі на Беларусі няма. Уладу захапіў прамаскоўскі рэжым. Для часткі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ўлады дазволілі адзначыць сьвята 24 і 25-га Сакавіка мітынгам-канцэртам, грамадзкімі і мастацкімі выступамі.
Але аказваецца, што гэтае рашэньне ўладаў ня ёсьць прыхільным для людзей крокам. Тут фальшывыя паводзіны.
За некалькі дзён да сьвята рэпрэсіўны рэжым схапіў і кінуў за краты шэсьць чалавек: нашага выдатнага паэта Ўладзімера Някляева, Леаніда Кулакова, Максіма Вінярскага, Вячаслава Сіўчыка, Яўгена Афнагеля, Вольгу Мікалайчык.
Дзеяньні рэпрэсіўных структураў рэжыму -- гэта ёсьць неганаровы, подлы ўчынак. Арыштаваныя асобы не зрабілі ніякага парушэньня. Такімі дзеяньнямі рэжым у час нацыянальнага сьвята зьневажае Беларускі народ. Ганьба антынароднаму рэжыму!
Затрыманыя людзі мусяць быць неадкладна выпушчаныя на волю. Беларусы гонару і годнасьці асуджаюць рэпрэсіўныя дзеяньні нелегітымнай улады. Хай ня думаюць рэжымныя выканаўцы, што ўвесь час будуць ашукваць беларускіх людзей. Перамены пачнуцца.
Выпускайце арыштаваных!
24 сакавіка 2018 года Зянон Пазьняк
дэпутат Вярхоўнага Савета
12-га скліканьня