НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ЯДНАЙМАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ, СУПРАЦЬ ПАЛІТЫКІ АКУПАЦЫІ Й ПАЛІТЫКІ ЗДРАДЫ (Заява)

ЯДНАЙМАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ, СУПРАЦЬ ПАЛІТЫКІ АКУПАЦЫІ Й ПАЛІТЫКІ ЗДРАДЫ (Заява)

14 ліпеня 2000 г. газэта “Народная Воля” надрукавала зварот да А. Лукашэнкі фракцыяў Дзярждумы Расейскай Фэдэрацыі. Пра гэты дакумант кіраўнік “аб’яднанай апазыцыі” і старшыня АГП А. Лябедзька яшчэ ў чэрвені 2000 г. інфармаваў сябраў Кансультатыўнага Савету апазыцыйных партыяў і выдаваў у якасьці дасягненьняў удзел АГП і яго асабіста ў “круглым стале” разам з расейскімі партыямі блёку “правых сілаў”. Як пісала “Народная Воля” 22 чэрвеня 2000 г.: “Основной целью “круглого стола”, по мнению председателя ОГП А. Лебедько, стала “необходимость разработки правого взгляда на белорусско-российские отношения”. …Заседание “круглого стола” завершилось заключительным словом А. Лебедько, который высказал удовлетворение прошедшим обменом мнений.”

13 ліпеня 2000 г. прадстаўнік АГП паведаміў па радыё “Свабода”, што кіраўніцтва АГП падрыхтавала тэкст звароту да Лукашэнкі й прапанавала яго на подпіс фракцым Расейскай Дзяржаўнай Думы.

І вось мы пазнаёміліся з гэтым зваротам і з “правым взглядом на белорусско-российские отношения” і, як зноў ацаніў гэты зварот А. Лябедзька, з “очень мощным политическим документом”. (“Белорусская Газета”, — 2000, 17 ліпеня )

Падпісанты звароту цынічна, з нахабнай імпэрскай упэўненасьцю пішуць: “Мы придаём большое значение развитию отношений между нашими государствами и усилению интеграционных процессов. В этой связи следует нам с двух сторон убирать всё то, что мешает этой исторической перспективе.”

З тэксту звароту вынікае, што падпісанты прызнаюць “Палату Представителей Национального собрания Беларуси” якую не прызнае законнай большасць грамадзянаў Беларусі й цывілізаваны сьвет.

Сярод падпісантаў вядомыя непрыяцелі Беларусі, беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці: Я. Прымакоў, Н. Харытонаў, Г. Райкоў, Б. Грызлоў, сын Ул. Жырыноўскага, І. Лебедзеў ды іншыя. Іхная расейска-імпэрская пазыцыя зразумелая, таму яны й просяць Лукашэнку “убирать всё то”, што перашкаджае іхнай “исторической перспективе”, а гэта значыць яшчэ мацней заціснуць і фактычна зьнішчыць Беларускі Вызвольны рух.

Расейскія вялікадзяржаўнікі зацікаўленыя, каб адбыліся любыя парляманцкія выбары ў Беларусі, каб зьмяніць сытуацыю, легалізаваць рэжым Лукашэнкі й хутчэй аформіць інкарпарацыю Беларусі ў Расею, з апірышчам на легітымнасьць новай “выбранай палаты”. Таму такія прафэсіяналы-кагэбісты, як Прымакоў, патрабуючы “прыняць” з дарогі “ўсё тое, што перашкаджае” інтэграцыі, гатовыя падпісаць усялякае (і на самай справе — пустое) патрабаваньне пра дэмакратычныя выбары ў Беларусі.

Іншая справа погляды “аб’яднанай апазыцыі”, у якой верхаводзяць кіраўнікі АГП, і пазыцыя самых кіраўнікоў АГП. У барацьбе за ўладу, супраць асабіста Лукашэнкі, (паколькі ён іх пакрыўдзіў, калі выкінуў са сваіх структураў), яны праводзяць тую самую палітыку што й рэжым Лукашэнкі — наладжваюць хаўрусы з ворагамі Беларусі й гатовыя за ўладу прадаць Беларусь яшчэ больш танна чым Лукашэнка. Незалежнасьць Беларусі, беларуская мова й культура для іх толькі рыторыка, спосаб ашукаць беларусаў.

Мы зьвяртаем увагу на тое, што зварот кіраўнікоў фракцыяў Расейскай Дзярждумы ўтрымлівае ў сабе грубы агрэсіўны выпад супраць беларускіх незалежніцкіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў і зьяўляецца фактычна пагрозай нам з боку палітыкаў чужой дзяржавы.

Мы рашуча заяўляем пратэст супраць альянсаў “аб’яднанай апазыцыі” з імпэрска-“дэмакратычнымі” коламі Расеі, якія нясуць ня меншую небясьпеку для Беларусі, чым рэжым Лукашэнкі. Нам сталі зразумелымі дзеяньні “аб’яднанай апазыцыі”, якая ладзіць маршы напярэдадні традыцыйных нацыянальных акцыяў, іхная пазыцыя адносна Ўсебеларускага Зьезду 29 ліпеня 2000 г. Гэта ёсць вынікі хаўрусу “аб’яднанай апазыцыі” з расейскімі імпэрскімі “дэмакратамі”.

Мы ёсць Беларускі Вызвольны Рух — Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, Партыя БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ), якія ў 1990–91-м гадах дамагліся незалежнасьці Беларусі. Пакуль у грудзях нашых бьецца сэрца, мы баранілі й будзем бараніць Незалежнасьць Беларусі й не дапусьцім інкарпарацыі ды “інтэграцыі” нашай краіны ў Расейскую посткамуністычную імпэрыю.

Мы не дазволім, каб Беларускі Вызвольны Рух разбуралі “з двух бакоў” (“убирали”) спадары з Расейскай Дзярждумы й далучаная да іх каланіяльная “аб’яднаная апазыцыя”.

Няма прынцыповай розніцы паміж мэтамі лукашэнкаўскага рэжыму й мэтамі групы “аб’яднанай каланіяльнай апазыцыі”. Гэта ня ёсьць альтэрнатыва Лукашэнку. Гэта адна й тая каманда, свае людзі, якія перагрызьліся ва ўладзе й цяпер ня любяць адзін аднаго. Тыя, што апынуліся за бартом, сталі “дэмакратамі” і змагаюцца, каб адпомсьціць былым саўдзельнікам ды вярнуцца ва ўладу, зноў на сьпіне ашуканага беларускага народу.

Хопіць! Цяпер ужо гэта ня пройдзе! Ня будуць ізноў беларусы галасаваць за здраднікаў і прамаскоўскіх папулістаў.

Мы заклікаем беларусаў супраціўляцца палітыцы маскоўскай акупацыі Беларусі й палітыцы нацыянальнай здрады. Мы, беларусы, мусім зразумець, што толькі мы самыя можам вырашыць свой нацыянальны лёс. Ён у нашых руках. Мы — беларусы —ёсьць рэальная альтэрнатыва акупацыйнаму антыбеларускаму рэжыму ў Беларусі. Яднаймася ў Беларускі Вызвольны Рух! Змагаймася — і пераможам!

Заява абмеркаваная 16.07.2000 г. на паседжаньні Паліткамітэту Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ у Варшаве й прынятая кіраўніцтвам Партыі БНФ.

19 ліпеня 2000 г.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

Юры Беленькі
Выконваючы абавязкі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ у Беларусі

Дадаць у: