НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

“ЗА СВАЮ ЗЯМЛЮ РОДНУЮ”

“ЗА СВАЮ ЗЯМЛЮ РОДНУЮ”

(Выступ на лютаўскім Сойме КХП-БНФ

і БНФ “Адраджэньне”)

 

            1-га лютага 1863 года, 150 гадоў таму, пачалося паўстаньне супраць Расеі ў Беларусі-Літве, а 2-га лютага споўнілася 175 гадоў з Дня народзінаў кіраўніка паўстаньня і вялікага сына Беларусі Кастуся Каліноўскага. Гэта выбітныя юбілейныя даты вялікай падзеі і вялікага чалавека. Сёньня мы ўрачыста адзначаем гістарычны юбілей паўстаньня ў нас на Сойме і ва ўсёй нашай адраджэнскай  народнай  Партыі.

            Паўстаньне Каліноўскага ўзьняло над галовамі беларусаў нацыянальную ідэю і пазначыла межы нашай Айчыны, волі і незалежнасьці беларускай крывёй.

            Дзеля таго, каб мы ў 1991 годзе, упершыню за 200 гадоў акупацыі дамагліся незалежнасьці Беларусі, патрэбна было паўстаньне Каліноўскага. Такая ёсьць гістарычная праўда змаганьня за волю.

            Усе наступныя пакаленьні, што вырастаюць над неадпомшчанай магілай Кастуся і ягоных паплечнікаў застаюцца ў даўгу перад героямі, бо да гэтага часу не пазначаны межы і воля крывёй чужаніц, заборцаў, наездцаў, акупантаў.

            І шмат хто гэта ўжо зразумеў. Калі ў аднаго беларуса спыталі, чаму цяпер так баіцца Каліноўскага ўся гэтая прамаскоўская рэжымная чэрнь, ён сказаў: “Баіцца Паўстаньня”. І гэта праўда. Бойцеся і дрыжыце! Каліноўцы вернуцца. Вернуцца нават з магіл.

Успышка гэбоўскай гёбельсаўшчыны супраць Каліноўскага ў гэты час невыпадковая (прытым ў паталагічных формах нянавісьці). Масква рыхтуецца да афармленьня Эўразійскага Саюзу ў 2015 годзе, у выніку якога Беларусь (па задуме) павінна страціць дзяржаўную незалежнасьць (дзеля гэтага Масква і прыдумала афёру з ЭўраАзіяСаюзам). Акупанты асьцерагаюцца, што напамін пра Каліноўскага можа кансалідаваць Беларусаў на абарону незалежнасьці радыкальным чынам. І тады ім не ўдасца акалпачыць людзей, акупацыйная хунта пасыпецца. Рыхтуймася да 2015 года. Рыхтуймася да барацьбы.

 

            Аналізуючы ход і вынікі паўстаньня Каліноўскага, прыходзім да высновы, што ў яго барацьбе была моцная і грунтоўная падстава для перамогі. Гэтая падстава – ідэя ўсенароднай барацьбы. Каліноўскі і паплечнікі разумелі, што з адной шляхтай арду не пераможаш. Перамагчы можна толькі ўсім народам, усенароднай барацьбой з царызмам.

            Паўстанцы мусілі б мець поўную і паўсюдную падтрымку насельніцтва. Каліноўскі якраз і рабіў стаўку на народ (сялянаў і шляхту), дэкляраваў вяртаньне сялянам усёй зямлі бяз выкупу, а прыгнятальнікі (тыя, хто крыўдзіў сялян-дзяцюкоў) павінны былі быць пакараныя, згодна закону і палажэньня, адлюстраванага ў Маніфэсце Віленскага кіраўніцтва паўстаньнем.

            Гэта правільная на той час, разумная канцэпцыя барацьбы, разьлічаная на перамогу.

 

            З пункту гледжаньня фармальнага аналізу галоўная прычына паражэньня паўстаньня Каліноўскага – прынцыповыя рознасьць пазыцыяў паміж Варшавай і Вільняй (што да мэтаў і мэтадаў барацьбы). Канцэпцыя Варшавы была накіравана на паражэньне. Яна была заганнай ад пачатку ў самой сваёй аснове. Варшаўскае кіраўніцтва рабіла стаўку на шляхту і абшарнікаў, мэтай паўстаньня лічылі аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, асноўным палітычным клопатам лічыла забесьпячэньне дамінацыі Варшавы (Польшчы) перад Беларусяй-Літвой у паўстанцкіх дзеяньнях. Фактычна, сам ўдзел палякаў у агульным паўстаньні з такім архаічным палітычным багажом і падвойным стандартам (падпарадкаваць Літву-Беларусь) гарантаваў яго паражэньне.

            Паўтарылася бесталковая матрыца паводзін, як і ў паўстаньні Андрэя Касьцюшкі, калі Варшава рабіла ўсё, каб не ўмацаваўся Якуб Ясінскі (паплечнік Касьцюшкі), каб Вільня не здамінавала паўстаньне і не ўзяла справу барацьбы ў свае крэпкія рукі. Нават у беларускім фальклёры адлюстравана гэтая ненармальнасьць (“Пагнаў бы Касьцюшка Маскву, але паны не далі”).

            Паўстаньне ў Варшаве пачалося 22 студзеня 1863 г. без узгадненьня зь Вільняй і цэнтрам падрыхтоўкі паўстаньня ў Беларусі-Літве (факт нядобры і заганны ў барацьбе). Падрыхтоўка паўстаньня тут была яшчэ не завершана, але, адпаведна ацаніўшы сытуацыю, якую стварыла Варшава, віленскае кіраўніцтва распачало паўстаньне 1-га лютага. Літоўскі Правінцыйны Камітэт (ЛПК) быў рэарганізаваны ў Часовы Правінцыйны Урад Літвы (ЧУЛ) на чале з Кастусём Каліноўскім.

Адразу асноўным клопатам Варшаўскага Часовага ўраду стала задача ліквідаваць Урад на чале з Каліноўскім. Гэта ўдалося. 11 сакавіка ЧУ з Варшавы адхіліў ад улады Часовы Урад Літвы-Беларусі і перадаў уладу віленскаму камітэту “белых” (г. зн. па-праваршаўску настроеным палякам), які стаў называцца “Аддзелам кіраўніцтва Правінцыямі Літвы”. “Аддзел” распаўсюдзіў дэкрэт аб скасаваньні ўсіх мандатаў і паўнамоцтваў ЛПК. Сам “Аддзел” паўстаў у выніку змовы групоўкі “белых” з камісарам Варшаўскага ўраду. Прытым стваральнікі белага “Аддзелу” у Вільні прыгразілі каліноўцам, што калі яны не падпарадкуюцца Вашаве і “Аддзелу”, то белыя раскрыюць у друку іхныя сапраўдныя прозьвішчы (гэта значыць рассакрэцяць паўстанцкія псэўданімы (!).

            Каліноўскі як чалавек не па гадах мудры падпарадкаваўся, абцяжарыўшы белых за ўсе правалы паўстаньня, якія наступяць у выніку такіх паводзінаў. Сам жа (будучы паўстанцкім камісарам Горадзеншчыны) паехаў на Горадзеншчыну ствараць атрады і кіраваць паўстаньнем. Менавіта ў гэты час Каліноўскі сказаў, што “такой дурной мазгаўні, як Варшава, нельга даручаць лёс Літвы-Беларусі”. На Горадзеншчыне Каліноўскі стварыў моцную паўстанцкую сілу. Дзьве траціны паўстанцаў там складалі сяляне.

            Белая камэдыя скончылася ў канцы траўня, калі верхавіну іх у Вільні арыштавалі расейцы. Пасьля гэтага ў “Аддзел” прышлі Каліноўскі з паплечнікамі.

            У ліпені 1863 года адышлі ад паўстаньня (здрадзілі) абшарнікі (у асноўным, палякі). Тады ў склад Віленскага Правінцыйнага Камітэту (ЛПК) вярнуўся Каліноўскі і ўзначаліў яго, а 22 жніўня прыняў паўнамоцтвы Камісара Варшаўскага ўраду ў Вільні. У руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся ўлада паўстанцкай арганізацыі ў Літве-Беларусі.

            Але пераламаць ход падзеяў ужо не ўдалося. Здрадніцкія справы белых падарвалі сілу і веру людзей у паўстаньне. Барацьба пайшла на ўбытак. Каліноўскі ў гэтых умовах пачаў зноў назапашваць паўстанцкія сілы, каб з новай энэргіяй выступіць вясной.

 

            Становішча, як бачым, ад пачатку было фатальным. Розьніца ў ідэйна-палітычным асэнсаваньні мэтаў і задачаў паўстаньня паміж Варшавай і Вільняй сягала амаль ў сто гадоў. Адсталая ў гэтым сэнсе Варшава засталася ў XVIII-м стагоддзі, бачачы мэту паўстаньня толькі ў аднаўленьні Рэчы Паспалітай у межах 1772 года (што ў прынцыпе ўжо было немагчыма, нягледзячы на высокі польскі патрыятызм, патрэбны былі новыя моцныя ідэі). Комплекс нязбытнага, нерэалізаванага шляхецкага імпэрыялізму сыграў дрэнную службу варшаўскім змагарам за незалежнасьць ад Расеі. На кантыненце працягвалася “Вясна народаў”, перадавая стваральная Эўропа ўжо даўно думала па-другому, змагалася з імпэрыялізмам, гуртаваліся нацыі, распаўсюджваліся дэмакратычныя ідэі, узвысілася роля і значэньне простых людзей (народа – па кваліфікацыі ХІХ ст.)

            На вяршыні гэтых ідэй і знаходзіўся Кастусь Каліноўскі. За Каліноўскім і паплечнікамі было рэальнае разуменьне ня толькі сучаснасьці, але і ўсьведамленьне нацыянальна-дэмакратычнай будучыні народаў Рэчы Паспалітай. Пазыцыя каліноўцаў была такая: незалежнасьць, дэмакратычная рэспубліка, зямля сялянам, самавызначэньне народаў. Рухаючая сіла паўстаньня – увесь народ.

            Калі б, скажам, уявіць, што каліноўцы перамаглі б і паўстаньне завяршылася б паразай Масквы, то не было б ніякай Рэчы Паспалітай. Існавала б асобная Польшча і асобная Літва-Беларусь, дзе Жмудзь, магчыма (калі б захацела), мела шырокую аўтаномію і свой парлямант у Каўнасе.

            Рэальнасьць жа праяўлялася як гістарычная наканаванасьць, бо не магла Польшча і Літва-Беларусь на той час паасобна змагацца за волю супраць  Расеі. Матрыцай гэтаму адзінству служыла Рэч Паспалітая і агульны вораг з Усходу, перамагчы якога тым часам было немагчыма, змагаючыся адначасна паміж сабой.

            Гэтая гістарычная наканаванасьць (і закамплексаванасьць польскай палітыкі)  цягнулася да 1991 года, да часу здабыцьця незалежнасьці і ўтварэньня Рэспублікі Беларусь. На сёньняшні дзень шмат якія польскія эліты зразумелі ня толькі карыснасьць для Польшчы існаваньня незалежнай Беларусі на ўсходзе, але і тое, што вольная дэмакратычная Беларусь па прыродзе сытуацыі будзе натуральным саюзьнікам Польшчы ў дачыненьнях паміж Усходам і Захадам.

            Нас чакае яшчэ нялёгкая барацьба з імпэрыялізмам гэбісцкай Расеі і з ўладай яе сатрапіі ў Беларусі. Хай жа сонца Кастуся Каліноўскага асьвятляе нам шлях.

            Віншую Вас са 150-годдзем нацыянальнага паўстаньня, з 175-й гадавінай нараджэньня Кастуся Каліноўскага, зь юбілеем нашага нацыянальнага гонару!

 

            Сёньня мы пішам у гонар угодкаў паўстаньня агульнанацыянальную дыктоўку – “Ліст з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага.

            Сёньня ж мы запускаем у дзеяньне вельмі важную праграму “Глядзім у будучыню”, даклад па якой падрыхтаваў і распрацаваў спадар Сяргей Папкоў.

            Гэта праграма аб арганізацыі інтэлектуальнага разьвіцьця нацыі з апорай на родную мову.

            Лічу, што распрацоўка праграмы зроблена на высокім узроўні. Гэта адказ на вызваньне, якое стаіць перад беларускай нацыяй. Мяркую, што ўся Партыя павінна прыняць удзел у арганізацыі і ажыцьцяўленьні гэтай праграмы.

            Але, што самае істотнае, -- гэтая праграма ёсьць задача агульнаграмадзкага, агульнанацыянальнага кшталту. Толькі тады ёсьць сэнс і будзе вынік, калі такая праца стане агульнанароднай справай культурнага супраціўленьня этнацыду і палітыцы дэградацыі. Вельмі важна для Партыі запусьціць гэтую праграму, запачаткаваць як агульнаграмадзкую справу і ўдзельнічаць у ёй на роўных, не разглядаючы яе як толькі партыйную працу. Мэтодыку арганізацыі і дзеяньня трэба ўважліва распрацаваць. Плян арганізацыі, прадстаўлены сп. Папковым, падаецца мне рацыянальным і цалкам прыймальным.

            У 150-я ўгодкі Паўстаньня Кастуся Каліноўскага з Богам за працу!

 

3 лютага 2013 г.                                                                    Зянон ПАЗЬНЯК                

Дадаць у: