(Чэрвеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)
Першым чынам дазвольце ўсім Вам сардэчна падзякаваць за актыўны ўдзел сяброў Фронту і ўсёй нашай Партыі ў адзначэньні 20-й гадавіны адкрыцьця Курапатаў – трагічнай падзеі і сакральнага месца нашай цяжкай гісторыі. Беларускія Адраджэнцы зноў, у каторы раз, уратавалі гонар беларусаў. Бо, заўважце: некаторыя людзі, якія жывучы ў Беларусі, бясконца зьневажаюць нашу змагарную гісторыю Фронта, замест таго, каб ушанаваць памяць Курапатаў, арганізавалі ў гэты час у Варшаве прыдуманую канфэрэнцыю па абсалютна пустой і надуманай тэме. Усё, каб скарыстаць гранцік, пабалбатаць аб выбарах ды правах бесталковага чалавека. Курапацкая трагедыя для іх – толькі рыторыка. Ведаем мы гэтых арганізатараў і спонсараў “тырычэлевай пустаты” і чаму гэта робіцца ў гэты час. Але мы бачым, што ўсё, што робіцца добрага ў змаганьні на Беларусі, — робіцца бязь іх.
Мы павінны распачаць ужо нашу працу па няўдзелу людзей у восеньскіх выбарах. Становішча ўжо даўно такое, што выбаршчыкі, галасуючы, абсалютна ня ў стане ўплываць на вынікі выбараў. Грамадзтва адлучанае ад выбарчай сістэмы. Адзінае, чаго ня можа пракантраляваць рэжым – гэта байкоту. Мы мусім усьведаміць, што байкот – гэта барацьба з палітычнай сістэмай (гэта ня проста выбарчая акцыя). За часы сталінізму непрыход на выбары разглядаўся як антысавецкі дэмарш і караўся. Мы бачым таксама, што адзінае, чаго баіцца рэжым, арганізуючы выбарчы спэктакль, — гэта байкоту. Яны баяцца стаць статыстамі пагарэлага тэатру, калі на відовішча ня прыйдзе глядач. Гэтую іхную боязь яны адлюстравалі нават у сваім заканадаўстве.
Неабходна ўлічваць, што вельмі шмат людзей ня вераць у справядлівыя вынікі выбараў і ў тое, што нешта залежыць ад іхнага галасаваньня. Але калі ня будзе ніякой прапаганды байкоту, ніякага растлумачэньня і ніякой сілы, на якую яны маглі б ня тое што абаперціся, але хоць бы спаслацца, калі нічога такога ня будзе, — то яны пойдуць на выбары проста ад страху, ад дэзарыентацыі. Урэшце іх загоняць на галасаваньне. Таму праца неабходная.
17 чэрвеня 2008
Зянон Пазьняк