Пра байкот антыбеларускай улады, пра яе псэўдавыбары, пра кансалідацыю грамадзтва супраць антынацыянальнага рэжыму мы кажам ужо доўгі час (і змагаемся за гэта амаль 15 гадоў).
Пачынаючы з 2008 году (пачатак сусьветнага фінансавага крызісу і напад Расеі на Грузію) выявіліся масавыя вынікі нашай фронтаўскай палітыкі – людзі ў большасьці перасталі хадзіць на выбары (наведваньне – у межах 30-40 адсоткаў). Гэта сталася найперш наступствам расчараваньня і абурэньня людзей прымусам і фальсіфікацыямі галасаваньня. Але тут зроблены першы стыхійны крок. Наступны крок байкоту – кансалідацыя супраць рэжыму і стварэньне паралельнага існаваньня. Гэты крок расьцягнуўся надоўга (аж да сёньня), бо ў рэальнасьці – наша грамадзтва сьпее разам з падзеямі.
Другой прычынай затарможанасьці пераменаў ёсьць шкодніцкая палітыка Захаду (падтрымка апазыцыйнай “халявы”) і меры рэжыму супраць байкоту (заканадаўчыя і рэпрэсіўныя).
Такім чынам у квазі-апазыцыі адбыўся раскол. Больш здаровыя сілы падтрымліваюць байкот. Частка, арыентаваная на заходнюю “халяву” і зьвязаная з структурамі і флюідамі рэжыму, агітуе за ўдзел у рэжымным спэктаклі “выбараў”.
У гэтай часцы «квазі» існуюць таксама два падыходы. Адзін – адкрыта халяўны і халуйскі з фактычным падтрыманьнем рэжыму і з дэмагогіяй пра Лукашэнку як “абаронцу” суверэнітэту, якога, маўляў, трэба падтрымліваць у ягоных сварках з Масквой. І другі падыход – наіўна правінцыйны, з патрыятычным перакананьнем, што нацыянальныя сілы павінны ўдзельнічаць у выбарах, каб засьведчыць людзям пра сваё існаваньне і даносіць да іх свае думкі і праўду, скарыстаўшы выбарчую агітацыю.
Тут цяжка сказаць, ці людзі прыкідваюцца, ці шчыра вераць у тое, што кажуць і, адпаведна, выбудоўваюць патрыятычную логіку. Але аб’ектыўна, па сутнасьці такой пазыцыі і яе наступстваў – гэта патрыятычны канфармізм, бо дае рэжыму магчымасьць правесьці бачнасьць выбараў з нібыта дэмакратычным напаўненьнем і працягваць сваю ўладу да бясконцасьці.
У палітычным сэнсе такая пазыцыя ёсьць адмаўленьнем ад рэальнай барацьбы і падыгрываньнем рэжыму. Незаконнай ўладзе такая пазыцыя не пагражае, бо выйграць фальшывыя выбары немагчыма.
Што датычыць “данясеньня да народа думак”, то думкі трэба даносіць задоўга да выбараў. На выбарах ужо змагаюцца за ўладу, а выбаршчыкі павінны выбраць сваіх прадстаўнікоў ва ўладу, а не выслухоўваць думкі “гаваруноў” і памылкова меркаваць, што яны ўдзельнічаюць у выбарах, а не ў прафанацыі выбараў.
Прапановай выслухоўваць «думкі» хочуць заманіць людзей на выбарчыя ўчасткі, каб іх скарыстала машына фальсіфікацыі, а рэжым выставіў сябе дэмакратычным, “белым і пушыстым”, за якога, маўляў, прагаласавала 87 адсоткаў выбаршчыкаў. Вось палітычны вынік патрыятычнага канфармізму. Такі ж самы, што ў халуёў і ў “халявы”.
Выбарчыя ўчасткі мусяць быць пустымі. Хай рэжым гуляе ў “выбары” сам з сабой. Хай сабе хлусіць (як Пуцін пра вайну) пра “ўсенародную падтрымку”. Але выбарчыя ўчасткі мусяць быць пустымі, і ўсе гэта ўбачаць. Пазбаўленьне фармальнай падтрымкі для фальшывых выбараў з боку людзей мае вялікае значэньне ў барацьбе з рэжымам.
Наша фронтаўская пазыцыя байкоту накіравана на адрыў народа ад падтрымкі антынароднага рэжыму, на адрыў людзей ад страху і нацэлена на рэвалюцыю супраць рэжыму, на стварэньне антырэжымнай народнай сілы. Толькі так (гэта значыць – барацьбой) можна ліквідаваць гэты антыбеларускі акупацыйны рэжым, а ня бавіцца ў іхныя “выбары” і “рэфэрэндумы” для нявольнікаў. Першы крок – ня ўдзельнічаць у рэжымных мерапрыемствах і фальшывых выбарах, не падтрымліваць антыбеларускую акупацыйную палітыку.
Другі крок – робім сваё. Без рэжыма робім беларускае сваё! Гэта дасьць вынікі. Грамадзтва пераменіцца. Яно ўжо пачало мяняцца. Нельга сядаць з антынацыянальным «рэжымам» за адзін стол, бо скарыстаюць, ашукаюць, выплюнуць і абвінавацяць. Нельга братацца з нягоднікамі і здрадай. Рыхтуймася да абароны Айчыны ад акупацыйнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі і ад ваеннай акупацыі Масквы, якая ўжо пачалася супраць Украіны. Рыхтуймася. Нашы ворагі рыхтаваліся 20 гадоў і цяпер адкрыта гавораць пра акупацыю ды расчляненьне Беларусі (дакладней таго, што ад яе засталося, бо амаль палова нашай беларускай тэрыторыі існуе за межамі дзяржавы і найбольш у Расеі). Апошні гэбоўска-лубянскі выбарчы спэктакль Лукашэнкі мусіў бы быць правалены, а яго ўлада зьмецена з твару краіны.
17 сакавіка 2015 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня КХП – БНФ
і БНФ «Адраджэньне»