Пачалася лавіна эпідэміі ў Беларусі. У маленькіх Стоўпцах за ноч памірае па пяць чалавек, там сотні інфікаваных і захварэлых. Па ўсёй Беларусі хутка ўзьнікаюць новыя вогнівы каранавіруса. Назіраецца шырокае захворваньне медпэрсаналу з сьмяротнымі вынікамі. Афіцыйная фальшывая статыстыка на сёньня (23-04-2020) падае восем тысяч захварэлых і 60 памерлых. Параўнальны статыстычны аналіз паказвае, што рэальна гэтыя лічбы мусяць быць памножаныя ў 5-8 разоў (асабліва аб колькасьці памерлых).
Гэта толькі пачатак, які падрыхтавала беларусам існуючае кіраўніцтва краіны. Асаблівая сітуацыя ў тым, што вярхоўная аўтарытарная выканаўчая ўлада ў Беларусі (у асобе Лукашэнкі) сьведама, мэтанакіравана, сістэмна і пасьлядлоўна працуе на стварэньне максімальных умоваў для распаўсюджваньня эпідэміі і сьмерці людзей. Гэты накірунак падкрэсьліваецца цяпер у замежным друку, бо гэта найбольш уражвае заходняга жыхара, які ня мае адказу на прычыны такіх забойчых паводзінаў узурпатара ўлады ў Беларусі.
Лукашэнка працуе на зьнішчэньне нацыі -- такія высновы зьявіліся ўжо ў заходнім друку. Прычын злачынных "паводзінаў" ёсьць некалькі, але асноўныя дзьве: паталагічная фобія нянавісьці да беларусаў да беларускай нацыі, і другая -- хранічная хвароба мазаічнай псіхапатыі з зацыкленьнем на ўладзе над людзьмі.
Гэты разбуральны дыягназ паводзінаў Лукашэнкі функцыянуе ўжо 25 гадоў, але цяпер праявіўся больш зразумела для жыхароў, бо зьвязаны са здароўем і сьмерцю людзей. Груба, публічна і цынічна парушана асноўнае канстытуцыйнае права чалавека
-- права на жыцьцё. Гэта праявілася: -- у адмаўленьні эпідэміі, у адмаўленьні асноўнага сродку абароны ад эпідэміі -- сістэмы карантынаў;
-- у непрызнаньні сьмерці людзей ад эпідэміі (сцьвярджэньне, што ў Беларусі ніхто ад каранавіруса не памёр) і адначасна ў зьдзеку з памерлых людзей (якія, па словах узурпатара, самы вінаватыя, што памерлі, а медыкі самы вінаватыя, што захварэлі і г. д.);
-- у затойваньні і фальсіфікацыі статыстычных дадзеных пра эпідэмію;
-- у адмаўленьні насельніцтву ў засьцерагальных сродках ад хваробы (забарона ўжываньня масак у школах і інш.);
-- у мэтанакіраванай бязграматнай асабістай дэзінфармацыі людзей па абароне ад каранавіруса ("лазьня", "гарэлка", "цыбуля", "трактар", "хакей" і г. д.);
-- у стварэньні ўмоваў для масавай скучанасьці людзей (усеагульны суботнік, вайсковы парад, футбольны чэмпіянат, абавязковыя заняткі ў школах і інш.);
-- у супроцьдзеяньні захадам аб адмене масавых збораў людзей (нязгода з касьцельнымі і царкоўнымі кіраўнікамі, дэманстратыўная асабістая прысутнасьць у царкве на службе, рэплікі супраць абмежаваньняў збору вернікаў);
-- у патрабаваньні працягваць навучаньне дзяцей у школах
-- урэшце у адмаўленьні пандэміі, у называньні барацьбы ўсяго сьвету з пандэміяй "псіхозам" і сцьвярджэньнем, што "сьвет звар’яцеў".
Усе гэтыя дзеяньні Лукашэнкі выклікалі хуткае разьвіцьцё эпідэміі, захворваньне тысячаў людзей і сьмерць беларусаў.
Гэтакія дзеяньні кваліфікуюцца як злачынства супраць чалавецтва і, згодна з міжнароднымі вызначэньнямі Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў, зьяўляюцца генацыдам народа. Нагадаю дэфініцыю ААН: "генацыд -- гэта намеранае стварэньне для якой-небудзь групы такіх жыцьцёвых абставін, якія разьлічаны на поўнае альбо частковае фізічнае зьнішчэньне яе."
Фармальна існуе механізм, каб арыштаваць гэтага "адміністратара" і ўзбудзіць крымінальную справу. Але, практычна, механізм бязьдзейны, бо зьяўляецца часткай антынароднай сістэмы.
Беларускі народ апынуўся ў вельмі цяжкім стане. Каб затармазіць вал хваробы і сьмерцяў, трэба тэрмінова, любым спосабам, адхіліць узурпатара Лукашэнку ад улады. Гэта злачынец, забойца, які адкрыта выкарыстоўвае ўладу і эпідэмію для зьнішчэньня людзей і, фактычна, не хавае сваіх намераў.
Прытым гэта трэба зрабіць як найхутчэй. Народ апынуўся ў закладніках псіхічна неадэкватнай аўтарытарнай кіроўнай фігуры, якая жыве нянавісьцю. Ніхто ня ведае, як збавіцца ад забойцы, але збавіцца неабходна.
23 красавіка 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК