НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЯШЧЭ РАЗ АБ ПРАФАНАЦЫІ "ПЕРАПІСУ"

ЯШЧЭ РАЗ АБ ПРАФАНАЦЫІ "ПЕРАПІСУ"

Так званы "перапіс" насельніцтва Беларусі як палітычна-акупацыйнае мерапрыемства рэжыму працягваецца далей, але, як зьява, ўжо цалкам правалена. Тое, што вытварае рэжым зь перапісам, ніякім перапісам не зьяўляецца. Гэта напоўкрымінальны збор інфармацыі з падтасоўкай адказаў па асноўных пытаньнях і з абдурваньнем людзей.

Назіраючы за гэтым працэсам шальмаваньня народу, можна зразумець важную тэхналягічную неабходнасьць перапісу. Перапіс насельніцтва павінен адбывацца выключна на папяровых фармулярах шляхам апытаньня і запісаў, якія кантралюе і падпісвае апытаная асоба і апытальшчык. Такім чынам застаецца архіўны дакумант і аўтаматычна зьяўляецца кантроль людзей за перапісам.

Тое, што прыдумаў рэжым, -- гэта цынічны зьдзек над людзмі. Апытаньне заносіцца " фіксавальшчыкам" у "таблет" шляхам прыцісканьня пальчыкам, ці курсорам розных кнопачак. (Бальшыня людзей нават ня бачыць, што там атрымалася). Але справа нават ня ў гэтым. Магнітную інфармацыю, занесеную ў таблет, потым можна зьмяніць як заўгодна, было б жаданьне і ўменьне. Можна таксама ліквідаваць увесь запіс і цалкам перапісаць фармуляр. Таблет у перапісе -- гэта шулерства.

Дакумэнтальна мае значэньне і паддаецца кантролю толькі тое, што запісана на доўгатрывалым матэрыяле.

Дарэчы (іншая тэма), тут я закранаю аснову асноваў фіксаваньня чалавечай гісторыі. Элекрамагнітная інфармацыйная цывілізацыя можа абваліцца за адзін дзень, з усімі сваімі "гугламі". Патопу не спатрэбіцца. Вавілонскую вежу награмазьдзілі настолькі, што яна ўжо можа абваліцца сама пад цяжкасьцю сваёй канструкцыі.

Пішыце кнігі, спадары. Друкуйце газэты. Напісанае -- застанецца.

23 кастрычнік 2019 г.                                              Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: