НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ЗА НОВЫЯ ВЫБАРЫ! ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ!

ЗА НОВЫЯ ВЫБАРЫ! ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ!

Дарагія Беларусы! Дарагія землякі!

Гэта былі ня выбары, а нахабнае, у каторы раз, ашуканства народа.

Нельга дапускацца, каб нам плявалі ў твар. Нельга дазволіць, каб тапталі наш чалавечы гонар. Будучыня Беларусі наперадзе, а не ў калгаснай савецкай яме!

Наша будучыня вырастае цяпер, на Цэнтральнай плошчы Менска, дзе маладыя беларусы ахвяраваліся і стаяць за вольную Бацькаўшчыну, за справядлівасьць, за новыя выбары Беларускага Прэзыдэнта.

Часам перамога вызначаецца ня колькасьцю, а вытрымкай, дакладнасьцю і арганізаванасьцю. Менавіта гэтак у 1991 годзе нам, дэпутатам Апазыціі БНФ, якія складалі няпоўных 10 адсоткаў у Вярхоўным Савеце, але дзейнічалі рашуча, удалося, пры падтрымцы людзей на плошчы, спыніць дзейнасьць КПСС у Беларусі і вярнуць незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Зьвяртаюся да ўсіх беларускіх людзей, у каго б’ецца сэрца за нашу Айчыну. Падымаймася! Падтрымаем нашу моладзь! Усе на плошчу! Хопіць паранойнага хамства! Хопіць афіцыяльнага публічнага абзываньня людзей “дэбіламі”, “падонкамі”, “адмарозкамі”! Хопіць таптаньня нашай мовы, нашага сьвятога Сьцяга, нашага Францыска Скарыны ў гразь! Ня могуць прымітыўныя групы грамадзтва кіраваць культурнай нацыяй.

Падымаймася! Зьвяртаюся да ўсіх сяброў адзінага Беларускага Народнага Фронту – на Плошчу! Трэба згуртавацца ўсім, настае час; толькі разам адваюем будучыню і свабоду. Рашаючае слова павінен сказаць салідарны народ. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ падтрымлівае моладзь на Плошчы і разам выходзіць на менскі брук.

Няхай лунае над намі “Магутны Божа”! Мусяць быць новыя выбары. Павінен быць беларускі прэзыдэнт. Была і будзе вольная Беларусь!

21 сакавіка 2006 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: