(З выступу на Сойме КХП – БНФ 14 красавіка 2013 г.)
Жыцьцё паказала, што змаганьне з цемрай ня ёсьць простым, калі за ёй стаіць геапалітычны інтэрас, які сьцьвярджаецца сродкамі сучаснай акупацыйнай вайны. Складанасьць у тым, што бальшыня людзей, кінутая ў гэтую вайну, не разумее, што адбываецца, бо грамадзтва адлучана ад улады, багацьця і інфармацыі. Цемра спраўляе баль. І гэта ня проста словы.
Для беларускага палітычнага Адраджэньня ў гэтых абставінах важна мець дакладныя арыентыры і каштоўнасьці, дзе мэта ніколі не замяняецца кампрамісам, а прыярытэтам зьяўляецца дзяржаўная незалежнасьць, нацыянальная культура і свабода чалавека. Усё астатняе вытворнае (гэта значыць: эканоміка, дабрабыт, сацыяльныя дачыненьні, творчая і працоўная дзейнасьць і г.д.).
У змаганьні з антыбеларускім акупацыйным рэжымам для адраджэнскай партыі важна выклікаць да жыцьця беларускія нацыянальныя групы супраціўленьня. І другая важная задача: ствараць асяроддзе падтрымкі, усталяваць нацыянальны грунт у грамадзтве, на які можна абаперціся ў змаганьні. Сродкам для дасягненьня зьяўляецца нацыянальна-культурная асьвета і нацыянальна-палітычная дзейнасьць. Без усталяваньня гэтых дзьвюх зьяваў у грамадзтве (палітычных групаў і асяроддзя падтрымкі) зьмяніць і ліквідаваць акупацыйную ўладу немагчыма.
Гэта ёсьць якраз наш шлях. Перамены высьпяваюць вельмі павольна. Але яны высьпяваюць. Прытым, што важна, -- у галовах людзей. Выразнасьць мэты (паўтаруся) павінна быць нашым асаблівым клопатам. Бо мэта дыктуе сродкі. Мы бачым, напрыклад, людзей, якія ў слоўных выразах і ў расейскай мове зьнішчальна, бязьлітасна і злосна крытыкуюць, як яны называюць, “белорусский режим”, “белорусскую власть”, “белорусского диктатора”, “белорусский омон”, “дурную страну” і г.д.
Такая зьява добра вядомая ў палітыцы (мы назіралі яе і ў змаганьні з камунізмам). Прарасейскія шавіністычныя дэмакраты ў нянавісьць да дыктатуры Лукашэнкі ўкладваюць адначасна і нянавісьць да нацыянальнай Беларусі, да нашай беларускай краіны. Філіпікамі супраць “белорусского диктатора” яны размахіваюць, як сьцягам сваёй дэмакратыі. Але капніце іх глыбей – аб беларускай мове, аб расейскім імпэрыялізме, аб расейскім бальшавіцкім генацыдзе – і вылезе такое валасатае імпэрскае маскоўскае мурло, “чудзішчэ обло огромно, стозевно і лаяй”.
У палітычнай пазыцыі ня можа быць недагаворак. Усё павінна быць выказана, ясна, зразумела і дакладна. З гэтага гледзішча тэрміналогія ёсьць люстэркам, адбіткам палітычнага думаньня (ці бяздумнасьці адначасна).
Мне шмат разоў, даўно і ўвесь час прыходзілася пісаць пра тэрміналогію і пазыцыю ў палітыцы. Прыходзілася асабіста размаўляць з рознымі палітыкамі, палітыкамі-паэтамі, палітыканамі-журналістамі. Прыходзілася казаць, што антыбеларускі рэжым, падтрыманы Масквой, які праводзіць тыпова акупацыйную антыкультурную, антыбеларускую палітыку, зьнішчае беларускую мову і беларускія каштоўнасьці ня можа называцца “беларускім”. Гэта прыдумка ворагаў беларушчыны, каб прынізіць наш народ і нашую краіну, накласьці на народ кляймо чужароднага маразму і выдаваць гэта за сутнасьць нацыі. Я расказваў пра Асвенцым-Аўшвіц, пра міжнародныя скандалы па неадэкватнай тэрміналогіі.
І што ж? Гэтыя асобы, літаральна ўсе (!) як казалі так і кажуць, як пісалі так і пішуць: “белорусский режим”, “белорусские тюрьмы”. Для іх акупацыйны рэжым не антыбеларускі. Ён для іх “белорусскій”. Яны пішуць пра дзікасьці “беларускай улады” і г.д. Гэта фірменная тэрміналогія ўсёй квазіапазыцыі. Яны апантана топчуць сваю краіну і яе імя ў гразь. Літаральна ўся бюракратычная Эўропа паўтарае ўсьлед тое самае. Рытарычнае пытаньне: чаму яны ўсё гэта робяць? Наконт Эўропы і Расеі зразумела – гэта ў іхных інтарэсах. А гэтыя, нашыя, тутэйшыя чаму тым займаюцца? Ад дурноты? Сумняваюся. Гэта быў бы павярхоўны адказ.
Некалі палкоўнік ФСБ Аляксандр Літвіненка, калі даведаўся, што беларусы на плошчы замест нацыянальнага сьцяга махаюць джынсавымі порткамі і што Мілінкевіч вырабіў усім джынсавыя парцяначкі на шыю, -- быў уражаны настолькі, што назваў беларусаў “нацией болванов”. Рэжым, маўляў, топча іхны сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы сьцяг, а яны самы яго зьневажаюць, парцянкай махаюць.
Вось што абазначае для нармальных людзей ёрніцтва са сьвятымі рэчамі і бязглуздасьць у тэрміналогіі (але ці толькі бязглуздасьць?).
14-15 красавіка 2013 г. Зянон Пазьняк