Мінае 2017 год -- год містычных надзей і выпрабаваньняў. Мы (наша Партыя) пражылі гэты год не найгорш, з годнасьцю і з выніковай працай, асабліва, калі ўлічыць выпрабаваньні вясны і восені, зьвязаныя з пагрозамі з усходу. Мы прамінулі вельмі небясьпечны палітычны крызіс у нашай часцы Эўропы, калі навокал ужо голасна гаварылі пра небясьпеку вайны і акупацыі Беларусі. Зацішак, які ўсталяваўся, мае часовую прыроду. Падзеі (адкрытыя і схаваныя) сьведчыць пра глыбокія перамены, якія зрушыліся ў пасьляялцінскай рэчаіснасьці.
Гэтыя тэндэнцыі падкрэсьліваюць няпэўнасьць становішча Беларусі, з прычыны адсутнасьці яе самастойнай замежнай палітыкі і ўнутранага палітычнага паралічу грамадзтва, няздольнага прымаць выклікі акаляючага прапагандысцка-інфармацыйнага сьвету.
Ялцінскі падзел сьвету трымаўся на непарушнасьці межаў. Гэтая асноўная пазыцыя мірнага суіснаваньня была падмацаваная Заключным Актам Гэльсінскіх пагадненьняў 1975 года. Нават поўраспад Савецкага Саюза не парушыў гэты парадак, паколькі не падважваў асноўных прынцыпаў.
Перамены і дэстабілізацыю ялцінскага парадку пачала Расея. Захоп Крыма, акупацыя Данбаса і гібрыдная вайна супраць Украіны, павольна ўжо адчыніла скрынку Пандоры і пачвары распаўзаюцца пад гром фашысцкай рыторыкі “русского мира” і вэрсальскага лёзунга “ўставаньня з каленяў”. Нядаўна такі лёзунг зьявіўся ў Польшчы, прамаячыў у Венгрыі, адбіўся ў Сэрбіі. Нават заляцеў у Турцыю, хоць Турцыя ніколі на каленях не стаяла. У Польшчы зьявілася літаратура, якая стала называць гістарычную Польшчу “Польскай імпэрыяй”, хоць імпэрыяй Польшча ніколі не была. Наадварот, «Рэч Пасспалітая» (значыць «рэспубліка») можа лічыцца гістарычным гонарам палякаў.
“Уставаньне з каленяў” – тыповы лёзунг шавінізма. Ім ніколі не карыстаўся нацыянальна-вызвольны рух, які змагаецца за свабоду, дэмакратыю і незалежнасьць. “Уставаць з каленяў” пачынаюць палітычныя сілы, арганізаваныя ў сістэму дзяржавы, калі ў грамадзкай сьвядомасьці ўзьнікае бацыла дамінацыі, гістарычнай абдзеленасьці і рэваншу. Чым гэта можа закончыцца, мы ведаем.
Дэманы 30-х, загнаныя пад зямлю, пасьля катастрофы 2-й Сусьветнай вайны, гатовыя выскачыць на паверхню. Каталізатарам распаду пасьляваеннага парадку зьяўляецца расейская агрэсія і вайна на Украіне. Усе кінуліся вырашаць свае новыя і застарэлыя праблемы, якія сталі першаснымі, а вайна ва Украіне – другаснай. Хоць у рэальнасьці першасным пытаньнем ёсьць якраз вайна на Украіне.
Тым ня менш мы назіраем, што Амэрыка робіць стаўку не на Украіну, а на Польшчу і на яе кансэрватыўны ўрад (уведзены значны кантынгент амэрыканскага войска ў Польшчу, пачалася пастаўка амэрыканскага звадкаванага газу, падпісаны велізарны кантракт на пастаўку найноўшай мадыфікацыі ракетных комплексаў “Пэтрыёт” і інш.). Пытаньне аб дапамозе зброяй Украіне павісла ў паветры. Некаторыя польскія дзеячы ў стане эйфарыі голасна мараць, што да 2030 года Польшча будзе мець чатырохсоттысячнае войска найлепшае ў сьвеце, якое ня толькі можа супроцьстаяць Расеі, але і перамагчы яе.
У Расеі, практычна, не рэагуюць на польскую рыторыку і рэчаіснасьць. І гэта зразумела. Галоўнае – Украіна. Расейская дыпляматыя, якая мае стоадсоткавае станоўчае сальда ў дачыненьнях з польскай палітыкай, выдатна ўсьведамляе, што амэрыканская стаўка на Польшчу (асабліва пры дапамозе рускай агентуры) прывядзе калі не да развалу, дык да глыбокага крызісу Эўразьвязу, што апраўдае і вельмі дапаможа агрэсіўным прэтэнзіям Расеі нанова падзяліць пасьляялцінскі сьвет.
Зьявы, пра якія я тут кажу, існуюць і пасьлядоўна рухаюцца. Усё гэта ніяк не абміне Беларусь, хоць, фактычна, яна цяпер нібы збоку і знаходзіцца ў палітычнай прастрацыі, але ў рэальнасьці існуе ў геаграфічным цэнтры чужых падспудных інтарэсаў, якія ўжо амаль вырваліся на паверхню.
Рэальна ў Польшчы відаць зьмены да лепшага, разьвіваецца прадпрымальніцтва, стабілізавалася сацыяльная сфэра, неяк ўсё паспакайнела, зьявілася больш нармальнасьці, стала менш бессаромнасьці у тэлебачаньні, ідзе жорсткая і эфэктыўная барацьба з карупцыяй, абаронена польская сям“я (не дазволена адбіраць дзяцей за правіны бацькоў – гэтая пляга левалібэральнага рэпрэсіяніэму), павялічылася сацыяльная падтрымка, малазабясьпечаных людзей, ёсьць ажыўленьне ў прамысловасьці і інш.
Непрыхільнасьць левага Брусэля да польскай палітыкі і, галоўнае, пагроза міру з боку Расеі спарадзілі тым часам у польскім жыцьці ня толькі патрыятычныя рушаньні, але скрайнія шавіністычныя тэндэнцыі і выступы, якія быццам бы спалі ў новай рэчаіснасьці.
Дачыненьні беларускага грамадзтва з Польшчай цяпер налепшыя ў гісторыі (маю на ўвазе грамадзтва, але не рэжым Лукашэнкі). Адносіныі станоўчыя з абодвух бакоў. Тым часам, калі польскае грамадзтва ня здолее кантраляваць шавіністычную рэанімацыю былой паражэнскай палітыкі (якую лічаць маргіналізмам), вынік будзе такі ж, як і ў 30-х гадах, -- беларускае грамадзтва зноў стане азірацца на Маскву. Што гэта будзе азначаць для Беларусі і для Польшчы, можна нават не казаць.
Утвараюцца харытатыўныя групы і арганізацыі дабраахвотнікаў у Польшчы, каб дапамагаць «касьцёлу на Ўсходзе» ды старым людзям і хворым католікам у Беларусі. Добрыя высакародныя сацыяльныя ініцыятывы. Слухаю па радыё пра іхнюю дапамаговую хрысьціянскую дзейнасьць. Шмат пачуцьцяў. «Якія гэта «крэсы»! -- гучаць галасы дабраахвотніц. -- Там была Польшча. Там павінна быць Польшча!» « І якраз дзеля гэтага трэба працаваць на ўсходзе», -- чуецца барытон валанцёра.
На каталіцкім радыё ў гэты час выявілі прадказальніцу-манашку, якая яшчэ 200 гадоў таму прадказала веліч Польшчы, якая аб“яднае ўсе народы і будзе кіраваць усёй Эўропай. Людзі з усяго сьвету будуць лічыць за шчасьце супрацоўнічаць з Польшчай, каб навучыцца культуры. (Не сказана толькі пра лішнюю храмасому, ды «скрэпы», а так усё, як там, вядома дзе.)
Такое ўражаньне, што ўзьнікла нейкае спажыўнае асяроддзе, ў якім маргінальныя дэманы мінуласьці заварушыліся. Яны ўжо ўмудрыліся дзе-нідзе папсаваць дачыненьні. Але ніхто не ўспрымае тое ўсур“ёз.
Вельмі балюча непакоіць нас становішча ва Украіне. Уражаньне, што ўкраінскі народ трапіў у палон алігархату, карумпаванай бюракратыі і расейскай агентуры. Палітычная сцэна Украіны беспэрспэктыўная і стракатая. Улічваючы становішча і мэнтальнасьць грамадзтва, вывесьці краіну з балота мог бы хіба што Міхэіл Саакашвілі, які дзейнічае на мяжы авантурызму, але лагічна, рэальна і граматна ў той сітуацыі і ў тым асяроддзі. Саакашвілі выключная асоба і самы яркі, станоўчы і выніковы палітык 21-га стагоддзя. Калі ўкраінцы падтрымаюць яго, там можа зьявіцца сьвятло ў канцы тунэля. Калі не падтрымаюць, Саакашвілі можа чакаць лёс Гамсахурдыі, Чантурыі ды Чарнавола. Ягоныя ворагі – гэта азлобленыя няўдачамі пачвары рэжыму трох краінаў, якія валодаюць магутнымі рэсурсамі і здольныя на ўсё. Наша беларуская будучыня і становішча Эўропы шмат у чым залежыць ад таго ці пераможа Україна ў вайне з Расеяй, ці ўладкуе сваю дзяржаву, ці верне Крым і Данбас.
Цяпер аб нашых партыйных пытаньнях і задачах. Вельмі важнай лічу тэматыку нацыянальнай адукацыі ў рэчышчы Народнай праграмы “Вольная Беларусь”. Канкрэтна гэтым ужо займаецца адзін з распрацоўшчыкаў праграмы Сяргей Пятровіч Папкоў. Мяркую, што сюды будуць падключаны новыя людзі. Вельмі важна, каб хутчэй запрацавала інтэрнэт-старонка “Вольная Беларусь”. Яшчэ раз зьвяртаю на гэта ўвагу. Нягледзячы на цяжкі стан грамадзтва, трэба будзе працаваць над стварэньнем групаў падтрымкі “Вольная Беларусь”. Акрамя нашай Партыі, арганізаваць гэтую ініцыятыву няма каму. Мусім брацца.
У 2018 годзе спаўняецца 100 гадоў аб’яўленьня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Будзе сьвяткавацца як “100 гадоў БНР”. Некалі, у пачатку нулявых гадоў, мы рэгулярна праводзілі грамадзка-навуковыя канфэрэнцыі, прысьвечаныя стварэньню Беларускай Народнай Рэспублікі. На сярэдзіну сакавіка 2018 года нам пажадана падрыхтаваць і правесьці канфэрэнцыю “100 гадоў БНР”. Гэта ў нашых сілах. Варта прыняць рашэньне на Сойме і адразу прыступіць да падрыхтоўкі (даклады, удзельнікі, сродкі, месца правядзеньня і г.д.)
Другая, мая прапанова будзе залежыць ня толькі ад нас. Але трэба пачаць дзейнічаць. Справа ідзе аб устаноўцы памятнага знака (каменя з надпісам) у памяць стагоддзя БНР. Гэта мусіць быць вячысты знак і вечны напамін. Па гэтым пытаньні я разам са старшынём Беларускай Нацыяналльнай Памяці Анатолем Міхнаўцом ўжо ездзіў у Беласток з прапановай устанавіць такі знак у Беластоку. Там ужо існуе аргкамітэт і пытаньне будзе вырашацца. Таксама я зьвязваўся зь Вільняй (з ТБК), каб гэтую ідэю ажыцьцявіць там. Пытаньне складанае, але магчымасьць ёсьць.
Што датычыць Менска, то галоўная праблема будзе ў тым, каб атрымаць згоду Мінгарвыканкама і Мінкультуры. Толькі тады можна будзе рэальна працаваць. Гарадзкога месца нам рэжым ня дасьць. Адна з магчымасьцяў – цьвінтар Чырвонага Касьцёла (вельмі харошае і прэстыжнае месца). Але ўсяроўна мусіць быць дазвол уладаў. Інакш ні ксёндз Завальнюк, ні біскуп Кандрусевіч не адважацца.
На першы погляд гэтая справа здаецца вельмі цяжкай і некаторыя сябры Партыі засумняваліся ці варта брацца. Мяркую, што варта. Самае складанае – гэта атрымаць згоду ўладаў. Калі згода будзе, тады робіцца добрая інфармацыя і вядуцца перамовы з прадпрыймальнікамі-фундатарамі (тут невялікая сума – пару тысячаў даляраў). Заказаць каменны знак можна ў адпаведнай фірме. Яна за грошы ўсё зробіць. У прынцыпе гэта справа Управы Сойму. Але ў сувязі зь вялікім юбілеем прасіў бы сябраў Сойму падтрымаць гэтыя пляны. Будзе добра і ганарова, калі мы тое зробім.
Жыве Беларусь!
Зянон ПАЗЬНЯК
10 сьнежань 2017