НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЗАЦЕМКІ ПА ХОДУ ВЫБАРЧАЙ ІНФАРМАЦЫІ

ЗАЦЕМКІ ПА ХОДУ ВЫБАРЧАЙ ІНФАРМАЦЫІ

Паглядзеў я жывы эфір прэсавай канфэрэнцыі групы так званай "апазыцыі" (пяць суб’ектаў), якія ідуць на прэзыдэнцкія выбары і будуцць праводзіць "праймэрыз" па вызначэньні адзінага кандыдыта. Такія спэктаклі ставяцца ўжо 20 гадоў, з таго часу калі нямецкая выведка (у асобе Ганса Віка) і КГБ стварылі ў Беларусі сваю так званую "дэмакратычную апазыцыю". Але ўпершыню я паглядзеў гэты спэктакль ужывую.

Першае, што зразумела -- гэта тое, што сістэма працуе спраўна і Лукашэнка можа не хвалявацца. Выбары пройдуць па стандартнай рэжымнай схеме і чарговы тэрмін узурпацыі ўлады яму забясьпечаны.

Другое, што я заўважыў, -- у гэтых асобаў, што сабраліся на "выбары" і якія тлумачаць свае паводзіны "праймэрыз», -- абсалютна няма сораму. У той час, калі грамадзтва наконт так званых рэжымных "выбараў" ужо даўно разабралася.

І трэцяе, што не было для мяне нечаканасьцю, але ўсяроўна непрыемна пацьвердзілася, -- гэта ўдзел Паўла Севярынца ў гэтай кампаніі. За апошнія месяц- паўтара Севярынец выгадна (і заслужана) выйшаў наверх у пратэстным палітычным змаганьні супраць аншлюсу і за незалежнасьць Беларусі. Замест таго, каб замацаваць пазыцыі і сьмела весьці наступальную палітыку на іншым узроўні, ён зноў уваліўся туды, адкуль выйшаў -- у гнілую лахань вікаўскай "апазыцыі", якая падтрымлівае рэжымныя "выбары" і ўвекавечвае рэжым Лукашэнкі.

На гэтым -- багна. Фініта. Будзе шмат кандыдатаў ад "апазыцыі" (для Захаду і "говправду" -- апазыцыя). І гэта пры тым, што ніводнай асобы, якая магла б стаць альтэрнатывай рэжыму і "адзіным кандыдатам", у гэтай багне няма.

Яны там яшчэ ў "праймэрыз" будуць бавіцца. Які ім у Беларусі "праймэрыз"! І слова такога ў беларускай мове не існуе. (Хіба што лексіку пад грошы падбіраюць).

Зьмены мусяць стацца тады, калі хаця б палова выбарцаў актыўна збайкатуюць фальшыфыя выбары ды закрычаць -- валіце прэч з вашымі "дурыбарамі"! Прэч Ярмошыну! Давай новую ЦВК! Прэч прадажных школьных настаўнікаў! Давай у выбарчыя камісіі людзей, а не школьных рабоў! Лукашэнка, хопіць! Дастаў! Прэч з выбараў! І г. д.

Так, мы, адраджэнцы, за гэта змагаемся ўвесь час. Усё ідзе павольна, бо вікаўская апазыцыя не зьнішчальная. Але пакуль у грамадзтве тое ня станецца, будуць "дурыбары" і лукашысцкі рэжым.

 

27-01-2020                                                                                        Зянон Пазьняк

Дадаць у: