Паважаныя сябры Сойму БНФ і Партыі БНФ, вітаю вас у Бацькаўшчыне, зычу мужнасьці і трываньня ў барацьбе за вольную Беларусь! Гэты наш Сойм адбываецца напярэдадні чарговага Зьезду Фронту і Партыі БНФ. У такіх цяжкіх умовах наш Фронт быў толькі ў 1988-89 гг., калі сілы савецкай маскоўшчыны і цемры атачалі нас, як зграя сабак. Але тады пачынаўся ўздым грамадзтва, пульсавала надзея, людзі збаўляліся ад страху, і шэрагі супраціўленцаў павялічваліся з кожным днём. Цяпер гвалтоўна йдзе ўганяньне ў страх. Адбываецца сьцісканьне пружыны. Таму – ня боймася! Не паддаваймася на правакацыі, не рабем непатрэбнасьці і бразгатаньня, але рыхтуйма мужна і працаўніча зваротны грамадзкі рух. А ён наступіць. Будзе беларуская рэвалюцыя за волю і нацыянальную свабоду Беларусі і ніякія цёмныя сілы не стрымаюць яе.
Прыгледземся разважна – чым жа ворагі сьвятла хочуць зьнішчыць наш Беларускі вольны рух? – Вяртаньнем сталінскага збочанага заканадаўства. Яны думаюць, што, вярнуўшы энкавэдзісцкі 58-мы артыкул у Крымінальны Кодэкс, яны гэтым вернуць сталінскую мінуласьць і будуць зноў пад гукі маршаў хапаць нашых лепшых людзей, а рэшта будзе здрадліва іх прадаваць. Што ж, няхай паспрабуюць. Ня станем іх расчароўваць. Крэмль шукае сабе магілу. Ён знойдзе яе ў Беларусі.
Крамлёўцы скарысталі страх Лукашэнкі перад выбарамі і рыхтуюць квазіпраўную падставу для рэпрэсіяў у Беларусі. Вось сутнасьць гэтага палітычнага бурбанізму. Лёс пуцінскага гэбізму ў Расеі вырашаецца цяпер у Беларусі. Масква баіцца нават непрадбачанага, каб ня страціць Лукашэнкі і не выпусьціць пятлі з шыі Беларусі. (Мы абрэжам гэтую вяроўку разам з маскоўскай рукой).
Аднак цяпер мы мусім улічыць задумкі крамлёўцаў і скарэктаваць свае словы, дзеяньні і паводзіны. Палітыка спрашчаецца. Нас заганяюць у падзямельле. Але зразумейма, што ва ўмовах акупацыйнай дыктатуры, грамадзкага задушэньня і адсутнасьці свабоды падземная праца дае большыя магчымасьці і, як не парадаксальна, – больш свабоды ў барацьбе.
Афёру з “адзіным кандыдатам” (ад вядома каго), як я пераконваюся, афіцыйна падтрымлівае толькі “свабодка” (і, зразумела, Масква з Брусэлем) ды, відаць, некаторыя слухачы, інфармаваныя “свабодкай”. Тым ня менш мілінкевічы-калякіны ўжо цяпер робяць шмат шкоды, збаламуціўшы актыўных людзей і частку моладзі. Нам, аднак, тут трэба рабіць толькі пазытыўную працу, пагрунтаваную на Беларускай Салідарнасьці і не марнаваць цяпер на іх свой час. Іх усяроўна будуць трымаць на паплаўку, бо бязь іх лукашызм ня выжыве. Функцыя іхняя вядомая і зразумелая.
З апошніх падзеяў на Беларусі зьвяртаю вашу ўвагу на раскол Саюза беларускіх пісьменьнікаў і стварэньне прарэжымнага аналягу пісьменьніцкага саюзу. Тактыка гэбізму тая ж і добра вядомая. Гэтае дзеяньне накіраванае на ліквідацыю Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і на зьнішчэньне беларускай літаратуры. Гэта подлы і разбуральны акт агульнага этнацыду
Зянон Пазьняк
11 сьнежня 2005 г