Мы лічым, што праводзіць акцыі прысягі Бацькаўшчыне-Беларусі і пратэсты супраць расейскіх вайсковых вучэньняў "Захад-2017", якія груба парушаюць суверэнітэт Беларусі, трэба па ўсёй краіне і ў розных месцах (і ня толькі 8-га верасьня, але і потым).
Зьбіраць ўсіх у адно месца ў Менску (прытым дрэнна забясьпечанае з праўнага боку) -- ня лепшы варыянт (ужо былі падзеі 2010 года з тымі ж выканаўцамі і ў падобным выкананьні). Для таго, каб запабегчы ўплыву правакатараў і рабіць агульную справу, патрэбны шырокі фронт па ўсёй краіне. Абсяг і накірунак дзейнасьці паказала сёлетняя вясна
Мы нікога не крытыкуем за выказваньне розных поглядаў, калі людзі яднаюцца па адной пазыцыі -- абарона суверэнітэту і незалежнасьці Беларусі. Гэтак жа як і на Асамблею патрыятычных дэмакратычных сілаў мы запрашаем на Дзень Беларускай Вайсковай славы ўзьняць свой голас усіх грамадзян Беларусі, якія занепакоены лёсам Айчыны і ўваходжаньнем расейскага войска на тэрыторыю нашай краіны.
Мы сур’ёзна ацэньваем становішча, якое склалася, заклікаем да салідарнасьці, да рабленьня патрэбнай супольнай справы дзеля волі і незалежнасьці Бацькаўшчыны.
8 верасьня ў 18 гадзін у Менску у Кіеўскім скверы на бульвары Шаўчэнкі адбудзецца сьвяточны сход і мітынг пратэсту супраць інвазіі расейскага войска, будзе зачытана змагарная прысяга Пабрацімаў і прынята грамадзянская прысяга на вернасьць Беларусі па ўжо надрукаваным тэксце, агучаным Уладзімерам Някляевым.
Паўтараем публікацыю тэкста гэтай прысягі зь невялікімі ўдакладненьнямі.
Я ... дзеля Бога і Беларусі:
клянуся змагацца за свабоду і незалежнасць Беларусі;
клянуся берагчы Беларусь у сэрцы маім, абараняць яе ад любога,
адкуль бы ён ні прыйшоў, ворага;
клянуся быць верным Беларусі і ніколі не здрадзіць маіх сяброў,
якія змагаюцца за вольную Радзіму.
Слава Айчыне!
Жыве Беларусь!
6 верасень 2017 г.