Калі памёр Быкаў, зьявілася адчуваньне, што памерла Беларуская літаратура. Але хутчэй за ўсё, гэта было толькі прадчуваньне, пакуль былі Барадулін і Бураўкін. Цяпер іх няма, і адчуваньне стала рэальным. Няма ўжо слупоў беларушчыны, няма на што абаперціся, пачуць слова бяз фальшу, бяз хітрасьці. Засталіся, вядома, людзі розныя, прыстойныя і таленавітыя, моцныя паэты. Але на паверхні, як мне здаецца, плавае безадказная актыўная грамада, эгацэнтрычная і самазакаханая, якая спаборнічае, хто больш брудна плюне ў Беларусь, хто больш цынічна зьняважыць памяць ахвярнай БНР, абплюе гонар вялікіх беларускіх Паэтаў і вялікіх людзей. Яны (некаторыя) пішуць яшчэ па-беларуску, але будучыні ў такой “беларускай літаратуры” ужо няма: на нянавісьці не вырастае мастацтва. Яны абсадзілі нешматлікія ўжо беларускія літаратурныя ініцыятывы. А гэта азначае, што калі будзе нешта расьці беларускае, чыстае, добрае, сьветлае, то толькі на ўзьбярэжжы, здалёк ад дрэннага паху, памятаючы, што літаратура гэта ёсьць вобразнае адлюстраваньне лёсаў чалавечых – лёсаў народных, выяўленых у харастве.
25 чэрвеня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК