НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗАЦЕМКІ ДЛЯ ДОБРЫХ СЯБРОЎ

ЗАЦЕМКІ ДЛЯ ДОБРЫХ СЯБРОЎ

Асаблівасьць таленту такая дзівосная, што, практычна, няма мяжы ягонай творчасьці і свабоды. Я цалкам веру і ведаю, што былі такія выпадкі, калі камічны актор будзе чытаць рэстараннае меню, а гледачы пакатваюцца ад сьмеху. І наадварот, геніяльны трагік гэтае меню можа прачытаць так (і такое было), што ўсе будуць плакаць.

У тэатры бывае вельмі часта, калі нікчэмную п’есу з прыдуманымі пэрсанажамі акторы могуць сыграць так, што спэктакль стане зьявай, і глядач ня стоміцца на яго хадзіць. Тэатр -- гэта актор.

Прыкладаў шмат. Бадай што тыповы для нашай рэчаіснасьці -- гэта спэктакаль "Лявоніха на арбіце" мала знанага цяпер драматурга савецкага часу А. Макаёнка. Да непрыстойнасьці каньюнктурная п’еса (напісаная ў часы кукурузнага гаспадараньня М. Хрушчова) з прыдуманымі нежыцьцёвымі схемамі, пэрсанажамі і дурнаватым сюжэтам.

Тым часам бліскучы акторскі ансамбаль (асабліва Г. Макарава, Б. Платонаў, З. Стома, А. Бараноўскі, М. Зінкевіч і інш.) зрабілі з гэтага капусьніка сапраўдны камэдыйны шэдэўр, які доўга не сыходзіў са сцэны, нягледзячы на сюжэтны абсурд, фальш і ідэалагічна-савецкую прыдуманасьць п’есы.

Найцяжэй бывае са стэрыатыпамі і шаблонамі, дзе нават таленту не прабіцца. Ды й брацца ўжо ніхто ня хоча. Ёсьць, напрыклад, такая, вядомая яшчэ з часоў Другой Сусьветнай вайны песьня пра каханьне "Бэсамэ муча" (Bésame Mucho). Хто толькі яе ні сьпяваў -- сотні вядомых выканаўцаў ва ўсім сьвеце. А ўжо ў рэстаранах за саветамі (дзе граў аркестар і былі танцы) гэтую мэлёдыю зацягалі так, што яна ўжо стала банальнай.

Просьценькія словы (якія мала хто разумеў) пра жаночае каханьне і галоўнае, вельмі характэрная пазнавальная мэлёдыя. Яна і зрабіла трыюмф гэтай песьні. У 60-х гадах я любіў паслухаць на кружэлцы, як яе выконваў ансамбаль "Лос-Панчос". Весела. Можна было падпяваць, падтанцоўваць. Адным словам, лёгкая музыка.

Зараз іншыя магчымасьці. У Сеціве можна праслухаць некалькі дзясяткаў выканаўцаў гэтай песьні. Ніхто не ўражвае. Прытым дрэннага густу -- напалову.

І вось,пасьля ўсіх набіўшых аскоміну шаблонаў, мне здарылася паслухаць, як яе выконвае Лаўра Энгель -- сьпявачка знакамітага аркестра Андрэ Р’ё. Тое, што я быў уражаны -- ня тое слова. Ашаломлены, як з банальшчыны можна зрабіць вакальны шэдэўр, прачулы і эмацыйны, як опэрная арыя. Вось ізноў жа, прыклад, што такое талент. Ён нам у звычайным сьвеце можа адчыніць такое, пра што мы ніколі не здагадваліся. Дарэчы, тут падаю лінк са сьпяваньнем Лаўры Энгель. Калі хто з сяброў ня ведаў, не зьбіраўся слухаць, думаю, таксама будзе зьдзіўлены.

Тым часам зьвяртаю ўвагу на талент самога Андрэ Р’ё. Ягоны аркестар быў створаны найперш для выкананьня музыкі Штрауса, каб адрадзіць у Эўропе традыцыі музычнай Вены. Потым з гэтага зрабіўся вялікі калектыў з вакалам і індывідуальнымі выканаўцамі. Іграюць класіку і лёгкую клясычную музыку. Выступаюць на плошчах эўрапейскіх гарадоў, на стадыёнах, зьбіраюць дзясяткі тысяч гледачоў, прыхільнікаў і слухачоў. Раю паслухаць, напрыклад, як яны выконваюць "Алелюя" Леанарда Коэна (і ўвесь народ сьпявае разам). Вось адрас:

Зацемка мая пра аркестар Р’ё ў тым, каб зьвярнуць увагу на саму зьяву ў культуры, на тысячы прачулых гледачоў. Трэба ўгледзіцца ў іх прасьветленыя абліччы, убачыць, як яны па-людзку радуюцца прыгожай музыцы, як шчыра плачуць ад узрушэньня, абымаюцца ад радасьці мастацтва, як слухаюць заварожана і падпяваюць на ўсіх мовах. Іх так шмат. Вось гэта тая культурная, сапраўдная Эўропа, якую мы трацім і ўжо амаль ня бачым за вэрхалам і
паскудзтвам лявацкага пустазвонства і сурагатнай музыкі, пабудаванай на антыэстэтыцы і штучным фанатызме. Вось гэта тая Эўропа культурных людзей, якая стварыла і Дантэ, і Штрауса, і Парсіваля. Яна яшчэ жыве, плача і сьмяецца. Вось тая Эўропа, якую варта паважаць і цаніць і якая, як мне здаецца, у загоне і паняверцы. Цяжка тое ўсё разумець. Але лепшае жыве.


4 лютага 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: